Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня жонцы Міхаіла Чыгіра Юліі дазволілі гадзіннае спатканьне з мужам у вязьніцы на Валадарскага, дзе кандыдат у прэзыдэнты Чыгір утрымваецца ад 30 сакавіка. Міхаіл Чыгір паведаміў, што мільён даляраў, якія імкнуцца яму інкрымінаваць у якасьці нявернутага крэдыту, атрымала фірма «Каруна», што займалася ў 1994 годзе фінансаваньнем перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.

Дзеля таго, каб сёньня спаткацца зь Міхаілам Чыгіром у вязьніцы на Валадарскага, ягоная жонка Юлія выстаяла велічэзную чаргу. Пасьля гадзіннага спатканьня яна паведаміла нашаму радыё:

(Ю.Чыгір:) «Ніякіх скаргаў на ўмовы ўтрыманьня ў яго не было, выглядае ён нядрэнна, у добрым настроі. Папрасіў падручнікі ангельскай мовы, якую ён пачаў вывучаць летась. Я толькі перажываю за тое, што — мне здаецца — ён не разумее, што ў пятніцу, калі канчаецца 10-дзённы тэрмін, ён ня выйдзе на волю. А ў яго ёсьць поўная ўпэўненасьць, што ён будзе на свабодзе».

Юлія Чыгір паведаміла, што пакуль на працягу 10 дзён Міхаіл Чыгір утрымваецца ў вязьніцы ў дзіўным статусе — затрыманага. Абвінавачаньне яму пакуль ня выстаўленае, і Чыгір толькі падазраецца ў выдаткаваньні мільёну даляраў у 1994 годзе канадыйскай фірме «Каруна». Падчас сёньняшняга спатканьня Чыгір папрасіў жонку пашырыць інфармацыю пра тое, што сузаснавальнікам фірмы «Каруна» зьяўляецца беларускі грамадзянін Аркадзь Бародзіч, на якога зараз абвешчаны вышук, а ў 1994 годзе менавіта Бародзіч займаўся перадвыбарчай кампаніяй Аляксандра Лукашэнкі і ў офісе ягонай фірмы месьціўся штаб Аляксандра Лукашэнкі.

У сувязі з гэтым Юлія Чыгір робіць выснову:

(Ю.Чыгір:) «Я так думаю, што пракурора Рэспублікі Беларусь ёсьць больш падставаў падазраваць Лукашэнку — што ён забраў гэты мільён на выбары — чым Чыгіра, што ён яго скраў».

Нягледзячы на адсутнасьць абгрунтаванага абвінавачаньня, яна лічыць, што Аляксандар Лукашэнка зробіць усё магчымае для таго, каб Міхаіл Чыгір заставаўся ў вязьніцы як мага даўжэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG