Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сакавіка 1999 г.


Захаваньне грамадзянскіх свабодаў

b) Свабода мірных сходаў і таварыстваў.

Канстытуцыя надае свабоду мірных сходаў; аднак у сапраўднасьці ўрад абмяжоўвае гэтае права. Арганізатары павінны прасіць дазволу ў мясцовых уладаў прынамсі за 15 дзён дзеля правядзеньня дэманстрацыі, мітынгу ці сходу. Мясцовыя ўлады павінны паведаміць аб рашэньні не пазьней як за 5 дзён да заплянаванае акцыі.

У сакавіку 1997 году прэзыдэнт Лукашэнка выдаў Дэкрэт нумар 5, якім рэглямэнтаваў тое, што ён назваў «воргіямі» вулічных пратэстаў. Гэты дэкрэт дадаткова зьменшыў магчымасьці для грамадзянаў зьбірацца на мірныя сходы, абмяжоўваючы месцы дзе могуць адбывацца мітынгі і дазваляючы мясцоваму чынавенству накладаць жорсткі ліміт на колькасьць удзельнікаў. Дэкрэт забараняе таксама нашэньне незарэгістраваных сьцягоў і сымбаляў, таксама як і плякатаў, зьмест якіх мог бы кваліфікавацца як пагроза дзяржаўнаму ці грамадзкаму ладу. Гэты дэкрэт разам з наступнымі папраўкам,і прынятымі цяперашняй заканадаўчай уладай, пагражае жорсткімі пакараньнямі тым, хто яго парушае, асабліва ж арганізатарам акцыяў. Хоць дэкрэт прадугледжвае альбо грашовы штраф альбо зьняволеньне да 15 дзён, суды часта накладаюць вялікія штрафы на тых, хто, як вядома, ня мае грошай. Калі аштрафаваныя ня ў стане сплаціць штраф, улады пагражаюць сканфіскаваць іх маёмасьць. Суды каралі арганізатараў мітынгаў штрафамі ад 800 да 1000 даляраў ЗША, што ёсьць выключна вялікія грошы ў краіне, дзе сярэдні месячны заробак ніжэйшы за 100 даляраў. Хоць маёмасьць апісвалася, па стану на канец году не было зарэгістравана выпадкаў выкананьня канфіскацыі.

Публічныя дэманстрацыі часта адбываліся ў Менску, але заўсёды праходзілі пад пільным кантролем з боку ўладаў, які ўключаў адкрыты відэазапіс міліцыяй і агентамі бясьпекі ў цывільным удзельнікаў акцый. У іншых частках краіны дэманстрацыі адбываліся радзей, асабліва на ўсходзе, бліжэй да мяжы з Расеяй. У адрозьненьне ад ранейшай практыкі, улады ў Менску звычайна не разьмяшчалі спэцаддзелаў міліцыі ў кардонах уздоўж плянаванага маршруту дэманстрацыі. Гэтая зьмена паспрыяла зьмяншэньню напругі, і мела вынікам скарачэньне колькасьці сутычак падчас акцыяў. Аднак, па сканчэньні некаторых санкцыянаваных і несанкцыянаваных дэманстрацыяў, міліцыянты і іншыя супрацоўнікі бясьпекі працягвалі атачаць, зьбіваць, затрымоўваць, і выціскаць вымушаныя прызнаньні віны ў некаторых удзельнікаў дэманстрацыяў.

17 чэрвеня, пасьля шматлікіх скаргаў грамадзянаў і двух дзён слуханьняў, Менскі Гарадзкі Савет прыняў рэзалюцыю, якая заклікае Міністэрства Ўнутраных Справаў да пошуку такіх мэтадаў захаваньня грамадзкага парадку падчас дэманстрацыяў, які б не парушаў грамадзянкіх правоў, а таксама падвысіць асабістую адказнасьць сваіх кадраў. Гарадзкі Савет заклікаў таксама дзяржаўную пракуратуру дасьледаваць зьвесткі пра злаўжываньні ўладай, якія мелі месца на працягу году. Напрыканцы году застаецца няясным, якім быў эфэкт гэтай рэзалюцыі на паводзіны сілаў бясьпекі, падпарадкаваных выканаўчай галіне.

Падчас лютаўскага працэсу Аляксея Шыдлоўскага і Вадзіма Лабковіча міліцыя затрымала пэўную колькасьць асобаў, якім было адмоўлена ў прысутнасьці ў судовай залі і якія былі вымушаныя чакаць вонкі, пакуль адбываліся слуханьні. 23 лютага міліцыя арыштавала трох 16-гадовых сяброў апазыцыйнага Маладога Фронту, а таксама назіральніка па чалавечых правох зь Беларускага Гельсынскага Камітэту, за правядзеньне «несанкцыянаванай дэманстрацыі». Таксама ў лютым некалькі сяброў Маладога Фронту былі коратка затрыманыя міліцыяй у Менску за распаўсюджваньне а'яваў пра дэманстрацыю, на якую ўлады ўжо былі даўшы дазвол.

15 сакавіка, пасьля малой і мірнай дэманстрацыі ў Менску з нагоды ўгодкаў прыняцьця Канстытуцыі 1994 году, міліцыя коратка затрымала старшыню сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча, за нібыта выхад на частку дарогі, рух па якой ня быў дазволены. Усе абвінавачаньні супроць Статкевіча былі скасаваныя судовым рашэньнем праз 5 дзён пасьля ягонага арышту. 22 сакавіка, пасьля апазыцыйнай дэманстрацыі, якая праходзіла мірна і з дазволу уладаў, спэцаддзелы міліцыі і агенты бясьпекі ў цывільным атачалі ўдзельнікаў шэсьця ў розных пунктах Менску. Тры назіральнікі Беларускага Гельсынскага Камітэту былі таксама кароткатэрмінова затрыманыя.

30 сакавіка менскія ўлады адмовілі апазыцыйнаму БНФ і Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамадзе ў дазволе на правядзеньне 2 красавіка мітынгу пратэсту супраць дамовы аб беларуска-расейскім саюзе. Забарона тлумачылася тым, што гэткі мітынг будзе перашкаджаць афіцыйнаму сьвяткаваньню, якое ўлады заплянавалі на той самы дзень. Менскія улады вырашылі, што апазыцыйны мітынг можа адбыцца па-за горадам, праз 3 дні па афіцыйным сьвяце. Калі сябры Маладога Фронту тым ня менш наладзілі 2 красавіка малую акцыю пратэсту падчас афіцыйных сьвяткаваньняў, многія зь іх, згодна з паведамленьнямі, былі арыштаваныя і зьбітыя міліцыяй і агентамі бясьпекі ў цывільным.

25 красавіка прынамсі 5000 асобаў узяло ўдзел у санкцыянаваным шэсьці і мітынгу з нагоды 12-тых угодкаў Чарнобыльскай катастрофы. Уласна дэманстрацыя і мітынг адбываліся мірна і без здарэньняў. Аднак па сканчэньні акцыі міліцыя і агенты бясьпекі ў цывільным затрымалі каля 30 беларускіх удзельнікаў, уключна зь непаўналетнімі асобамі, паводле вартых веры паведамленьняў мясцовых праваабарончых групаў. Некаторыя з затрыманых сьцьвярджалі, што іх зьбівалі і прымушалі падпісваць сфальшаваныя сьведчаньні. Улады затрымалі таксама ад 15 да 25 расейцаў (галоўным чынам сяброў маскоўскай арганізацыі Антыфашысцкага Маладзёвага Дзеяньня), якія бралі ўдзел у акцыі. Потым грамадзяне Расеі былі дэпартаваныя.

1 траўня, паводле Беларускага Гельсынскага Камітэту, агенты бясьпекі ў цывільным затрымалі і зьбілі 15 сяброў Сацыял-Дэмакратычнае Грамады, якія бралі ўдзел у дэманстрацыі. 5 траўня агенты ў цывільным затрымалі ўдзельнікаў дазволенай дэманстрацыі, у тым ліку двух назіральнікаў Беларускага Гельсынкскага Камітэту.

28 ліпеня Анатоль Фёдараў, старшыня Магілёўскай мясцовай рады Беларускага Народнага Фронту, быў прысуджаны да вялікага штрафу за арганізацыю несанкцыянаванай дэманстрацыі 15 ліпеня. Дэманстрацыя была пратэстам супраць пазбаўленьня ўладамі замежных амбасадараў іх рэзыдэнцяў, каля прэзыдэнцкага комплексу Дразды ля Менску, што было парушэньнем Венскай Дыпляматычнай Канвэнцыі. Пазьней Фёдараў зазначаў, што ў Магілёве практычна немагчыма атрымаць дазвол на правядзеньне апазыцыйных мітынгаў ці дэманстрацыяў.

30 жніўня Менскі гарадзкі суд аштрафаваў Валерыя Шчукіна, сябра праваабарончай арганізацыі «Хартыя-97» і дэпутата Вярхоўнага Савету XIII скліканьня, за правядзеньне дэманстрацыі падчас афіцыйнага нацыянальнага сьвята 3 ліпеня.

5 лістапада, пасьля рашэньня скіраваць дэманстрацыю з вызначанага ўладамі месца да прэзыдэнцкай адміністрацыі ў Менску, супрацоўнікі бясьпекі кароткатэрмінова затрымалі прынамсі 15 актывістаў незалежнага працоўнага руху. Арыштаваныя асобы атрымалі афіцыйныя папярэджаньні, былі аштрафаваныя ці асуджаныя да кароткіх (ад 6 да 15 дзён) тэрмінаў зьняволеньня.

Спрабуючы прадухіліць дэманстрацыі ля будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі, Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт выдаў на пачатку сьнежня пастанову, забараняючы масавыя сходы на Кастрычніцкім Пляцы ў цэнтры Менску. Хоць пастанова не ўвайшла ў дзеяньне да 8 сьнежня, апазыцыі і праваабаронцам было адмоўлена ў дазволе на мітынг 6 сьнежня, на 50-я ўгодкі Сусьветнай Дэклярацыі Правоў Чалавека. Калі яны, тым ня менш, спрабавалі правесьці там мітынг, міліцыя затрымала шмат каго з удзельнікаў, напрыклад намесьніка старшыні БНФ Юрыя Хадыку і намесьніцу дырэктара «Хартыі-97» Людмілу Гразнову. 6 удзелькаў былі засуджаныя на тэрмін ад 3 да 10 дзён зьняволеньня.

25 сьнежня дзяржаўныя агенты бясьпекі арыштавалі каля 10 асобаў, у тым ліку журналістаў, падчас несанкцыянаванай дэманстрацыі пратэсту супраць далейшай інтэграцыі з Расеяй. 28 сьнежня чацьвёра з затрыманых былі засуджаныя да 5 дзён зьняволеньня, 2 былі аштрафаваныя, і адзін атрымаў афіцыйнае папярэджаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG