Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 траўня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня ў калегіі Гарадзенскага абласнога суда была разгледжаная касацыйная скарга Івана Спасюка, праваслаўнага сьвятара з пасёлка Пагранічны Бераставіцкага раёна. Ён адстойваў свае гонар і годнасьць у судзе Ленінскага раёнe горада. Але нічога не дамогся. Сёньня ягоная скарга была часткова задаволеная і справа накіроўваецца дзеля перагляду назад, у Ленінскі суд.

Абставіны справы выклала судзьдзя Тацяна Пігарава. Яны наступныя: Іван Спасюк даводзіў у Ленінскім судзе, што яго асабіста абразіў япіскап Арцемі, сьвецкае імя якога Аляксандар Цішчанка. А ў газэце "Гродненские епархиальные ведомости" за сьнежань мінулага года быў зьмешчаны супраць Спасюка артыкул, падпісаны епархіяльнай управай. У публікацыі сьцьвярджалася, што айцец Іван запляміў сябе, што ён нібыта падазраецца ў адмываньні грошай і супраць яго распачалі крымінальную справу.

У судзе, аднак, было даведзена, што Іван Спасюк выклікаўся ў міліцыю толькі ў якасьці сьведкі. А крымінальная справа неўзабаве была наогул спыненая. Бацюшка патрабаваў публічнага прабачэньня ад япіскапа, абвяржэньня ў газэце і штрафаў – 50 мільёнаў зь япіскапа і 70 – з рэдакцыі. Або зь епархіі, якая выдае "Ведомости". Суд усе гэтыя патрабаваньні адхіліў.

Трэба зазначыць, што канфлікт зь япіскапам набыў асаблівую вастрыню пасьля таго, як Іван Спасюк год назад выйшаў з-пад юрысдыкцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, далучыўшыся да Беларускай Народнай Праваслаўнай царквы. У абласным судзе прадстаўніца епархіі Ганна Бараноўская выказала нязгоду з касацыйнай скаргай. Маўляў, з боку япіскапа, эпархіі і газэты ўсё было зроблена слушна. Пасьля нарады судзьдзя Мікалай Дзічко зазначыў, што Ленінскім судом былі не зусім слушна зафіксаваныя ўсе працэсуальныя моманты. З гэтай прычыны рашэньне суда часткова касуецца. Гэта дачычыць спазыску адносна эпархіяльнай управы, якая адказная за публікацыю ў "Епархиальных ведомостях". Справа накіроўваецца на новы разгляд у той самы суд. Але разглядаць яе будзе ўжо іншы судзьдзя. Мінулым разам, дарэчы, судовы разбор ажыцьцявіў сам старшыня Ленінскага суда Іван Грышкевіч. Пераглядаць ягонае рашэньне будзе нехта зь ягоных падначаленых.

Судзьдзя Мікалай Дзічко зазначыў напрыканцы, што лепшым зыходам у гэтай справе для саміх судовых ворганаў было б прымірэнчае пагадненьне паміж бакамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG