Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пяты дзень сыднэйскай Алімпіяды прынес беларускай камандзе нерыемны клопат, ды такі, якога беларускі алімпійскі рух яшчэ ня ведаў. Старшыня мэдычнай камісіі Міжнароднага Алімпійскага камітэту прынц Аляксандар дэ Мэрот заявіў, што ў беларускага кідальніка молату, 23-гадовага Вадзіма Дзевятоўскага выяўленая наяўнасьць стэроіду пандралёну, узровень якога ў 20 разоў перавысіў дазволены.

Дзевятоўскі, які з 1998 году атрымліваў гэтак званую стыпендыю салідарнасьці МАКу, сёньня пакінуў Алімпійскую вёску. У штабе беларускай дэлегацыі не знайшлося асобы, якая б згадзілася пракамэнтаваць выпадак з Вадзімам Дзевятоўскім.

Разам з Дзевятоўскім адлічаны з гульняў і баўгарскі цяжкаатлет Іван Іванаў, які, дарэчы, свае спаборніцтвы ўжо скончыў, выйграўшы срэбраны мэдаль у вазе да 56 кіляграмаў. Іванаў быў вымушаны здаць свой мэдаль, які цяпер будзе ўрачыста даручаны кітайцу Ху Вэн Цяну, а бронзавы мэдаль цяпер таксама ў кітайца Жэнь Цянь Цяня.

Між тым, пачалі свой турнір тэнісысты ў настольным тэнісе. Напярэдадні спаборніцтва мы сустрэліся зь Яўгенам Шчапініным, які на чэмпіянаце сьвету 1998 году ўзяў бронзавы мэдаль у спаборніцтвах зьмешаных параў:

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Вас шанцы на перамогу?”

(Шчапінін: ) “Шанцы вельмі малыя. У мяне наперадзе яшчэ пара гульняў, і калі я іх выйграю, дык тады можна гаварыць аб шанцах на Алімпіядзе”.

(Карэспандэнт: ) “А ўвогуле, якія шанцы беларускай каманды на гэтай Алімпіядзе?”

(Шчапінін: ) “Мой прагноз – беларуская каманда можа выйграць каля 15 мэдалёў, у тым ліку і некалькі залатых”.

(Карэспандэнт: ) “Спадзяюся, Вы будзеце адным зь іх”.

(Шчапінін: ) “Га-га…I hope too…”

Сёньня раніцай Яўген перамог чылійца Аўгуста Марэнга, але потым, на жаль, прайграў Філіпу Сайлу з Бэльгіі.

Наташа Зьверава прайграла ў першым крузе аргентынцы Марыі Эміліі Салерні.

У кваліфікацыйных спаборніцтвах стралкоў Алег Хвацовас ідзе другім у стральбе на 25 мэтраў з хуткаснага пісталету.

І самая апошняя навіна – прыемная. Сяргей Лаўрэнаў узяў бронзавы мэдаль у цяжкай атлетыцы ў вазе да 69 кіляграмаў. А перамаглі там два баўгарыны – Галабін Баеўскі і Георгі Маркаў.

У неафіцыйным заліку, як і раней, наперадзе амэрыканцы, за імі аўстралійцы, кітайцы, французы ды японцы. Расея на восьмым месцы. Беларусь без уліку апошняга мэдаля – на 29-м.

Цікава, што Аўстралійскае бюро статыстыкі лічыць, што ў неафіцыйным заліку трэба растаўляць каманды не паводле агульнай колькасьці мэдалёў, але паводле мэдалёў на душу насельніцтва той ці іншай каіны. Калі так лічыць, то Швэйцарыя, Коста-Рыка, Баўгарыя, Латвія, Куба, Галяндыя ды Беларусь увайшлі б у дзесяць мацнейшых пасьля пяці дзён спаборніцтваў.

Вячаслаў Елькановіч, Сыднэй

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG