Адміністрацыйная справа супраць дэпутата Паўла Знаўца спыненая (дэпутат
быў затрыманы за ўдзел у акцыі памяці Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага).
Між тым менская міліцыя працягвае паляваньне на іншых ўдзельнікаў акцыі.
Зь сёньняшняе раніцы ў аблозе знаходзіцца кватэра лідэра АГП Анатоля Лябедзькі.
Адміністрацыйны судзьдзя Ленінскага раёну Менску Алена Церашкова спыніла
справу супраць дэпутата Паўла Знаўца, пагадзіўшыся зь ягонымі доказамі,
што акцыя, у якой ён удзельнічаў 16 верасьня, не была пікетам.
Вынесьці апраўдаўчы прысуд судзьдзю дапамаглі самі міліцыянты маёр Палуяновіч
і сяржант Шашок, якія сьведчылі супраць дэпутата. У сваіх пісьмовых паказаньнях,
што былі прыкладзеныя да пратаколу, міліцыянты сьцьвярджалі, быццам пікет
прысьвячаўся “бязьдзеяньню ўладаў у пошуках Ганчара й Красоўскага”.
Магчыма, апазыцыянэры сапраўды менавіта гэта мелі на ўвазе, але міліцыянты
ніяк ня здолелі пераканаць судзьдзю, што ўдзельнікі акцыі хоць неяк выказвалі
пратэст супраць “бязьдзеяньня”. Яны не выкрыквалі аніякіх лёзунгаў, не
чапляліся з тлумачэньнямі да мінакоў, у чым судзьдзя магла пераканацца,
прагледзіўшы відэастужку падзеяў. У выніку й было прынятае рашэньне пра
спыненьне адміністрацыйнага перасьледу дэпутата Знаўца.
Ён аднак лічыць, што прычына ня толькі ў аб’ектыўнасьці судзьдзі Церашковай.
(Знавец: ) “Я думаю галоўнае, гэта тое, што паступіў загад па справе
зьніклых дзеячоў апазыцыі не асуджаць, пакуль ідуць выбары. І, можа, гэта
галоўны чыньнік таго, што такі прысуд”.
Між тым як раз у той час, калі ў Ленінскім судзе апраўдвалі Знаўца,
міліцыя працягвала паляваньне на іншых удзельнікаў акцыі памяці Ганчара
й Красоўскага. Стала вядома, што ў сапраўднай аблозе апынулася кватэра
лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. Жонка Лябедзькі Сьвятлана паведаміла радыё
Свабода, што міліцыянты зьявіліся на іх кватэрнай пляцоўцы яшчэ а сёмай
гадзіне ўранку і з таго часу дзяжураць пад дзьвярыма:
( Сьвятлана Лябедзька: ) “Стаяць двое, адзін у цывільным, другі ў міліцэйскай
форме. Чакаюць. Яны спрабуюць даручыць Анатолю позву. Каб ён зьявіўся ў
Ленінскі РАЎС, бо было парушэньне, быў пікет. Я спрабавала патлумачыць,
што гэта быў не пікет, а проста напамінак уладам пра тое, што ў нас здараецца
з палітыкамі”.
Паводле Сьвятланы, гэта ўжо ня першая аблога іхнае кватэры. У мінулым
годзе дзяжурылі некалькі дзён і вельмі забрудзілі пляцоўку недапалкамі.
На пытаньне, ці не сапсавала гэта адносінаў сям’і Лябедзькаў з суседзямі,
Сьвятлана адказала, што не, і прывяла такі прыклад — аднойчы ўчастковы
міліцыянт паспрабаваў дамовіцца з суседам, каб той паведамляў пра Анатоля
неабходную інфармацыю, але сусед не згадзіўся.
Я запытаўся, ці не адчувае Сьвятлана ціску на сваёй працы ў школе. Вядома
ж, што настаўнікі даволі кансэрватыўныя людзі й ня ўсім пэўна ж падабаецца
палітычная дзейнасьць яе мужа… Жонка Лябедзькі на гэта адказала:
( Сьвятлана Лябедзька: ) “Не, гэтага я не адчуваю. Хто адкрыта, хто
поцішкам, але спачуваюць”.
У Лябедзькаў ёсьць 15-гадовы сын Арцём, які, паводле словаў маці, падзяляе
палітычныя погляды бацькоў. Ці не замінае гэта яму ў жыцьці, спытаў я ў
Сьвятланы…
На час майго выхаду ў эфір аблога кватэры Анатоля Лябедзькі яшчэ не
была зьнятая, міліцыя працягвала паляваць і за астатнімі ўдзельнікамі акцыі
— Людмілай Гразновай, Людмілай Бажок, Цімохам Дранчуком ды іншымі.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1