Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Сёньня ў Сьветлагорску распачаўся суд над расейскім бізнэсоўцам Анатолем Селівончыкам. Справу разглядае старшыня суду Надзея Раманава

Абвінавачаньне ў злосным хуліганстве і супраціве міліцыі па артыкуле 203 ч.3 Крымінальнага Кодэксу падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Сяргей Кулажанка. Як паведаміла судзьдзя Раманава, справа Селівончыка складаная – але ня столькі з юрыдычнага пункту погляду…

(Раманава: ) "Складаная яна ў псыхалягічным пляне. Вось Селівончык прыехаў – і ўжо сядзіць крычыць. Вось і складанасьць… Крычыць, усім незадаволены. Паводзіць сябе вельмі непрыгожа, не як дарослы чалавек".

Не зьмяніў сваіх паводзінаў расейскі бізнэсовец і пасьля таго, як адкрылася судовае паседжаньне. Абражаў усіх: і суд, і пацярпелых, і нават адваката. Самы прыстойны выраз: "Алені вы бязрогія, душыць вас танкамі трэба!.."

З-за характару Селівончыка адмовілася абараняць вядомая сталічная адвакатка Вера Страмкоўская, таму суд з уласнай ініцыятывы прызначыў яму сьветлагорскую адвакатку Тамару Вінаградаву. Менавіта яна прысутнічала летась пры затрыманьні бізнэсоўца міліцыяй.

Летась у чэрвені Анатоль Селівончык на свае сродкі прывез у Сьветлагорскі раён з расейскага места Сургут ваенізаваны атрад "Беркут". 29 чэрвеня аматары патрыятычных гульняў з суседняй краіны захапілі вёску Мікалаеўку. Гэта была быццам баявая апэрацыя: з сыгнальнымі ракетамі, з аўтаматнымі чэргамі халастымі патронамі, выбуховымі пакетамі. Мужчын і жанчынаў білі прыкладамі, прыніжалі, вадзілі пад канвоем. Словам, расейскія "беркутаўцы" паводзілі сябе, як сапраўдныя захопнікі.

У выніку апэрацыі пацярпелі 19 жыхароў Мікалаеўкі – прынамсі, столькі значыцца ў крымінальнай справе. Сёньня на судзе давалі паказаньні першыя зь іх: Мікалай Біцюк, Ала Сахвон, Анатоль Русіновіч. Яны пацьвердзілі факі гвалту.

Адзначу, што з атрада ў 120 чалавек за падзеі таго дня перад судом паўстаў толькі адзін Селівончык. Ягоных падапечных праваахоўчыя ворганы вырашылі адпусьціць неўзабаве пасьля затрыманьня. Хутчэй за ўсё, таму, што была каманда не разьдзімаць канфлікт – не дасьледваць, як паводзяць сябе старэйшыя браты на беларускай тэрыторыі.

А Селівончык – ён хаця й расейскі бізнэсовец, але родам з суседняй з Мікалаеўкай вёскі Гамза. Такім чынам, канфлікт з міждзяржаўнага як бы вярнуўся на беларускую глебу. Зьмененае пракуратурай і першапачатковае абвінавачаньне Селівончыку: "Арганізацыя групавых дзеяньняў, што парушалі грамадзкі парадак". Цяпер яго судзяць за "злоснае хуліганства і супраціў міліцыі", хаця сам Селівончык мікалаеўцаў не зьбіваў.

Больш за тое, землякам ён у свой час купіў аўтобус. Вядома таксама, што жыхар Сургуту выдаткоўваў сродкі берасьцейскаму майстру Мікалаю Кузьмічу на выраб копіі крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Праўда, цяпер расейскі бізнэсовец беларускага паходжаньня гатовы, паводле ягоных словаў, сказаных на судзе, "таптаць усіх танкамі"…

Заўтра суд працягне апытаньне пацярпелых жыхароў Мікалаеўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG