Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пінскія прадпрымальнікі, якія дагэтуль трымаюць страйк, вырашылі выйсьці на працу ад 16 студзеня. Некаторыя прысутныя аднак прапаноўвалі працягнуць страйк да канца студзеня.

На пачатку сходу старшыня Прафсаюзнай арганізацыі пінскіх прадпрымальнікаў Зьміцер Пятроў паведаміў, што ў некаторых гарадох іхныя калегі, якія спачатку вырашылі страйкаваць таксама 15 дзён, зараз зьмянілі сваё рашэньне і спынілі акцыю пратэсту датэрмінова.

Спадар Пятроў прапанаваў прысутным скончыць страйк 15-га студзеня, як плянавалася, ды казаў, што, магчыма, ад 1 лютага ў заканадаўстве адбудуцца сур'ёзныя зьмены — тады можна будзе вырашаць, што рабіць далей.

Некаторыя з прадпрымальнікаў аднак прапаноўвалі падоўжыць страйк да канца месяца. Паводле іхнага меркаваньня, спыніцца зараз — значыць, прызнаць, што страйк быў бессэнсоўным, бо асноўная ягоная мэта не дасягнутая. Заканадаўчыя акты, што тычацца сплаты мытаў за тавары вытворчасьці трэціх краінаў, якія ўвозяцца ў Беларусь з Расеі, не скасаваныя. Дый спадзявацца на нейкія зьмены ад 1 лютага ў гэтым выпадку ня варта.

Цікава, што паводле словаў прадпрымальнікаў, самі мясцовыя мытнікі дагэтуль ня ведаюць, як правільна зрабіць мытнае афармленьне ды налічыць памер мытаў на тавары, што прывезеныя з Расеі.

Але большасьць прадпрымальнікаў усё ж палічыла, што мэта страйку дасягнутая. Гандляры паказалі ўладам сваю зарганізаванасьць ды здольнасьць дзейнічаць рашуча. Да таго ж, паводле большасьці гандляроў, няма сэнсу страйкаваць асобна ў Пінску, калі ўсе навокал працуюць.

Гаворыць старшыня Прафсаюзнай арганізацыі пінскіх прадпрымальнікаў Зьміцер Пятроў:

(Пятроў: ) "Ад пачатку ня ставілася гэтак пытаньне, што мы хочам рашыць усе праблемы цягам гэтых дзён. Бо паводле досьведу мінулых гадоў мы ведаем, што ў нашай краіне пытаньні з заканадаўствам цяжка вырашальныя, і калі казаць пра сёньняшні, кароткатэрміновы вынік страйку, то можна сказаць, што выніку пакуль няма ніякага.

Але калі казаць пра пэрспэктыву, дык я ведаю, што мы прыцягнулі да сябе ўвагу грамадзкасьці і сродкаў масавай інфармацыі. Я мяркую, што калі ўсе павернуцца да нашае праблемы, дык урэшце яна неяк вырашыцца".

Аднак пытаньне, якое задаваў не адзін прадпрымальнік: "Якія ёсьць гарантыі, што калі мы распачнем працаваць ад 16 студзеня, нас не пакараюць паводле пакуль не скасаванага заканадаўства?", засталося без адказу. Такіх гарантыяў няма.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG