Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 1999 г.


Алег Грузьдзiловiч, Менск

Экспэрт-псыхіятар Валеры Буданаў абвяргае заяву кіраўніка экспэртнай групы, якая дасьледавала стан здароўя Васіля Старавойтава. Буданаў сьцьвярджае, што не адмаўляўся ўдзельнічаць у экспэртызе, і выказаўся за вызваленьне Старавойтава ў сувязі з сур'ёзнымі захворваньнямі. Заўтра экспэрт прыяжджае ў Кіраўск на працэс над Старавойтавым, каб асабіста давесьці суду сваю пазыцыю.

Экспэрт-псыхіятар Валеры Буданаў выказаў вялікае абурэньне ўчынкам сваіх калегаў, якія не ўлiчылi ягонае меркаваньне. Экспэрт вышэйшай катэгорыi, псыхiятар рэспублiканскага псыхiятрычнага шпiталю Буданаў назваў фальшыўкаю дакумэнт, якi быў адпраўлены ў Кiраўскi суд па вынiках экспэртызы.

"Мала таго, што маё меркаваньне ня ўлiчанае, дык яшчэ кiраўнiк групы экспэртаў сп. Давыдаў заявiў, што я сам адмовiўся ўдзельнiчаць у падрыхтоўцы вынiкаў экспэртызы. Гэта няпраўда, я абураны такiмi паводзiнамi маiх калегаў з Рэспублiканскага бюро судова-мэдыцынскай экспэртызы", - заявiў мне сёньня Валеры Буданаў i распавёў, як увогуле патрапiў у склад экспэртнай групы. Паводле словаў Буданава, у групу ён не напрошваўся, а калi кiраўнiцтвам шпiталя быў атрыманы загад накiраваць аднаго з экспэртаў у Бабруйскi iзалятар для агляду Старавойтава, то гэтая роля дасталася Буданаву паводле жэрабя, якi быў кiнуты сярод супрацоўнiкаў аддзелу.

Агляд Старавойтава быў праведзены 5 студзеня. Разам з экспэртам Буданавым у аглядзе ўдзельнiчалi экспэрт Лугаўцоў, турэмны доктар Пугач i загадчык аддзелу складанай экспэртызы Рэспублiканскага бюро экспэртызы Робэрт Давыдаў, якi й арганiзоўваў групу экспэртаў.

"Агледзеўшы Старавойтава, я прыйшоў да высновы, што ён ня здольны быць, як мы кажам, працэсуальнай асобай, iншымi словамi - ён ня можа дакладна ўспрымаць падзеi на судовым працэсе з прычыны псыхiятрычных адхiленьняў i агульнага стану здароўя. Гэтую выснову ў пiсьмовым выглядзе я перадаў сп. Давыдаву на наступны дзень пасьля экспэртызы", - кажа Валеры Буданаў.

На завяршэньне нашае размовы экспэрт яшчэ раз пацьвердзiў інфармацыю пра стан Васiля Старавойтава: "Ён вельмi хворы, зусiм разбураны. Такога чалавека трэба спачатку вылячыць, а ўжо потым праводзiць зь iм судовыя дзеяньнi".

Мiж тым кiраўнiк экспэртнай групы Робэрт Давыдаў, давёў мне iнфармацыю, якая супярэчыць словам Валерыя Буданава. Паводле Давыдава, нiякага заключэньня ад Валерыя Буданава ён не атрымлiваў, i ўвогуле, Буданава запрашалi ў групу ня ў якасьцi экспэрта, а толькi як кансультанта, каб даў заключэньне - цi ня дзейнiчаюць на псыхiчны стан Старавойтава лекi, якiя ён атрымоўвае ў iзалятары. Гэтак патлумачыў Робэрт Давыдаў. Паводле словаў Давыдава, таму й няма нiчога дзiўнага, што ў экспэртным заключэньнi меркаваньне Буданава ня ўлiчана.

А вось сам экспэрт Валеры Буданаў лiчыць, што ягоная пазыцыя праiгнараваная таму, што цалкам супярэчыць меркаваньням экспэртаў, якiя выказалiся за далейшае знаходжаньне Старавойтава ў турме. Адгалоскi гэтага кафлiкту сёньня дайшлi да суду ў Кiраўску. Абарона Старавойтава ў асобе адваката Веры Страмкоўскай i прадстаўнiка Гэльсынскага Камiтэту Гары Паганяйла падалi хадайнiцтва з просьбаю разабрацца, чаму не
адлюстраванае меркаваньне экспэрта Валерыя Буданава. Аргумэнты абароны былi настолькi моцныя, што суду прыйшлося зь iмi лiчыццца. У вынiку на працэсе быў абвешчаны перапынак. Сёньня судзьдзя Надзея Чмара асабiста абтэлефанавала ўсiх экспэртаў, у тым лiку Валерыя Буданава, i запрасiла iх заўтра ў суд. Разбор канфлiкту ад якога ў значнай ступенi можа залежаць лёс
абвiнавачванага Васiля Старавойтава пачнецца заўтра апоўднi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG