Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 верасьня 1999 г.


Сяргей Абламейка, Прага

Сёньня ў рэлігійным і культурным жыцьці праскае беларускае дыяспары адбылася падзея. Апостальскі Візытатар для беларусаў айцец Аляксандр Надсан, які знаходзіцца з візытам у Празе, адслужыў на Альшанскіх могілках паніхіду ля магілаў Пётры Крэчэўскага й Васіля Захаркі.

У Празе восень. Ужо тыдзень зь невялікімі перапынкамі падае дождж або церушыць нейкая дробная імжака.

Але сёньня ўраніцу хмары былі прыхільныя да невялікай купкі праскіх беларусаў – дажджу ня было. Ля засыпаных зжоўклым лісьцем магілаў першых прэзыдэнтаў БНР Пётры Крэчэўскага й Васіля Захаркі сабралася паўтара дзясятка чалавек – супрацоўнікаў Беларускае службы "Радыё Свабода" і мяйсцовых беларусаў-эмігрантаў.

Айцец Аляксандар Надсан, Апостальскі Візытатар для беларусаў служыў кароткую паніхіду за душы памёрлых слугаў Божых Пётры й Васіля. Ва ўступным слове перад набажэнствам ён падкрэсьліў важнасьць нашае памяці аб першай спробе беларускага народу здабыць незалежнасьць, а таксама важнасьць ушанаваньня памяці тых, хто браў непасрэдны ўдзел у тагачасных падзеях. Пётра Крэчэўскі і Васіль Захарка якраз і належаць да ліку творцаў БНР. Дакуль мы будем памятаць пра іх ды пра іхнюю ахвяру, – падкрэсьліў айцец Аляксандар Надсан, – датуль будзе жыць ідэя незалежнасьці Беларусі.

Скончылася набажэнства традыцыйным для беларускай эміграцыі адсьпяваньнем гімну Міколы Равенскага на словы Натальлі Арсеньневай "Магутны Божы".

Гаворыць Айцец Аляксандр Надсан:

(а. Аляксандр Надсан: ) "Для мяне гэта вялікае ўражаньне і я вельмі ўсхваляваны. Даўно хацеў быць на магілах нашых вялікіх беларусаў. Як сьвятар, хацеў памаліцца за іхнія душы.

Калі мы молімся за нашых памерлых, мы паказваем, што Царква расьцягваецца ня толькі тут на зямлі, але таксама і ў небе, там, дзе людзі ўжо з Богам. Мы паказваем, што мы ёсьць адно, мы паказваем нашую веру ў вечнае жыцьцё, паказваем, што сьмерць – гэта не канец.

Па-другое, нам трэба памятаць пра нашых вялікіх людзей. А яны, і Крэчэўскі, і Захарка, былі сапраўды вялікімі людзьмі для нас. Яны захавалі ў чысьціні ідэю незалежнасьці Беларусі, якую трымалі ад 25 сакавіка 1918 году. Ня гледзячы на цяжкасьці, на націск з розных бакоў, і, нават, забыўшыся пра сваё асабістае жыцьцё. Яны – прыклад для нас.

Як Майсей, які некалі вёў свой выбраны народ да абяцанай зямлі, хоць і не ўвайшоў на яе, але, прынамсі, убачыў яе здалёк. Нашыя людзі, і Крэчэўскі, і Захарка, ня ўбачылі той апошняй мэты, да якой яны імкнуліся. Тым ня менш, яны верылі, што гэтая мэта будзе асягнутая. Вось нам прыклад ахвярнае працы для нашага народу. Не чакаючы на ніякія падзякі, і ня маючы ніякага ўшанаваньня сваіх заслугаў.

Таму гэтыя людзі ёсьць для мяне вельмі дарагія. Я вельмі ўдзячны Богу за тое, што меў нагоду і прывілей памаліцца на іхніх магілах".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG