Калі ў беларускіх вёсках зьнікнуць калгасы — гэта зьдзівіць ня надта многіх. Маральна да гэтага людзі ў вёсцы гатовыя, бо распад сыстэмы адбываецца ў іх на вачах, і ім усё ў большай ступені даводзіцца разьлічваць толькі на ўласныя сілы. Мая вёска, як і яшчэ зь дзясятак тысячаў беларускіх вёсак, садзіць бульбу. Пра гэта сёньня ўсе размовы, і вакол гэтага ўсе клопаты аднавяскоўцаў. Пасадзіць бульбу стала цяжэй, чым гэта было яшчэ два ці тры гады таму. Як ні дзіўна, пахіснулася сыстэма, што на працягу дзесяцігодзьдзяў здавалася непарушнай. Унівэрсальны сродак аплаты ў выглядзе пляшкі збожжавага самагону ўсё часьцей дае збой. Блаславёны час, калі гэтая пляшка ў любы час сутак рухала на прыватныя соткі армаду калгаснай тэхнікі, падобна, мінуў. І не таму, што калгасныя трактарысты сталі меней піць — тут якраз вялікіх зьменаў не адбылося. Проста большасьць колішняй армады ржавее пад калгасным плотам. Лічаныя трактары, якія пакуль на хаду, асабіста кантралюе сам старшыня — як і паліва для іх. Тэхнікі не хапае нават на тое, каб апрацаваць усе калгасныя палі, і тая зямля, што далей ад бальшака і ад начальніцкіх вачэй, пакрысе дзірванее ды зарастае кустоўем. Зусім неспадзявана ў вёсцы зьявіліся новыя людзі, безь якіх сёньня не абыйсьціся гэтак жа, як раней было не абыйсьціся без калгаснага трактарыста. Гэта тыя, хто ціто завёў уласнага каня, ці змайстраваў свой трактар зь сьпісанага калгаснага ламачча. Такім пакуль зусім нямнога, але яны ўносяць новы, раней не чуваны парадак у вясковае жыцьцё. За свае паслугі яны часьцей за ўсё бяруць не гарэлку, а грошы. Часта апраўдваюцца — маўляў, салярка дарагая — нібы просячы прабачэньне за тое, што адыходзяць ад старой савецкай традыцыі. Стаўленьне да іх рознае, няроўнае. Нехта абураецца, бо разьлік з дапамогай самагону быў відавочна больш выгадны, а цяпер даводзіцца траціць на гэта значную частку сьціплай пэнсіі ці зарплаты. Нехта зайздросьціць. Нехта сам прыглядаецца да чужога досьведу, шукаючы спосаб выжываньня. Адбываецца гэта адначасова зь імклівым заняпадам калгасу. У пэўным сэнсе вёска калгасная і вёска аднаасобная ўсё больш аддаляюцца адна ад адной. Калгасная зарплата, мізэрная і нерэгулярная нават у параўнаньні з пэнсіяй, перастае быць стымулам да працы. Залежнасьць ад ласкі калгаснага старшыні таксама слабее па меры таго, як зьмяншаюцца магчымасьці калгасу — радзее парк тэхнікі, пусьцее каса, сыходзяць людзі. І нават адвечная старшынёўская пагроза — за непаслушэнства ня даць зямлі і пазбавіць сенажаці — ужо ня дужа спрацоўвае дзеля ейнай відавочнай абсурднасьці. Усё больш ворнай зямлі і без таго застаецца неапрацаванай, а лугоў — няскошанымі. Вёска калгасная ў большасьці сваёй памірае, нават калі па інэрцыі і працягвае дасылаць у цэнтар статыстычныя справаздачы, якія маюць мала агульнага з рэчаіснасьцю. Аблічча большасьці калгасных вёсак — гэта апусьцелыя фермы і занядбаныя машыныя двары, падобныя на звалку мэталалому. Вёска аднаасобная — гэта вузкія палосы надзелаў, чалавек за плугам ці за рулём прымітыўнага самаробнага трактара, а то й проста з рыдлёўкай. У гэтай партыярхальнай карціне цяжка разгледзець парасткі будучыні, яна выглядае хутчэй анахранізмам. Тым ня менш, жыцьцё ў сёньняшняй беларускай вёсцы віруе менавіта тут, дзе чалавек працуе на сябе. А на гіганцкіх комплексах і ў калгасных канторах спадзяюцца толькі на тое, што з цэнтру вось-вось паступіць чарговы крэдыт, які ніколі не давядзецца вяртаць.

Самае папулярнае
1