У Эўрапейскім парляманце неўзабаве адбудуцца слуханьні ў справе масавых
парушэньняў правоў чалавека ў Чачні. Сёньня з гэтай нагоды ў сталіцы Бэльгіі
каля будынку Эўрапейскага парляманту адбыўся супольны беларуска-чачэнскі
пікет. На тэлефоннай сувязі – старшыня беларускага Цэнтру ў Брусэлі
Ігар Лазарчук.
(Лазарчук: ) “Мы праводзім ля Эўрапарляманту супольную акцыю з чачэнскім
цэнтрам. Акцыя скіраваная супраць імпэрскай палітыкі Расеі. Мы лічым, што
палітыка Расеі імпэрыялістычная: яна акупуе і Беларусь, і вядзе вайну ў
Чачні.
Побач са мной – дэпутат парляманту Ічкерыі Вагап Тутакаў”.
(Вядучы: ) “Сп. Тутакаў, як вядома, Парляманцкая Асамблея Рады Эўропы
прыняла рэзалюцыю аб прыпыненьні сяброўства Расеі ў РЭ ў сувязі зь дзеяньнямі
Расеі ў Чачні. У сувязі з тым, што зараз адбываюцца слуханьні ў Эўрапарляманьце
– якія надзеі вы ўскладаеце на гэтыя слуханьні?”
(Тутакаў: ) “Я думаю, што на цяперашнім этапе ПА РЭ падыйдзе больш крытычна
да ўласнага рашэньня, і, я думаю, яна пэўным чынам націсьне на свой урад,
каб яны выканалі ўсё ж рашэньне парляманту Рады Эўропы. Ёсьць такое спадзяваньне.
Ёсьць і пэсымізм. Ён тлумачыцца тым, што нядаўна завершылася трыўмфальнае
шэсьце расейскага дыктатара Пуціна па Эўропе – яно пахіствае нашыя спадзяваньні.
Нам здаецца, што эўрапейскія дзяржавы – сябры РЭ, Эўрасаюзу -- не зусім
сур’ёзна ставяцца да тых забавязаньняў, якія яны прынялі на сябе, ствараючы
гэтыя арганізацыі, закладаючы падмурак сваіх статутаў аб выкананьні правоў
чалавека. Перадусім права чалавека на жыцьцё і свабоду.
Кантакты зь беларускімі сябрамі ў нас не ўпершыню – мы маем пэўны вопыт
супрацоўніцтва. Я думаю, што ў пэрспэктыве ў нас – вялікая супольная праца
ў разнастайных накірунках.”
Гутарыў
Віталь Тарас
Віталь Тарас