Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1999 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеўская вобласьць

Чакаецца, што прыкладна 20 студзеня Магілеўскую вобласьць наведае Аляксандар Лукашэнка. Паводле папярэдняй інфармацыі, рыхтуецца вялікая рэспубліканская нарада ў пытаньнях сельскагаспадарчай вытворчасьці. Перад магілеўскім кіраўніцтвам паўстала праблема: што паказваць прэзыдэнту, на прыкладзе якіх раёнаў і гаспадарк дэманстраваць сваю дбайнасьць.

Шклоўскі раён у сувязі з падрыхтоўкай Дажынак-99, якія так і не адбыліся, атрымліваў вялікія грошы ня толькі на будаўніцтва і рамонт, але і для дасягненьня прыстойных паказчыкаў у сельскай гаспадарцы.
Таму ўчора прадстаўнікі магілеўскага аблвыканкаму наведалі два ня самыя дрэнныя калгасы – калгас імя Фрунзе і калгас імя Кірава – зь інспэкцыйнай праверкай. Яе вынікі засмуцілі ўсіх, асабліва віцэ-прэм'ера Беларусі і куратара Магілеўскай вобласьці Аляксандра Папкова, які ў рэшце рэшт сеў у машыну са словамі "вобласьць не гатовая да зімоўкі" і зьехаў дадому.

Пасьля гэтага кіраўнік вертыкалі Магілеўшчыны Міхаіл Дражын узяў у рукі мегафон і правёў сваіх падначаленых па месцах "бесхозяйственності". Ён пачаў зь іржавага мэталічнага лому ў дварох, які калісьці зваўся тэхнікай, і завяршыў бярозамі на даху фермы. Дарэчы, ён рабіў гэта шмат разоў у розных раёнах без наступных станоўчых вынікаў. І цяпер Дражын публічна ў самога сябе пытаўся: ці варта было марнаваць сілы і сродкі, калі нічога не мяняецца.

Дарэчы, незаплянаваны візыт у лепшы Шклоўскі раён выявіў, што станоўчых прыкладаў існаваньня калгаснага ладу няма, а вось посьпехі фермераў – ёсьць. Дастаткова завітаць у родны прэзыдэнту саўгас "Гарадзец", дзе фермер Бодак зь некалькімі людзьмі дэманструе парадак і павелічэньне ўсіх магчымых паказчыкаў вытворчасьці.

У сувязі з гэтым, старшыня выканкаму Магілеўскае вобласьці заявіў, што падтрымліваць трэба тых сялянаў, хто працуе, а ня тых, хто проста ходзіць на працу.

Калі Міхаіл Дражын меў на ўвазе калгасьнікаў, дык іх яшчэ трэба прымусіць хаця б хадзіць на працу. Кіраўнік аднаго з сельскіх раёнаў паскардзіўся ў кулюарах, што днямі ў гаспадарках выдалі заробак, а таму на працу ніхто ня ходзіць – народ прапівае атрыманыя грошы. На жаль, гэта не адзінкавы выпадак, але традыцыя айчыннай сельска-гаспадарчай вытворчасьці, дзе вынікі працы ніяк не адбіваюцца на дабрабыце саміх працаўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG