Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Надзвычайны выпадак здарыўся ў гарадзкім судзе Баранавічаў. Проста з залі судовых паседжаньняў "хуткая дапамога" забрала адвакатку Зою Гаўдзей, якая стала ахвяраю крытычных выпадаў судзьдзі.

У мінулую пятніцу адвакатка Зоя Гаўдзей, вядомая ў Баранавічах сваёй дзейнасьцю па абароне мяйсцовых апазыцыянэраў, удзельнічала ў адным з судовых працэсаў. Яе падабаронная, каб дакладна занатаваць тое, што гаворыць судзьдзя, карысталася ў ходзе паседжаньня дыктафонам. Гэта вельмі не спадабалася судзьдзі Тацяне Ружык, якая пачала крычаць і патрабавала спыніць аўдыёзапіс судовага працэсу.

Адвакат Гаўдзей нагадала судзьдзі, што карыстаньне дыктафонам у судзе не зьяўляецца парушэньнем заканадаўства, пасьля чаго судзьдзя йзноў на падвышаных танах працягвала ўшчуваць абаронцу.

Паводле словаў відавочцаў, спачатку судзьдзя Ружык абвінавачвала Зою Гаўдзей у непавазе да суду. Але даволі хутка Тацяна Ружык перайшла й да агульных абвінавачваньняў кшталту таго, што адвакатка падтрымлівае апазыцыю і абражае яе (судзьдзю) у мяйсцовых СМІ.

Справа ў тым, што Зоя Гаўдзей абараняе цяпер у судзе кіраўніка Баранавіцкае рады БНФ Мікалая Севярцава й лідэра мяйсцовай філіі "Маладога Фронту"Алеся Пікулу. А судзіць апазыцыянэраў, і аніяк ня можа вынесьці ім вырак, менавіта Тацяна Ружык. Рэпартажы з гэтых судовых працэсаў ды інтэрвію з Зояй Гаўдзей ня раз публікавала мяйсцовая незалежная газэта, што, відаць, вельмі не падабаецца судзьдзі…

І вось у пятніцу, Тацяна Ружык знайшла зручны момант каб даць выхад сваёй незадаволенасьці. Пад час гэтага больш чым эмацыйнага выступу судзьдзі спадарыні Гаўдзей стала кепска, і яна папрасіла Тацяну Ружык спыніць паседжаньне й выклікаць ёй "хуткую дапамогу".

На гэтую просьбу адвакаткі судзьдзя заявіла, што спыніць працэс толькі ў тым выпадку, калі Зоя Гаўдзей прадаставіць ёй даведку (!) аб дрэнным стане здароўя ад лекара.

Пасьля такой рэакцыі судзьдзі, праваабаронца была вымушана сама пакінуць працэс, а супрацоўніцы суду выклікалі ёй "хуткую дапамогу". Мэдычная брыгада прыбыла на мейсца даволі хутка, і лекары тут жа, у судовым габінэце пачалі аказваць адвакатцы неадкладную дапамогу.

Пад час гэтага ў пакой зайшла Тацяна Ружык, і пачала патрабаваць ад лекараў хутчэй закончыць свае справы й вызваліць памяшканьне. Кіраўніку брыгады "хуткае дапамогі" прыйшлося ледзь не сілаю выставіць судзьдзю за дзьверы.

Тым часам адвакатку Зою Гаўдзей даставілі ў шпіталь, дзе яна, паводле словаў лекараў, правядзе некалькі тыдняў.

Судзьдзя Тацяна Ружык у сваю чаргу гаворыць, што яна не вінаватая ў тым, што ў адвакаткі рэзка абвастрыўся ціск. Судзьдзя паведаміла нашаму радыё, што паводзіла сябе даволі карэктна, а Зоя Гаўдзей наадварот дазваляла сабе нетактоўныя выпады на яе адрэсу. Праўда, у чым заключалася нетактоўнасьць адвакаткі, судзьдзя Ружык паведаміць адмовілася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG