Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лістапада 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

На 14 мільёнаў беларускіх рублёў – 10 мінімальных заробкаў – аштрафаны сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна-96" Алесь Бяляцкі. Яго абвінавацілі ў вырабе й распаўсюджваньні незарэгістраванага праваабарончага бюлетэню "Права на волю". Суд прыняў рашэньне частку накладу бюлетэня зьнішчыць.

Бюлетэні "Права на волю" былі канфіскаваныя ў штаб-кватэры Праваабарончага цэнту "Вясна-96" 4 кастрычніка ў часе ператрусу, які несанкцыянавана правялі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУСу Менску.

Сутнасьць абвінавачваньняў, якія былі высунутыя да Алеся Бяляцкага пад час сёньняшняга судовага паседжаньня, зьвялася да таго, што колькасьць бюлетэняў пераўзыходзіла 299 паасобнікаў. Згодна з беларускім заканадаўствам, калі наклад складае больш як 300 асобнікаў, патрэбная рэгістрацыя пэрыядычнага выданьня ў Дзяржкамдруку.

Алесь Бяляцкі спрабаваў давесьці, што бюлетэні выдаюцца на трох мовах – беларускай, ангельскай ды расейскай – і назвы бюлетэняў на гэтых мовах, адпаведна, гучаць па-рознаму. "Таму нельга лічыць наклады розных выданьняў накладам аднаго бюлетэню", – заявіў Алесь Бяляцкі.

Акрамя таго, ён паведаміў, што ў часе ператрусу аніякага падліку колькасьці бюлетэняў не было – ўсе яны былі зьмешчаныя міліцыянтамі ў дзьве скрыні й дастаўленыя ў Цэнтральны аддзел міліцыі.

Судзьдзя Анатоль Барысёнак, які разглядаў справу, вырашыў не зьвяртаць увагі на гэтую аргумэнтацыю Бяляцкага й вынес максімальны паводле 171-га артыкулу прысуд – штраф памерам 10 мінімальных заробкаў (14 мільёнаў рублёў).

Акрамя таго, згодна з рашэньнем судзьдзі Барысёнка, два нумары беларускамоўнага бюлетэню і адзін нумар расейскамоўнага (наклад якіх пераўзыходзіў 299 асобнікаў) павінны быць зьнішчаныя. Камэнтуючы гэтае рашэньне Алесь Бяляцкі заявіў нашаму радыё:

(Бяляцкі: ) "Я лічу, што тут адбыўся такі ўнікальны выпадак, калі правабарончае выданьне ўпершыню ў нашай гісторыі будзе зьнішчанае, будзе спаленае. Сымбалічна, можна сказаць, што гэтае вогнішча, якое будзе заўтра запаленае з нашых бюлетэняў, яно ў нечым перагукаецца з тымі вогнішчамі, якія палілі і сталіністы, і фашысты ў пад час свайго панаваньня".

(Карэспандэнт: ) "У часе ператрусу 4 кастрычніка была таксама канфіскаваная тэхніка, якая належыць амбасадзе Злучаных Штатаў.
Які лёс канфіскаванай тэхнікі?"

(Бяляцкі: ) "Перамовы пра яе вяртаньне вядуцца, яшчэ канчаткова яе лёс ня вырашаны, але мы спадзяемся, што яна будзе нам вернутая".

Заявіў старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна-96" Алесь Бяляцкі.

Нагадаю, што на гэтым тыдні Алесь Бяляцкі ўжо не аднойчы выклікаўся ў суд у якасьці аднаго з арганізатараў "Маршу Свабоды" 17 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG