Багатая скарбонка беларускае народнае творчасьці папоўнілася
яшчэ адным рарытэтам – зборнікам сучасных твораў, якія прысьвечаныя першаму
прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь.
Творы і экспромты ў розных жанрах – такую літаратуразнаўчую характарыстыку
падаюць зьмешчаным у зборніку тэкстам ўкладальнікі й выдаўцы. Паводле жанравага
вызначэньня зборнік падзелены імі на шэсьць разьдзелаў. У першы ўключаныя
ўсе вядомыя творы, якія прыпісваюцца Ведзьмаку Лысагорскаму, ці, дакладней,
таму аўтару, які хаваецца за гэтым псэўдонімам.
У наступным, самым вялікім паводле аб’ёму, сабраныя творы, падпісаныя
рознымі псэўдонімамі, а таксама народныя прыпеўкі, якім дадзены агульны
назоў – “Сьмех над прорваю”. Дарэчы, гэта адзін з самых па-народнаму таленавітых
досьціпаў пра сучасную беларускую рэальнасьць. Гэтыя народныя жарты, як
і заўсёды, пераўзыходзяць сваёю трапнасьцю аўтарскія творы, якія складаць
наступны разьдзел кніжкі.
У яго ўвайшлі знакамітыя “Русские стишата» Славаміра Адамовіча, за якія,
ці дакладней, за адзін зь якіх – “Убей президента” – паэт правёў дзесяць
месяцаў у вязьніцы. Тут жа верш Пятра Макаля “Бойцеся лёкая”, зьмешчаны
ў 1994 годзе ў газэце “Літаратура і мастацтва”. Факт сам па сабе цікавы,
бо гэтая газэта ўжо даўно не дае падставаў жартаўнікам кшталту галоўнага
рэдактара “Советской Белоруссии” Паўла Якубовіча казаць пра тое, што ўся
беларуская апазыцыя – гэта сябры клюбу прыхільнікаў «ЛіМу». Знойдзе чытач
у гэтым разьдзеле й тэкст папулярнае баляды Віктара Шалкевіча пра таварыша
Сапегу, а таксама злабадзённыя вершы Ніла Гілевіча, Сяржука Сокалава, Сяргея
Патаранскага ды іншых паэтаў.
«Дарагія жэншчыны» – так азагалоўлены разьдзел, які складзены з цытатаў
некаторых публічных выступаў Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пародыі на
асобныя зь іх.
Тэксты парадыйных улётак ды анэкдоты ўтварылі наступны разьдзел. Праўда,
прыхільнікі гэтага жанру будуць расчараваныя, бо ў народзе ходзіць непараўнальная
большасьць з тым мізэрам, які патрапіў у кнігу, показак пра кіраўніка краіны.
Завяршае зборнік разьдзел неафіцыйнае біяграфіі гэроя выданьня.
Складальнікі й выдаўцы кнігі папярэджваюць у прадмове да яе, што ўсе
матэр’ялы надрукаваныя бяз згоды й нават бязь ведама аўтараў. А таксама,
– дадаюць яны, – і бязь ведама й згоды галоўнага пэрсанажу кнігі, якая,
як яны сьцьвярджаюць, нарадзілася ў выніку інтэграцыі. Далей цытата з прадмовы
да выданьня: “Пакуль нашыя славянскія інтэгратары шалеюць ад бязьсільля
сваіх намаганьняў, славяне з Польшчы, Расеі і, вядома, Беларусі аб’ядналіся,
каб захаваць для нашчадкаў гэты помнік эпохі – вобраз першага прэзыдэнта
РБ – так, як убачыў яго народ беларускі. Тэксты, што патрапілі ў кніжку,
вельмі розныя – і па жанры, і па мастацкім узроўні. Некаторыя напісаныя
цьвёрдаю рукою майстра, іншыя – тыповыя прыклады гарадзкога фальклёру,
часам хутчэй для плоту, чым для паперы… Але мы пастараліся амаль нічога
не зьмяняць у творах, бо мэта нашая – не палітычная, а навуковая, зьбіральная
– захаваць тое, што ёсьць і як ёсьць”.
Ці станецца гэты аргумэнт складальнікаў ды выдаўцоў дастатковым для
пільных спэцворганаўскіх літаратуразнаўцаў – будзе вядома ў самы бліжэйшы
час, бо кніга ўжо распачала сваё трыюмфальнае шэсьце да чытачоў.
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1