У Менску пачаўся Першы фэстываль недзяржаўнае прэсы, зарганізаваны Беларускай
Асацыяцыяй журналістаў. У ім бяруць удзел прадстаўнікі 46 незалежных беларускіх
выданьняў. Галоўная мэта фэстывалю — дэманстрацыя прафэсійнае салідарнасьці
журналістаў.
Гэты фэстываль распачаўся са спазьненьнем на два месяцы. Першапачаткова
ён меўся адбыцца ў верасьні ў Віцебску, але мясцовыя ўлады адмовілі арганізатарам
у памяшканьні. Не далі плёну й перамовы пра арэнду залі з адміністрацыямі
Дома літаратараў і Нацыянальнага прэсавага цэнтру. Паразуменьне было знойдзена
толькі з Фэдэрацыяй прафсаюзаў, якая прадаставіла будынак Дому вэтэранаў.
У фае гэтага дому сёньня й была разгорнутая выстава-прэзэнтацыя сталічных
і рэгіянальных незалежных выданьняў. Фэстываль адкрыла прэзыдэнт Беларускай
Асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна. Пасьля яна паведаміла нашаму радыё
наступнае:
(Літвіна: ) “Самае галоўнае, відаць, на гэтым фэстывалі, гэта прадэманстраваць
яшчэ раз, што мы разам, яшчэ раз нагадаць сябрам сваёй арганізацыі, што
на сёньняшні дзень – мы тая сіла, якая можа, якая павінна разьлічваць на
давер з боку грамадзянаў да нас. Мы журналісты, мы тая арганізацыя, у якой
аб’ядналіся людзі менавіта паводле прыналежнасьці да сваёй прафэсіі. Саме
асноўнае для нас сёньня – зьберагчы сваю прафэсію, зьберагчы сваё прызначэньне
даваць людзям інфармацыю”.
Гэта была прэзыдэнт БАЖ Жана Літвіна.
На адкрыцьці фэстывалю таксама прысутнічалі замежныя госьці, прадстаўнікі
журналісцкіх саюзаў Расеі ды Летувы Аляксандар Капейка й Вілюс Каваляўскас,
расейскага ПЭН-цэнтру Аляксандар Ткачэнка й прадстаўніца міжнароднай праваабарончай
арганізацыі “Article-19” Соф’я Паксьлі. У фэстывалі ўдзельнічае шмат рэгіянальных
выданьняў. Гаворыць намесьнік галоўнага рэдактара гарадзенскае газэты “Біржа
інфармацыі” Міхал Карневіч:
(Карневіч: ) “Трэба бачыць, што робіш ты, і што робяць твае калегі.
Праўнаць – у прафэсійным сэнсе гэта найбольш патрэбна. Сёньня найбольш
актуальнае пытаньне – абарона правоў журналіста. І калі мы не аб’яднаемся
і ня будзем разам, то нас папросту можа і ня быць. Гэта вельмі важна”.
Лічыць спадар Карневіч.
Абарона правоў журналістаў ёсьць адной з асноўных тэмаў фэстывалю. Цэнтральнае
месца на выставе заняў вялікі партрэт зьніклага апэратара расейскага тэлеканалу
ОРТ Зьмітра Завадзкага, а ўдзельнікам і гасьцям фэстывалю былі раздадзеныя
паведамленьні прэсавае службы БАЖ. У іх гаворыцца пра рэпрэсіі ўладаў супраць
рэдакцыі “Новае газэты Смаргоні”, паведамляецца пра абрабаваньне рэдакцыі
незалежнае газэты “Шаг” у Баранавічах, а таксама пра распачатую перарэгістрацыю
газэтаў, якая можа прывесьці да закрыцьця многіх выданьняў.
У рамках фэстывалю сёньня адбылося ўзнагароджаньне журналістаў. Дыплём
імя Ўладзімера Караткевіча “За прафэсійную мужнасьць і пасьлядоўнасьць
у адстойваньні прынцыпаў свабоды слова” атрымала галоўная рэдактарка газэты
“Беларуская маладзёжная” Тацяна Мельнічук. Яшчэ 10 дыплёмаў БАЖ у намінацыі
“За адданасьць прафэсіі” ўручаныя рэдакцыйным калектывам “Нашай свабоды”,
“Беларускага рынку”, “Комсомольской правды в Беларуси” , “Гомельскай думкі”
ды іншых выданьняў. Прызы за журналісцкае майстэрства таксама ўручалі прадстаўнікі
Фэдэрацыі прафсаюзаў, Саюзу прадпрымальнікаў, АГП ды іншых.
У часе фэстывалю таксама адбудуцца сустрэчы журналістаў з чытачамі і
нарада галоўных рэдактараў.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1