Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 чэрвеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Завяршаецца акцыя Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны ў зборы подпісаў у падтрымку ідэі стварэньня Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Яны будуць перададзеныя ў аміністрацыю прэзыдэнта, ад якое, на думку кіраўніцтва ТБМ, залежыць – быць ці ня быць у Беларусі Нацыянальнаму ўнівэрсытэту. Менавіта таму Таварыства дамагаецца безпасярэдніх перамоваў у гэтым пытаньні з высокапастаўленымі чыноўнікамі.

ТБМ вырашыла не чакаць, пакуль сабраныя подпісы будуць падлічаныя ды падрыхтаваныя да перадачы ў адміністрацыю ды дамаглося пачатку перамоваў у пытаньні стварэньня Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Іхным пачаткам можна лічыць ўчорашнюю сустрэчу. Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў.

(Трусаў: ) "14 чэрвеня адбылася сустрэча з адным з кіраўнікоў адміністрацыі прэзыдэнта Іванам Пашкевічам у яго кабінэце наконт беларускамоўнай адукацыі. У першую чаргу гаворка ішла пра стварэньне беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэта, з канцэпцыяй якога добра азнаёміліся ў адміністрацыі прэзыдэнта. І паколькі там існуюць розныя думкі наконт унівэсытэта было вырашана працягваць сустрэчы ў справе ўнівэрсытэта, а таксама філіяў іншых унівэрсытэтаў у такіх гарадах, як Ліда, Пінск, Ворша і Бабруйск, паколькі там навогул адсутнічае беларускамоўная адукацыя",

– сказаў Алег Трусаў.

Філіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту й пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, якія, на думку спадара Трусава, могуць быць адчыненыя ў некаторых рэгіёнах ужо ў наступным навучальным годзе, аніякім чынам не паўплываюць на ідэю стварэньня Нацыянальнага ўнівэрсытэту. На што, магчыма, разьлічваюць некаторыя чыноўнікі. Ці не належыць да іх і ўчорашні суразмоўца ТБМаўцаў? Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "Мы лічым, што сустрэча з Пашкевічам ня ёсьць пачатак дыялёгу, аб якім так пафасна казаў прэзыдэнт Лукашэнка ў Палацы Рэспублікі, што толькі вось з сёньняшняга дня, мы спадзяемся, будучага дыялёгу аб беларускай мове ў нашай дзяржаве і беларускамоўнай вышэйшай адукацыі. Мы спадзяемся, што гэтыя сустрэчы з кіраўніцтвам беларускай дзяржавы будуць працягвацца, прынамсі, мы атрымалі такую ўпэўненасьць, што нас прымуць і іншыя ўплывовыя асобы",

– лічыць спадар Трусаў.

На сустрэчы з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Іванам Пашкевічам ТБМаўцы ўзьнялі таксама праблему беларускіх школаў у сталіцы краіны. Гаворыць адзін з сустаршыняў Менскага гарадзкога бацькоўскага камітэту беларускамоўных вучняў Ігар Хляба:

(Хляба: ) "Па-першае, мы паставілі пытаньне каб паскорыць стварэньне ў Савецкім раёне Менску беларускай гімназіі; па-другое, мы ставілі пытаньне, каб стварыць 60 пачатковых школаў, каб дзеці маглі пайсьці ў бліжэйшую з 4-5 тых, што знаходзяцца ў іх раёне; па-трэцяе, мы паставілі пытаньне, каб скарэктаваць у міністэрстве адукацыі лічбы пра максымальную напаўняльнасьць клясаў і зьменшыць іх для беларускамоўных клясаў з 25 да 15",

– сказаў Ігар Хляба.

Ён, як і спадар Трусаў, лічыць, што на ўчорашняй сустрэчы пакладзены пачатак далейшым перамовам з высокапастаўленымі чыноўнікамі, якія гатовыя зрабіць істотныя крокі ў выпраўленьні стану беларускамоўнай адукацыі ўжо ў наступным навучальным годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG