Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Два гады таму, 4 лютага 1997 году ў Барысаўскім раёне быў арыштаваны дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня Ўладзімер Кудзінаў. Ён быў абвінавачаны ў спробе даць хабар.

Уладзімер Кудзінаў лічыць, што яго справакавалі з мэтай адпомсьціць за тое, што ў лістападзе 1996 году ён паставіў свой подпіс пад патрабаваньнем дэпутатаў аб адхіленьні ад улады прэзыдэнта Лукашэнкі. Ужо 4 жніўня Кудзінаў быў асуджаны і атрымаў максымальнае, паводле выстаўленага яму абвінавачаньня, пакараньне: ажно 7 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Барысаўскі суд, які вынес гэты вэрдыкт, не ўлічыў ані станоўчую характарыстыку Кудзінава, ані зварот у ягоную падтрымку выбаршчыкаў Івацэвіцкага раёну. Пра тое, што адбывалася з Кудзінавым у турме, мала што было вядома цягам году. Відаць, у маральным сэнсе гэта быў самы цяжкі для былога дэпутата пэрыяд. Але прайшоў час, і Кудзінаў здолеў пераканаць усіх, што ён ня выкінуты з палітыкі, не замкнуўся на асабістых праблемах. У леташнім верасьні зь менскай калёніі УЖ-15/1 на вуліцы Кальварыйскай, дзе сядзіць Кудзінаў, прыйшлі зьвесткі пра тое, што дэпутат спрабаваў перадаць на волю пасланьне палітычнага зьместу, якое было перахопленае, а сам вязень моцна зьбіты і пакараны карцэрам.

Нават пасьля карцэру зьдзек над дэпутатам працягваўся: яго пазбавілі спатканьняў з роднымі, адабралі ў яго працу, пагоршылі пабытовыя ўмовы. Дарэчы, на сваім працоўным месцы Ўладзімер Кудзінаў дагэтуль не адноўлены, а вось ягоныя пабытовыя ўмовы крыху палепшыліся. Гэта адбылося пасьля наведаньня турмы кіраўніком групы назіральнікаў АБСЭ Гансам-Гэоргам Вікам, які паабяцаў Кудзінаву асабістую дапамогу ў перасылцы заявы ў Камітэт па правох чалавека ў ААН. Раней падобныя скаргі Кудзінаў накіроўваў звычайнай поштай, але яны зь невядомай для адміністрацыі турмы прычыны да адрасата не даходзілі.

Як паведаміла сёньня жонка Кудзінава Зоя Міхалаўна, паводле ейных зьвестак, справа Кудзінава ў пытаньні парушэньня чалавечых правоў у менскай калёніі нарэшце трапіла ў Жэнэву, і тут сапраўды дапамог кантроль з боку пасла, сп. Віка. Зоя Кудзінава выказала спадзяваньне, што ліст ейнага мужа паспрыяе прыцягненьню больш пільнай увагі ААНаўскіх праваабарончых структураў да сытуацыі ў беларускіх турмах, дзе, паводле Ўладзімера Кудзінава, масава парушаюцца правы чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG