Папа Ян Павал ІІ папрасіў прабачыць гістарычныя грахі рыма-каталікоў – крывавыя спрэчкі паміж самімі хрысьціянамі, пакуты, якія цярпелі мусульмане, а таксама абыякавасьць да антысэмітызму. Выступаючы ўчора перад 10 000 вернікаў на пляцы Сьв. Пятра ў Ватыкане, Папа сказаў: "Царква не баіцца праўды і адчувае, што трэба прызнаць грахі сваіх сяброў і зьвярнуцца па дараваньне да Бога ды іншых хрысьціянаў". Пры гэтым першагерарх Каталіцкае царквы ўдакладніў, што трэба браць пад увагу гістарычны кантэкст, калі былі зьдзейсьненыя памылкі. У іх ліку Папа назваў балючую рэальнасьць падзелу хрысьціянаў, мэтады нецярпімасьці й нават гвалту, а таксама адсутнасьць спачуваньня з боку пэўных хрысьціянаў да парушэньня правоў чалавека.
Скандалам на вачох усяго сьвету назваў Папа разрыў паміж рыма-каталікамі й праваслаўнымі ў ХІ стагодзьдзі, і паміж каталікамі й пратэстантамі ў ХVI-м. Наконт інквізыцыі Папа падкрэсьліў, што прабачэньня трэба прасіць за прыняцьце Царквою мэтадаў нецярпімасьці й гвалту. Падыход, быццам праўду можна навязаць сілаю, напэўна ня ёсьць эвангелічным. Папа таксама адзначыў, што прабачэньне, якога шукаюць каталікі, не павінна ператварыцца ў фальшывае самапрыніжэньне або ў адмаўленьне ўсёй 2000-гадовай гісторыі Царквы. Прабачэньне трэба прасіць за тое, што мы ўпусьцілі або схавалі праз нашую слабасьць або з прычыны памылковай ацэнкі, за тое, што было зроблена нерашуча або нявартым чынам. Надыход трэцяга тысячагодзьдзя зьяўляецца, на думку Папы, добрай нагодаю папрасіць прабачэньня. 8 сакавіка наступнага году абвешчана Днём пакаяньня.