Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 14 кастрычніка)
Два кандыдаты ў дэпутаты так званай “Палаты прадстаўнікоў” Гомельска-Сельмашаўскай выбарчай акругі №34 зьвярнуліся ў пракуратуру, акруговую камісію і Цэнтарвыбаркам із заявамі пра грубыя парушэньні іх сапернікам, дырэктарам канцэрну “Белрэсурсы” Юрыем Астапчанкам Выбарчага кодэксу.

Сёньня кандыдаты ў дэпутаты Ўладзімер Сякерка і Валянціна Савасьценка, што паведамлялі ў пракуратуру і Цэнтарвыбаркам пра парушэньне Юрыем Астапчанкам Выбарчага кодэксу, ладзілі прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў. Вось што, у прыватнасьці, заявіў на ёй кандыдат у дэпутаты ад ПКБ спадар Сякерка.

(Сякерка: ) “З боку кандыдата ў дэпутаты Астапчанкі Юрыя Леанідавіча і ягонай групы падтрымкі дапушчаны шэраг грубейшых парушэньняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, што карэнным чынам можа паўплываць на вынікі галасаваньня і дае падставу мне ўжо сёньня заявіць пра прызнаньне выбараў у 34 акрузе несапраўднымі – якімі б яны ні былі. У мяне было нават ўчора рашэньне зьняць сваю кандыдатуру на знак пратэсту. Але паколькі я вылучаны кандыдатам у дэпутаты ад партыі, дазволу на гэта мне не далі цэнтральныя ворганы ПКБ”, – сказаў Уладзімер Сякерка.

У якасьці прыкладаў парушэньня парадку вядзеньня перадвыбарчай агітацыі кандыдат ад камуністаў назваў няплянавы выхад шматтыражнай газэты “Сельмашавец” накладам 20 тысячаў асобнікаў (у дзесяць разоў большы за звычайны) ў падтрымку Юрыя Астапчанкі.
Апроч таго, надрукаваныя ўлёткі без выходных зьвестак, у якіх за Астапчанку агітуюць ня толькі кіраўнікі прадпрыемстваў, але і сябры ўчастковых камісіяў, у прыватнасьці, дырэктар жыльлёва-рамонтнай управы аб’яднання “Гомсельмаш”, яна ж старшыня ўчастковай выбарчай камісіі №13, Клаўдзія Дзянісава. Засьведчыў сябе ў акрузе ў якасці агітатара і епіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх.

Нават згаданыя факты, паводле слоў спадара Сякеркі, ставяць у няроўныя ўмовы кандыдатаў у дэпутаты і даюць падставу прызнаць выбары несапраўднымі. Вынікі іх у 34-й акрузе кандыдат ад камуністаў зьбіраецца аспрэчваць у судзе.

Заўважу, што Юрый Астапчанка абіраўся дэпутатам ў згаданай акрузе на мінулых выбарах. Тыды ён быў дырэктарам гомельскага гандлёвага прадпрыемства “Аблгандальсаюз”. У 1996 годзе пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму Астапчанка ўвайшоў у лукашэнкавую “Палату прадстаўнікоў” і неўзабаве атрымаў пасаду дырэктара канцэрну “Белрэсурсы”. Цяпер ён скарыстоўвае на выбарах так званы адміністрацыйны рэсурс.

Казімер Яноўскі, Гомель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG