Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 студзеня 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Гомельская вэртыкаль прыпаднесла нечаканы калядны падарунак уласнаму карэспандэнту "Белорусской Деловой Газеты" Ірыне Макавецкай - журналістка не была дапушчаная на першае ў гэтым годзе паседжаньне гарадзкога выканаўчага камітэту.

Як паведаміла сама Ірына Макавецкая, напярэдадні гэтай падзеі яна зьвязалася з аддзелам інфармацыі гарадзкога вэртыкальнага воргану, каб удакладніць якія пытаньні мае разглядаць выканкам. Супрацоўнік аддзелу, сам запрасіў Макавецкую, маўляў, прыходзьце, будзем радыя. Але ўжо праз некаторы час прадстаўніку "Белорусской Деловой Газеты" патэлефанавала сакратарка старшыні гарвыканкаму й папярэдзіла, што паседжаньне гарвыканкаму будзе закрытае - журналісты на яго не дапускаюцца.

Ірына Макавецкая, натуральна, пацікавілася ў журналісткі гарадзкога радыё Алены Альшанскай, як яна зьбіраецца асьвятляць паседжаньне выканкаму, паколькі яно будзе праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Сп-ня Альшанская паведаміла, што пра закрытасьць паседжаньня чуе ўпершыню і пойдзе ў выканкам як звычайна. Размова з каляжанкаю пераканала сп-ню Макавецкую, што на паседжаньне выканкаму трэба абавязкова прыйсьці.

У залі гарвыканкаму Ірына Макавецкая разам зь мясцовымі журналістамі атрымала парадак дня паседжаньня і падрыхтавалася да працы, але за пяць хвілінаў да паседжаньня загадчыца аддзелу інфармацыі гарвыканкаму Ганна Шыдлоўская настойліва папярэдзіла супрацоўніцу "Белорусской Деловой Газеты": "Вам лепей сыйсьці з залі". У гэты час там заставліся мясцовыя журналісты тэлеканалу "Нерэя", гарадзкога й абласнога радыё, а Ірыну Макавецкую, як кажуць, выставілі за дзьверы.

Між тым, на паседжаньні выканкаму разглядаліся пытаньні добраўпарадкаваньня й разьвіцьця рынку ў горадзе, стан радыялягічнага кантролю за прадуктамі харчаваньня, а таксама праграму занятасьці насельніцтва й кіраваньня камунальнай уласнасьцю. Што хавалі гэтым разам гарадзкія ўлады ад рэспубліканскай прэсы - здагадацца няцяжка.

Сама Ірына Макавецкая не выключае таксама, што яе заа дно хацелі правучыць за апошнія публікацыі ў рэспубліканскім друку, у прыватнасьці аб рэпрэсіях у адносінах да беспрацоўнага гамяльчаніна Яўгена Мурашкі, які прасьледваўся праваахоўнымі вогранамі пасьля пікету ля гарвыканкаму з плякатам "Злачынная тая дзяржава, якая парушае правы сваіх грамадзянаў". Магчыма, раздражненьне ўладаў выклікаў матэрыял аб прыёме ў гарвыканкаме гомельскіх спартоўцаў, якія ў мінулым годзе сталі пераможцамі міжнародных спаборніцтваў і былі заахвочаныя гарвыканкамам за гэтыя дасягненьні грашовымі прэміямі ў памеры 2 леташніх мінімальных заробкаў (500 тысячаў рублёў).

Як бы там ні было, але дзеяньні чыноўнікаў гарвыканкаму ніяк не стасуюцца з заяваю старшыні выканаўчага камітэту Аляксандра Якабсона, які менш за год таму на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі з нагоды заняцьця пасады дэкляраваў, што будзе ўсталёўваць з прэсаю даверлівыя і нават сяброўскія адносіны. Хутчэй за ўсё прыярытэты ў старшыні памяняліся, бо цяжка сабе ўявіць, што чыноўнікі распараджаліся бязь ведама галоўнага гарадзкога вэртыкальніка. Паколькі Ірына Макавецкая зьяўляецца сябрам Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, гомельская гарадзкая філія з нагоды інцыдэнту, падрыхтавала на імя Аляксандра Якабсона адмысловую заяву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG