Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Усьлед за Чэхіяй і Баўгарыяй скасавала бязьвізавы рэжым перасячэньня мяжы ў вадносінах зь Беларусьсю й Румынія. Беларускі ўрад, у сваю чаргу, зь першага траўня прыпыніў дзеяньне на тэрыторыі краіны пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў у рамках СНД.

Прэсавы сакаратар беларускага вонкапалітычнага ведамства Мікалай Барысевіч паведаміў сёньня, што беларускім грамадзянам пры паездках у Румынію візы спатрэбяцца ўжо зь першага чэрвеня гэтага году. Румынія дэнансавала двухбаковае румынска-беларускае пагадненьне ад 1993 году аб узаемных бязьвізавых паездках, спаслаўшыся перш за ўсё на праблемы зь нелегальнай міграцыяй.

Беларускі ўрад таксама занепакоены наплывам нелегалаў, якіх паводле афіцыйных падлікаў, штогод прыбывае каля ста тысячаў чалавек. Менавіта гэтая праблема стала прычынаю часовага выхаду Беларусі з Маскоўскага пагадненьня аб прызнаньні візаў у рамках СНД.

Зь 1 траўня летувісу або французу, які празь Беларусь едзе ў Расею ці Казахстан, давядзецца купляць беларускую транзытную візу, што дзейнічае 48 гадзінаў. Падобныя рашэньні, якія па-сутнасьці развальваюць агульную візавую прастору СНД, былі ўжо прынятыя Ўзбэкістанам, Казахстанам ды іншымі краінамі.

Няма сумневу, што такое рашэньне беларускага ўраду нэгатыўна адаб'ецца перш за ўсё на кантактах замежнікаў з Расейскай Фэдэрацыяй. Таму, як паведаміў Мікалай Барысевіч, цяпер вядзецца падрыхтоўка да падпісаньня двухбаковага расейска-беларускага пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў, якое павінна быць падпісана ў бліжэйшы час.

Прэсавы сакратар беларускага вонкапалітычнага ведамства Мікалай Барысевіч тасксама паведаміў, што прэм'ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын 12 красавіка павінен адбыць з рабочым візытам у Маскву, дзе будзе сустракацца з расейскім кіраўніком Пуціным , першым віцэ-прэм'ерам Касьянавым, мэрам Масквы Лужковым, кіраўніком "Газпрома" Вяхіравым.

Мікалай Барысевіч ня выключыў таксама, што ў бліжэйшы час Менск можа наведаць новаабраны расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG