Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 чэрвеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Васілю Старавойтаву можа пагражаць новы суд. Пра гэта паведамляе адвакат Старавойтава Вера Страмкоўская, спасылаючыся на рашэньне судзьдзі Кіраўскага раённага суду Надзеі Чмары, якая даслала некалькі эпізодаў справы Старавойтава на дадатковае расьсьледаваньне.

Нечаканую навіну прывязла з Кіраўску Магілеўскай вобласьці адвакат Васіля Старавойтава Вера Страмкоўская. Паводле яе зьвестак, старшыня Кіраўскага суду Надзея Чмара прыняла рашэньне даслаць некалькі эпізодаў справы Старавойтава на дадатковае расьсьледаваньне. Такі крок судзьдзі будзе мець адразу мекалькі сур'ёзных наступстваў для лёсу былога старшыні акцыйнага таварыства «Расьсьвет» Васіля Старавойтава, які ўжо пакараны 2 гадамі зьняволеньня.

Па-першае, у выніку дадатковай праверкі можа быць узбуджаная новая крымінальная справа. Такім чынам, нядаўні судовы працэс для Старавойтава ня будзе апошні, а пакараньне не абавязкова абмяжуецца двума гадамі няволі. Па-другое, заўважае адвакат Вера Страмкоўская, пакуль будуць дадаткова расьсьледавацца эпізоды, якія былі выдзеленыя судзьдзёй Надзеяй Чмарай, аўтаматычна прыпыняецца разгляд заявы Старавойтава на датэрміновае вызваленьне. Паводле зьвестак з бабруйскага сьледчага ізалятару, дзе ўтрымваецца Старавойтаў, ён напісаў такую заяву, але цяпер яна не прымаецца да разгляду.

Страмкоўская нагадвае, што судзьдзя Надзея Чмара, калі зачытала прысуд Старавойтаву, сама казала вязьню ў залі суду: «Не хвалюйцеся, Васіль Канстанцінавіч, Вас датэрмінова выпусьцяць па амністыі». Цяпер жа атрымваецца, што Надзея Чмара сваім крокам зусім не спрыяе датэрміноваму выхаду Старавойтава на волю.

Сёньня я зьвязаўся тэлефанічна з Надзеяй Чмарай, але яна адмовілася камэнтаваць гэтую складаную сытуацыю. Судзьдзя толькі пацьвердзіла, што сапраўды прыняла рашэньне аб дадатковым расьсьледаваньні некаторых эпізодаў, зьвязаных з крадзяжом маёмасьці акцыйнага таварыства «Расьсьвет». Колькі налічыцца такіх эпізодаў — сп-ня Чмара не ўдакладніла.

На пытаньне — ці пагражае дадатковае расьсьледаваньне Васілю Старавойтаву новым судом, яна адказала: «Гэта можа пагражаць судом і Старавойтаву, і ягоным намесьнікам Яўстратаву і Шапавалаву, альбо й нікому. Сьледзтва разьбярэцца».

Судзьдзя адмовілася патлумачыць, якія дакладныя эпізоды будуць расьсьледавацца дадаткова.

Між тым, паводле зьвестак зь іншых крыніцаў, сьледчым даручаецца больш уважліва разабрацца зь лецішчам Старавойтава ў пасёлку Абрыкосаўка на чарнаморскім узьбярэжжы, а таксама з тым — на што былі патрачаныя 3 тысячы даляраў расьсьветаўскіх грошай, якія ад Старавойтава атрымаў ягоны падначалены Яўстратаў.

Дадам аднак, што гэтая інфармацыя — зь незалежных крыніцаў. Удакладняць яе судзьдзя Чмара адмовілася, заявіўшы: «Такія зьвесткі хай цікавяць сьледчых, а не журналістаў».

Паводле адваката Страмкоўскай, Васіль Старавойтаў дагэтуль, нягледзячы на шматлікія прапановы, не зьвяртаўся да прэзыдэнта Беларусі з хадайніцтвам аб памілаваньні. Якраз гэта адвакатка і зьвязвае зь нечакана ўзьніклым дадатковым расьсьледаваньнем ягонай справы. Страмкоўская не выключае, што гэтым расьсьледаваньнем Старавойтава быццам чапляюць на кручок — каб дамагчыся ад яго крокаў, у якіх зацікаўленыя ўлады, у прыватнасьці, просьбы да прэзыдэнта аб памілаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG