Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 лістапада 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня ў Менску распачала працу Міжнародная канфэрэнцыя "Правы чалавека: становішча й пэрспэктывы", якую зарганізавалі Міжнародная Гэльсынская фэдэрацыя й Беларускі Гэльсынскі камітэт, а таксама праграма разьвіцьця TACIS. Каля сотні праваабаронцаў цягам двух дзён абмяркоўваюць сытуацыю з захаваньнем правоў чалавека, што склалася ў Беларусі. Сярод іншых у працы канфэрэнцыі ўдзельнічае выканаўчы дырэктар Міжнароднае Гэльсынскае фэдэрацыі Ааран Роўдз.

Ааран Роўдз кажа, што час ад часу Міжнародную Гэльсынскую фэдэрацыю абвінавачваюць у тым, што ейныя справаздачы пра становішча з выкананьнем правоў чалавека, а таксама высновы, што робяцца ў справаздачах, носяць жорсткі, безапеляцыйны характар. Улады некаторых краінаў называюць пазыцыю, якую займае арганізацыя, недыпляматычнай.

Насамрэч Міжнародная Гэльсынская фэдэрацыя імкнецца прыцягнуць увагу да парушэньняў правоў чалавека. Паводле спадара Роўдза, арганізацыя дамагаецца, каб праблема захаваньня правоў чалавека набыла статус міжнароднай.

Ааран Роўдз распавядае, якія чынам можна дасягнуць гэтага: "Мы зьбіраліся зрабіць сёньняшнюю сустрэчу дыялёгам з афіцыйнымі асобамі. Хочам працягваць наш дыялёг з уладамі Беларусі адносна праблемы парушэньня правоў чалавека. Нават калі афацыйны бок, як гэта робяць улады Беларусі, ня будзе згодны з тым, што праблемы ў галіне выкананьня правоў чалавека йснуюць і што размаўляць пра гэта неабходна. Усё адно, мы будзем працягваць дыялёг".

(Карэспандэнт: ) "Канфэрэнцыя, у якой вы берацё ўдзел, называецца "Правы чалавека: становішча й пэрспэктывы". Размова йдзе галоўным чынам пра сёньняшнюю сытуацыю. На ваш погляд, якія пэрспэктывы мае Беларусь у галіне правоў чалавека?"

(Роўдз: ) "Мы не займаемся прадказаньнямі, бо гэта ня наша сфэра, але можна дакладна сказаць, што будзе далей. Дзеля паляпшэньня становішча неабходныя некаторыя ўмовы. Як мінімум, правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў. А для гэтага неабходны аднолькавы доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Таксама неабходна йснаваньне незалежных ворганаў, якія маглі б назіраць за хадою выбарчае кампаніі. Трэба, каб існавала свабода выказваньняў і сходаў. Цяпер аніводнай з гэтых умоваў у Беларусі няма. Таму можна прадказаць, што выбары, калі б яны ні адбыліся ў Беларусі, ня будуць справядлівымі".

(Карэспандэнт: ) "Улады Беларусі хочуць увесьці інстытут уваўнаваажанага па правах чалавека. Скажыце, спадар Роўдз, ці будзе гэта спрыяць паляпшэньню сітуацыі з выкананнем правоў чалавека?"

(Роўдз: ) "З большага, гэта залежыць ад таго, хто будзе прызначаны на пасаду ўпаўнаважанага ў правох чалавека, а таксама, у якіх юрыдычных умовах яму прыйдзецца працаваць. У новых незалежных дзяржавах увялі інстытут упаўнаважанага ў правох чалавека. Шмат дзе ён не выконвае сваіх непасрэдных функцыяў. Досьвед увядзеньня пасады ўпаўнаважанага не зьяўляецца станоўчым, таму што ўлады могуць аказваць палітычны ўплыў на яго. У гэтым разе грамадзяне могуць ня верыць такому ўпаўнаважанаму, паколькі іхныя скаргі ня разглядаюцца справядлівым чынам. Зь іншага боку, у аўтарытарных краінах упаўнаважаны ў правох чалавека выкарыстоўваецца ўладамі дзеля таго, каб паказаць, што яны клапоцяцца пра выкананьне правоў чалавека".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Роўдз, вашая арганізацыя схільная да дыялёгу з уладамі Беларусі. Наколькі плённым можа быць такое супрацоўніцтва, калі ўлічыць, што вышэйшыя афіцыйныя асобы краіны неаднаразова абвінавачвалі праваабарончыя арганізацыі ў тым, што яны фінансуюцца з-за межаў краіны і што выдаткаваныя ім грошы йдуць на падтрымку апазыцыі?"

(Роўдз: ) "Вы павінны зразумець, што праваабарончыя арганізацыі ня зьяўляюцца апазыцыяй. Мы проста намагаемся, каб улады краіны выконвалі сусьветныя стандарты ў галіне правоў чалавека. Праваабарончыя арганізацыі не падтрымліваюць палітычныя партыі. Фінансаваньне – гэта даволі далікатная тэма. Так, дапамога праваабарончым арганізацыям ідзе з-за межаў краіны. Гэты факт дэманструе правал афіцыйнага боку Беларусі ў пытаньні аховы правоў чалавека. Калі б Беларусь была нармалёвай краінаю, мела цывілізаваную эканоміку й добры ўрад, калі б увогуле ў Беларусі йснавала прымальная сыстэма, гэтая б сыстэма падтрымлівала праваабарончыя арганізацыі. А так гэтым займаюцца міжнародныя арганізацыі".

Гэта былі меркаваньні выканаўчага дырэктара Міжнароднае Гэльсынскае фэдэрацыі Аарана Роўдза.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG