Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Барысаве на рэчавым рынку "Стадыён" адбыўся мітынг прадпрымальнікаў, якія абвесьцілі бестэрміновы страйк. 700 мітынгоўцаў прынялі рэзалюцыю, у якой пацьвердзілі свае патрабаваньні да мясцовых і рэпубліканскіх уладаў ды выказалі пратэст супраць ціску на страйкоўцаў з боку кантрольна-рэвізійных органаў.

Галоўнае рашэньне, якое прынялі сёньня на сваім мітынгу барысаўскія гандляры — працягваць страйк, пакуль ня выканаюць іхных патрабаваньняў да цэнтральных і мясцовых уладаў.

Асабліва абурае прадпрымальнікаў практыка штрафных санкцыяў, якія праз суд накладаюць на камэрсантаў супрацоўнікі барысаўскага мытнага пункту.

Прыкладам, Натальля Юркевіч паведаміла калегам, што ўчора інспэктар мытні сп. Кавальчук уручыў ёй позву. Жанчына мусіць заўтра зьявіцца на допыт да інспэктара. Затым справу паводле рашэньня сп. Кавальчука разгледзіць гарадзкі суд. Як вынік, лічыць Натальля Юркевіч, ёй забясьпечаны буйны штраф.

Такія самыя позвы атрымалі яшчэ некалькі страйкоўцаў. Высьветлілася, што тутэйшыя мытнікі праверкі парабілі яшчэ перад страйкам, а зараз, у самы адказны для страйкоўцаў час, вырашылі даць ход сваім пратаколам.

Выступоўцы казалі, што час для іх цяпер напраўду вельмі складаны і адказны. На адным з чатырох гарадзкіх рынкаў зьявілася каля двух дзясяткаў штрайкбрэхераў, яны ўжо некалькі дзён гандлююць, што дае падставу функцыянэрам з гарвыканкаму казаць пра несур'ёзнасьць страйку.

Аднак да страйкоўцаў далучылася вялікая група гандляроў харчамі. Гэтыя людзі таксама незадаволеныя бясконцымі рэйдамі і праверкамі шматлікіх кантралёраў ды ростам падаткаў.

Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Барысаву Ігар Леднік:

(Леднік: ) "У рэзалюцыі мітынгу мы пацьвердзілі свае асноўныя патрабаваньні: адмяніць новыя правілы мытнага афармленьня тавараў, бо гэтая пастанова робіць з нас кантрабандыстаў. Далей: адмяніць з гэтай нагоды праверкі барысаўскага мытнага пункту. І нарэшце: спыніць рост падаткаў на прадпрымальнікаў.

Заўтра мы ідзем на перамовы з гарвыканкамам абмяркоўваць тыя праблемы, якія могуць вырашыць мясцовыя ўлады".

Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG