Гарадзенскія ўлады за апошні час удасканалілі мэтады
камандна-адміністрацыйнай эканомікі. Ня маючы сродкаў, яны пасьпяхова выконваюць
некаторыя свае пляны. Грошы вымагаюцца прымусам з прадпрыемстваў і фірмаў.
Аднак апошнім разам гэтак зрабіць не атрымалася. Таму зацягнулася рэканструкцыя
вуліцы генэрала Антонава.
Пра стварэньне разрэклямаванае свабоднае эканамічнае зоны «Гродна» ўлады
даўно маўчаць. Навучыліся абыходзіцца без замежных інвэстыцыяў.
Пачалося ўсё з нарыхтоўкі для гораду гародніны на зіму. У гарадзкім
выканкаме склалі сьпіс прадпрыемстваў і фірмаў, ды афіцыйна ўсіх папярэдзілі:
вы мусіце пералічыць канкрэтную суму на закупку капусты й бульбы. Праз
паўгода выдаткі вам кампэнсуюць, але, прабачце, без адсоткаў і без уліку
інфляцыі. Усе абураліся, але — мусілі падпарадкавацца.
Пытаньне пра тое, што нідзе ў сьвеце мэрыя не займаецца нарыхтоўкаю
бульбы — гучыць рытарычна. Старшыня гарадзкога выканкаму Пашкевіч потым
не аднойчы публічна пахваляўся, што пажылыя жыхары горада, у якіх мізэрныя
пэнсіі, дзякуючы ўладам галадаць узімку ня будуць…
А потым пачалося! Спаганяліся грошы на фуражнае збожжа, на выкананьне
дзяржаўнае праграмы «Жыльлё», на дарогі. Сёлета да фэсту нацыянальных культураў
у Старым горадзе было адрэстаўравана шмат камяніц, пакладзена вулічная
плітка. «Мэр» пры гэтым пахваляўся: улады ня выдаткавалі на гэта ані рубля.
Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што потым у газэце быў надрукаваны
сьпіс прадпрыемстваў і фірмаў, зь якіх былі спагнаныя грошы. Маўляў, улады
ім дзякуюць за «дапамогу».
Сёньня зацягнуўся грунтоўны рамонт вуліцы Антонава, якая вядзе да Цэнтральнага
кірмашу. Справа ў тым, што ўлады вырашылі спагнаць на гэта па 20 даляраў
з гандляроў. Маўляў, карыстаецеся вуліцаю, дык плаціце. Бальшыня — рашуча
адмовілася. Хаця нават з рэдакцыі абласное газэты, будынак якой знаходзіцца
там жа, ужо спагналі 500 даляраў. Аднак паміж сабою журналісты гавораць:
мы спраўна плоцім падаткі, чаму мы мусім даваць грошы дадаткова!?.
Гандляроў прымусіць цяжэй. На самім кірмашу адбываецца рэканструкцыя
гандлёвых радоў, і грошы, зноў-такі, патрабуюць ад тых, хто гандлюе. Яшчэ
нядаўна гэты рынак часта страйкаваў. Адна з прычынаў незадаволенасьці гучала
так: мы плоцім і падаткі, і за гандлёвае месца, а на кірмашы — нічога не
паляпшаецца. Дык куды ж трапляюць грошы? А тут яшчэ на вуліцу выдаткуйся…
Частка гараджан асуджае гандляроў за такую пазыцыю. Аднак нават у самім
гарадзкім выканкаме ёсьць людзі, якія ўсьведамляюць заганнасьць практыкі,
якая шырока ўжываецца ў горадзе. І ў іншых краінах улады могуць прыцягваць
прыватны капітал, але ствараючы эканамічна выгодныя ўмовы для фундатараў.
У нас жа ўсё робіцца праз адміністрацыйны прымус.
У выніку ўладам ужо ня трэба дбаць пра стварэньне ў горадзе новых працоўных
месцаў. Унівэрсальны прынцып — чым больш новых фірмаў, тым болей падаткаў
у гарадзкой скарбонцы — тут па-сутнасьці ня дзейнічае. Наадварот, калі
пасьля чарговае перарэгістрацыі іхная колькасьць зноў зьмяншаецца, улады
як быццам адчуваюць палёгку. Маўляў, можна адрапартаваць, што ў горадзе
паменшала гэтак званага «жульля».
Сяргей Астраўцоў, Горадня
Самае папулярнае
1