Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 1999 г.


Сёньня мы атрымалі тэкст звароту Юліі Чыгір у пракуратуру Беларусі на імя генэральнага пракурора Алега Бажэлкі.

У сваім лісьце Юлія Чыгір нагадвае, што яе муж, кандыдат у прэзыдэнты, быў затрыманы з санкцыі генпракурора 30 сакавіка і да гэтага часу знаходзіцца ў зьняволеньні без афіцыйна выстаўленага абвінавачаньня.

Юлія Чыгір нагадвае факты, зьвязаныя з «канадыйскім крэдытам», і сьцьвярджае, што да зьнікненьня 1 мільёна даляраў мае дачыненьне не яе муж, а хутчэй Аляксандар Лукашэнка. Юлія Чыгір піша, што канадыйскую фірму ў якасьці падрадчыка яе мужу параіў дарадца Лукашэнкі ў перадвыбарчай кампаніі Аркадзь Бародзіч. Бародзіч і кіраўнік канадыйскай фірмы Майзэлс у 1994 годзе мелі ў Менску супольнае прадпрыемства «Каруна Канада», а ў офісе даччынай фірмы гэтага прадпрыемства на вуліцы К.Маркса быў разьмешчаны перадвыбарчы штаб А.Лукашэнкі. Як піша Ю.Чыгір, на скураных канапах коштам 50 тысячаў даляраў — гэта быў першы ўнёсак сп. Майзэлса — і вёў А.Лукашэнка барацьбу з карупцыяй, мафіяй, Кебічам, у выніку стаўшы прэзыдэнтам.

У сваім звароце ў генпракуратуру Юлія Чыгір, прыводзячы гэтыя факты, патрабуе спыніць перасьлед яе мужа і прыцягнуць да адказнасьці асобаў, якія зьневажаюць ягоны гонар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG