Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са «шпіёнам» Гайдуковым сустрэўся адвакат


Вольга Гайдукова, маці зьняволенага ў СІЗА КДБ актывіста, апавяла са словаў адваката, што 22 лістапада сына дапытваў сьледчы. Паводле спадарыні Гайдуковай, Андрэй дагэтуль не атрымаў лістоў з дому, і да сваякоў не дайшлі лісты, адпраўленыя ім.

З першага дня затрыманьня Андрэй Гайдукоў напісаў дахаты тры лісты, кажа маці:

«Гэта мы ведаем са словаў адваката. Але ніводнага ліста мы не атрымалі. Магчыма, ён напісаў нешта такое, што не прапусьціла цэнзура. Ведаем, што і нашы лісты ён не атрымаў — дайшла толькі паштоўка ад сястры. Але што мяне радуе, — гэта тое, што праз адваката Андрэй перадаў просьбу наконт сваёй вучобы, каб для яго перадалі кантрольныя работы. Гэта мяне ўсьцешыла. Значыць, у яго ёсьць пляны на будучыню, і ён не адчайваецца. Турбуе яшчэ ягонае здароўе. Адвакат кажа, што выглядае ён няблага. Адно што ў СІЗА КДБ дужа халодна, і я баюся, каб ён не захварэў».

Вольга Гайдукова гаворыць, што сын мае сур’ёзную сардэчную хваробу, праз якую яго нават не ўзялі ў войска. Аднак усе неабходныя лекі яму дагэтуль не перадалі: у СІЗА КДБ патрабуюць даведку ад лекара.

«Усе даведкі я сабрала, але ў мяне засталіся толькі копіі. Арыгіналы я аддала адвакатцы, якая пісала заяву, каб Андрэю зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Тут цяпер зноў патрабуюць арыгіналы. А што да зьмены меры стрыманьня, дык цяперашні адвакат — а гэта ўжо трэці адвакат, які абараняе сына, — гаворыць, што спадзявацца на гэта амаль безнадзейна. Але перакананая, што Андрэй ніколі не рабіў таго, у чым яго вінавацяць».

Супраць Андрэя Гайдукова распачалі крымінальную справу па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці». Яго затрымалі ў Віцебску 8 лістапада нібыта «падчас закладкі ў тайнік зьвестак, якія цікавяць замежныя спэцслужбы».

Паводле заявы «Эўрапейскай Беларусі», Андрэй Гайдукоў быў затрыманы за распаўсюд газэты «Хартыя’97». Яго маці таксама пацьвярджае, што сын распаўсюджваў нейкія газэты, але гэта было даўней. Падчас ператрусу, які супрацоўнікі КДБ правялі ў актывіста дома 8 лістапада, ніякіх газэт не знайшлі, і забралі толькі два кампутары і мабільныя тэлефоны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG