Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шпіён» Гайдукоў хадзіў на працу ў спартовым гарнітуры з «Пагоняй»


Андрэй Гайдукоў
Андрэй Гайдукоў

На наваполацкім «Нафтане», дзе хлопец працаваў апэратарам, у яго «шпіёнскую дзейнасьць» ня вераць. Абвінавачаньне з боку КДБ у супрацоўніцтве з замежнымі спэцслужбамі знаёмыя Андрэя Гайдукова лічаць беспадстаўнымі прыдумкамі.

Затрыманьне 23-гадовага Андрэя Гайдукова па падазрэньні ў зборы інфармацыі для замежных спэцслужбаў актыўна абмяркоўваюць у працоўным асяродку.

Хлопца на «Нафтане» хто і ня знаў асабіста, той, прынамсі, зьвяртаў на яго ўвагу — бо ўлетку ён прыходзіў на працу ў адмыслова пашытым на замову спартовым гарнітуры, кажа «нафтанавец», сябар Партыі БНФ Сяргей Сідараў:

«Такі во бела-чырвоны гарнітур, і з „Пагоняй“! І красоўкі ў яго былі бела-чырвоныя. Цікава так. Я сабе нават такі гарнітур хацеў. Думаў, як атрымаю заробак, дык спытаюся, дзе ён сабе такі замовіў, зьезьдзім тады... Але не атрымалася. Вядома, усе гавораць, што ня вераць у гэта. Абмяркоўваюць, але так, у курылках, бо з пратэстамі тут зараз хто пойдзе? Людзі ж на прадпрыемстве працуюць, выганяць — і ўсё, разумееце?»

Паводле Сяргея Сідарава, намесьнік дырэктара па ідэалёгіі неаднаразова выклікаў Андрэя Гайдукова на «прафіляктычныя гутаркі», у прыватнасьці, у пэрыяд «акцый маўклівага пратэсту». Але цяпер на «Нафтане» ціха: адміністрацыя не зьбірае сходаў і не тлумачаць іншым, за што затрыманы работнік прадпрыемства.

Наваполацкія актывісты вырашылі зьбіраць сродкі для сям’і Андрэя Гайдукова. І ўжо разьмясьцілі абвестку.

на сайце грамадзкай суполкі «Свабодны рэгіён», апавёў адзін з ініцыятараў гэтае справы Сяргей Парчынскі:

«Гэта ж нашы хлопцы, „Саюз маладых інтэлектуалаў“. Яны заўжды нам дапамагалі. І мы першыя пачалі крычаць пра гэтае затрыманьне, заступацца, бо сваіх жа кідаць нягожа! Але нават тыя, хто далёкі ад палітыкі, сьмяюцца, што такое можа быць. Ня вераць у гэта».

Сабраныя грошы сябры мяркуюць перадаць родным Сяргея Гайдукова — на адваката і на перадачы ў СІЗА КДБ, дзе з 8 лістапада ўтрымліваюць наваполацкага актывіста.

Яго маці Вольга Пятроўна завезла туды ўжо дзьве перадачы. Але лекі для сына ў яе не прынялі. Яна напісала некалькі лістоў, але адказаў няма й дагэтуль:

«У яго ж сэрца хворае, яго нават праз гэта ў войска не ўзялі. Ён абсьледаваўся ў Віцебску, у яго там усё сур’ёзна. Але лекі яму ўсе не перадалі, перадалі толькі два нейкія гатункі... Лістоў ад яго няма, хоць напісаў ён тры лісты. А ад нас ён атрымаў толькі паштоўку. Хоць лісты я пісала. Можа, ім там нешта не спадабалася? Можа, ім не спадабалася, што я напісала: „Мы безь цябе сумуем, і котка Марта таксама, сьпіць у тваіх падушках“? Можа, таму і не дайшлі лісты? Добра, пра Марту наступным разам пісаць ня буду»...

Вольга Гайдукова жартуе, што радкі пра котку Марту нехта мог прыняць за шыфроўку. Але гэта сумны жарт: яна ня верыць, што сын «здраднік», які закладаў шпіёнскія зьвесткі ў тайнік:

«Захацелася яму ў палітыку! Ён зьбіраўся ў гарвыканкам, рэгістраваць моладзевую арганізацыю. А хіба тут патрэбная альтэрнатыва БРСМ? І што пагражалі яму — гэта праўда. Ён мяне ашчаджаў, але часам казаў, што прыходзілі да яго, гутаркі вялі...І газэты нейкія ён сапраўды прывозіў ці прыносіў. Можа, ён і насамрэч па газэты езьдзіў?»

КДБ ніяк не камэнтуе заяву «Эўрапейскай Беларусі» пра тое, што Андрэя Гайдукова затрымалі за перадачу бюлетэня «Хартыя97».

Вольга Гайдукова пра крымінальную справу сына амаль нічога ня ведае. Хіба толькі тое, што сьледчы Алег Барысевіч — зь Віцебску, таму езьдзіць у менскі СІЗА КДБ у камандзіроўкі. Але Андрэй папрасіў узяць для яго кантрольныя працы ва ўнівэрсытэце, дзе вучыцца завочна. Значыць, спадзяецца ў хуткім часе выйсьці на волю, лічыць маці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG