Беларуская тэлевізія паведаміла, што знойдзеныя новыя патэнцыйныя інвэстары
для стварэньня другога нацыянальнага тэлеканалу, зь якімі правёў перамовы
асабіста Лукашэнка. Гэтымі інвэстарамі могуць стаць расейскія кампаніі
“Итера” й “Славнефть”, а таксама расейская рэгіянальная тэлесетка “Прометей
АСТ”.
Шукаючы інвэстараў, беларускія ўлады вымушаныя зьмірыцца з тым, што
БТ-2 ня будзе дзяржаўным каналам (ці, прынамсі, не цалкам дзяржаўным).
Тым ня менш, Лукашэнка заявіў, што мае намер трымаць пад сваім кантролем
ідэялягічны зьмест новага каналу й рабіць на ім ключавыя кадравыя прызначэньні.
Гэтае жаданьне Аляксандра Лукашэнкі можа не спадабацца патэнцыйным інвэстарам.
Таму існуе вялікая верагоднасьць, што перамовы, якія распачаліся, могуць
зацягнуцца, і з часам можа атрымацца так, што, як цяпер Лукашэнка ня можа
цалкам кантраляваць сытуацыю вакол нафтаперапрацоўчага заводу ў Мазыры,
што ўваходзіць у кампанію “Славнефть”, гэтак перастане быць яму падуладным
і новы тэлевізійны канал.
Відавочна, што найбольш рэальныя інвэстары – расейскія, якія зацікаўленыя
ўключыць Беларусь у сваю інфармацыйна-камунікацыйную прастору. Як мяркуе
незалежны экспэрт у справе тэлевізіі, былы кіраўнік студыі “Палітыка” на
БТ, а цяпер карэспандэнт агэнцыі “Associated Press Television News” Леанід
Міндлін, для пачатку працы новага тэлеканала патрэбна каля 10 млн. даляраў
і паўгады тэрміну на падрыхтоўку.
Аднак Міндлін ня лічыць, што перамовы зь інвэстарамі будуць хуткімі,
бо вядзецца гандаль за больш выгодныя ўмовы. Тое, што адным з партнэраў
БТ-2 прапануецца стаць расейскай рэгіянальнай тэлесетцы “Прометей АСТ”,
на думку Міндліна, сьведчыць пра верагоднасьць паглынаньня беларускай інфармацыйнае
прасторы расейскімі кампаніямі. Але ў цэлым неабходнасьць стварэньня другога
нацыянальнага каналу насьпела даўно, і які будзе вынік гэтае працы, цяпер
прадказаць яшчэ цяжка.
Гаворыць Леанід Міндлін:
(Міндлін: ) “Усе краіны-нашыя суседзі – Балтыя, Украіна, маюць некалькі
нацыянальных каналаў. Толькі мы – адзіная краіна ў Эўропе, якая мае адзін
тэлевізійны канал. Гэта пытаньне яшчэ і грошай, бо разьвітыя тэлекамунікацыі
– гэта прыкмета эканамічнага разьвіцьця, дарэчы. Тэлекамунікацыйны патэнцыял
Беларусі – гэта 500-600 мільёнаў даляраў у год. Гэта разьвіцьцё тэлебачаньня,
гэта разьвіцьцё тэлекамунікацыяў, гэта разьвіцьцё тэлевытворчасьці. Наколькі
я ведаю, у тых, хто гэты праект прапаноўвае, існуе ня толькі ідэалягічны
падыход. Сёньня ў нас павінен быць другі канал. У нас увогуле ўнікальная
сытуацыя, бо ў нас – чатыры расейскіх і адзін толькі – нацыянальны. Другі
канал – гэта чорная скрыня: мы ведаем, што на ўваходзе, і ня ведаем, што
на выхадзе адбудзецца”,
– гэта быў вядомы тэлежурналіст Леанід Міндлін.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1