Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Судзьдзя Вера Тупік прызначыла судова-мэдычную экспэртызу стану здароўя дэпутата Андрэя Клімава, які быў зьбіты ў ізалятары за адмову зьявіцца на працэс. Агалошваючы гэтае рашэньне, судзьдзя ўзгадала меркаваньне супрацоўнікаў ізалятару, якія сьцьвярджаюць, што Андрэя Клімава ніхто не зьбіваў. Тым часам міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выказваюцца ў падтрымку мужнага дэпутата, якога перасьледуюць беларускія ўлады.

Сёньня працэс над Андрэям Клімавым быў зноў працягнуты толькі дзеля таго, каб судзьдзя Вера Тупік зачытала сваё рашэньне наконт прызначэньня судова-мэдычнай экспэртызы стану здароўя дэпутата.

Самаго Клімава ў судовую залу не прывезьлі. Безь яго было абвешчана, што экспэртызу трэбы завершыць да аўторка, 21 сьнежня, калі працэс павінен аднавіцца. Экспэртызу даручана зарганізаваць супрацоўнікам Рэспубліканскае пракуратуры, якая зараз спраўджвае заяву сваякоў Клімава з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу супраць тых, хто яго зьбіваў.

Абвяшчаючы гэтае рашэньне, судзьдзя Вера Тупік заўважыла, што дактары ізалятару на вуліцы Валадарскага і пракурор, які назірае за законнасьцю ў гэтай установе, ужо заявілі, быццам Клімава ніхто не зьбіваў, а да яго ўсяго толькі былі выкарыстаныя захады прымусовага ўзьдзеяньня, каб даставіць у суд, куды ён ехаць адмаўляўся.

Чаму ж у такім разе ў гэтай гісторыі не была пастаўленая кропка й цяпер сама ж судзьдзя Тупік, якая загадвала прымусова прывезьці Клімава ў суд, прызначае судова-мэдычную экспэртызу? Абарона Андрэя Клімава лічыць, што спрацаваў той вялікі рэзананс, які атрымала гісторыя са зьбіцьцём Клімава ў сьвеце.

Зьбітага, ледзь не ў непрытомным стане дэпутата бачылі журналісты, адвакаты, дапамогу яму аказвала маці, якая ўзгадвае жахлівыя падрабязьнасьці.

Маці й адвакатка дэпутата Ала Клімава кажа: "Адмахнуцца ад нашых паказаньняў немагчыма, на іхным тле цынічна выглядаюць сьцьвярджэньні супрацоўнікаў ізалятару, што Клімава ніхто не зьбіваў. Таму ўлады вырашылі пацягнуць час. Напэўна, яны спадзяюцца, што за час экспэртызы грамадзкасьць супакоіцца, нашае абурэньне зьнікне. Такога не здарыцца, мы будзем дамагацца пакараньня тых, хто зьдзекваўся над маім сынам", – сказала Ала Клімава.

Як стала вядома, ад 14 сьнежня заяву ў абарону дэпутата прыняла міжнародная арганізацыя Amnesty International, якая лічыць Клімава вязьнем сумленьня, арыштаваным за супраціўленьне незаконнаму роспуску беларускага парлямэнту Аляксандрам Лукашэнкам. У заяве адносна зьбіцьця дэпутата Клімава сказана, што "гэты факт груба парушае міжнародныя стандарты ў правох зьняволеных".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG