Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сьнежня 1998 г.


Юры Дракахруст, Менск

Дэмакратычныя партыі Беларусі ўспрынялі цалкам нэгатыўна інфармацыю пра дакумэнты, падпісаныя сёньня ў Маскве Лукашэнкам і Ельцынам.

Сёньня ўвечары кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту прыняло заяву, у якой гэта расцэньваецца як дзяржаўная здрада з боку Лукашэнкі. На думку аўтараў заявы, прычынай ліхаманкавай інтэграцыйнай актыўнасьці прэзыдэнтаў Беларусі й Расеі сталі эканамічны крах і палітычнае банкруцтва рэжымаў, якія яны ўзначальваюць.

У заяве адзначаецца, што паводле легітымнай Канстытуцыі 1994 году ў будучым годзе ў Беларусі павінны былі прайсьці прэзыдэнцкія выбары. Кіраўніцтва Фронту лічыць, што Лукашэнка, баючыся свабодных выбараў, дзеля захаваньня ўлады й магчымасьці змагацца за лідэрства ў Расеі ідзе на ліквідацыю беларускай дзяржаўнасьці. У заяве таксама падкрэсьліваецца, што падпісаныя дакумэнты супярэчаць ня толькі нормам міжнароднага права, але й канстытуцыям абедзьвюх краінаў.

У дэклярацыі, падпісанай Лукашэнкам і Ельцынам, ёсьць згадка пра магчымасьць правядзеньня ў Беларусі й Расеі супольнага рэфэрэндуму аб аб'яднаньні. Кіраўніцтва БНФ у сваёй заяве нагадвае, што ў Беларусі адсутнічаюць усялякія падставы для свабоднага волевыяўленьня народу. У краіне дзясяткі палітзьняволеных, электронныя сродкі масавай інфармацыі цалкам манапалізаваныя прэзыдэнтам, апазыцыя жорстка перасьледуецца. «Мы зробім усё, каб адстаяць аплочаную крывёю продкаў незалежную Беларускую Дзяржаву. Заклікаем усе дэмакратычныя незалежніцкія сілы згуртавацца на падмурку абароны незалежнасьці Беларусі», – такімі словамі завяршаецца заява кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту.

Сёньня ж у штаб-кватэры БНФ адбылася прэсавая канфэрэнцыя, у якой узялі ўдзел намесьнікі старшыні БНФ Сяргей Папкоў, Лявон Баршчэўскі, Юры Хадыка. Сяргей Папкоў заявіў, што ад сёньняшняга дня Фронт пачынае сэрыю бесьперапынных акцыяў супраць плянаў інтэгратараў. Паводле словаў Сяргея Папкова, справа можа дайсьці да стварэньня альтэрнатыўнай улады на падмурку беларусаў, якія далучыліся да грамадзянства БНР.

Юры Хадыка сказаў, што Фронт для супрацьдзеяньня інтэграцыі можа распачаць збор подпісаў за рэфэрэндум аб незалежнасьці Беларусі. Сп. Хадыка падкрэсьліў, што цяпер як ніколі патрэбнае адзінства дэмакратычных сілаў краіны.

Іншыя партыі Беларусі пакуль афіцыйна ня выказалі сваю пазыцыю, але старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію для Радыё Свабода назваў падпісаныя ў Маскве пагадненьне й дэклярацыю «трэцяй здрадай беларускаму народу з боку Лукашэнкі». На думку сп. Багданкевіча, першы раз Лукашэнка здрадзіў беларусам калі сфальсыфікаваў рэфэрэндум аб канстытуцыі і ўсталяваў дыктатуру. Другі раз – калі давёў народ да галечы і разбурыў банкаўскую сыстэму краіны. Цяпер – трэцяя здрада, сказаў сп. Багданкевіч.

Нагадаем, што ў 1994 годзе ён на пасадзе старшыні Нацыянальнага Банку Беларусі браў удзел у перамовах з Масквой аб аб'яднаньні грашовых сыстэмаў. Тады яно не адбылося ў пэўнай ступені дзякуючы пазыцыі менавіта Багданкевіча.

Да абвешчаных сёньня ў Маскве плянаў пераходу на адзіную валюту ён ставіцца вельмі скептычна. На ягоны погляд, гэта магчыма толькі ў адным выпадку – калі расейцы згодзяцца канчаткова разбурыць сваю эканоміку дзеля дасягненьня геапалітычных мэтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG