Наш віцебскі карэспандэнт падае вынікі сёньняшніх шэсьця і мітынгу ў
гэтым абласным цэнтры. Колькасьць удзельнікаў удвая перавысіла заплянаваную.
Шчыра кажучы, яшчэ за 20 хвілінаў да пачатку шэсьця ў Віцебску, арганізатары
напэўна адчувалі б сябе шчасьлівымі, калі б на акцыю выйшлі чалавек 2000.
Па-першае, міліцыя ўсё ж не дазволіла сабрацца на заплянаваным раней
месцы – плошчы Перамогі. Па-другое, такога брыдкага надвор’я не было ўжо
даўно: моцны дождж са сьнегам, які паступова перайшоў у склізкую завіруху
з дажджом і градам.
Але сабралося ўдвая болей ад той колькасці, на якую разьлічвалі арганізатары.
З шыльдамі “Пастаўскі раён”, “Шаркаўшчынскі раён”, “Глыбоцкі раён”, “Сененскі
раён”, “Бешанковіцкі раён”, “Верхнядзвінскі раён”, “Наваполацак”, “Ворша”
ішлі дэлегацыі з рэгіёнаў вобласьці. Моцна гучала “Жыве Беларусь”, бо палову
калёны пад шматлікімі бел-чырвона-белымі сьцягамі складалі маладыя і зусім
яшчэ юныя хлапчукі і дзяўчаты. У кожнага зь іх на скроні быў намаляваны
нацыянальны сьцяжок, шмат хто нес плякаты “Не – саюзу з Расеяй”, “Спыніць
галечу народа”, “Лукашэнка — зыходзь!”, “Саюз з Расеяй – гэта вайна” ды
іншыя. І гэта няглядзячы на тое, што ў вышэйшых установах, школах і на
прадпрыемствах кіраўніцтва папярэджвала пра наступствы ўдзелу ў акцыі.
У Лёдавым палацы ў гэты час праходзіў хакейны матч паміж наваполацкім
“Палімірам” і камандай Югаславіі.
Сам мітынг адбыўся за сьпіною правадыра рэвалюцыі і прайшоў традыцыйна,
скончыўшыся каля 19 гадзінаў амаль у поўнай цемры.
Рэзалюцыю давялося чытаць у пачатку, бо потым гэта было б немагчыма.
Але, як сказала адна з жанчынаў, справа ня ў мітынгу: “Калі пройдзеш разам
з усімі пад роднай сымболікай, атрымліваеш зарад энэргіі на месяцы”.
Алег Жукоўскі
Самае папулярнае
1