Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шпіёна» Гайдукова арыштавалі за «Хартыю’97»?


Андрэй Гайдукоў
Андрэй Гайдукоў

Паводле каардынатара грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьмітра Бандарэнкі, наваполацкі актывіст Андрэй Гайдукоў супрацоўнічаў з кампаніяй і распаўсюджваў у Беларусі бюлетэнь «Хартыі’97». Што пра гэта кажуць сябры арыштаванага КДБ актывіста?

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі», палітычны ўцякач Зьміцер Бандарэнка пацьвердзіў, што арыштаваны 8 лістапада жыхар Наваполацку Андрэй Гайдукоў супрацоўнічаў з «Эўрапейскай Беларусьсю». У прыватнасьці, Гайдукоў распаўсюджваў газэту «Хартыя’97». Вось што Зьміцер Бандарэнка паведаміў «Свабодзе» ў тэлефоннай размове з Варшавы:

Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка
«Грамадзянскай кампаніяй „Эўрапейская Беларусь“ наладжаны распаўсюд газэты „Хартыя’97“ на тэрыторыі Беларусі. Гэта такі інтэгральны праект, у якім удзельнічаюць розныя арганізацыі моладзі і ня толькі. Нам дакладна вядома, што ў дзень, калі быў арыштаваны Андрэй Гайдукоў, ён атрымаў 2 тысячы асобнікаў газэты „Хартыя’97“ для распаўсюду ў Віцебскай вобласьці. І ў гэты ж дзень ён быў арыштаваны. Мы ведаем, што КДБ вельмі цікавяць справы гэтак званага шпіянажу. За гэта супрацоўнікі КДБ атрымоўваюць зорачкі на пагонах і падвышэньне на службе. Для іх гэта вельмі цікавая тэма».

Як прыклад неабгрунтаванага перасьледу грамадзян з боку КДБ Зьміцер Бандарэнка нагадаў выпадак з журналістам Антонам Сурапіным ды іншымі фігурантамі справы аб «швэдзкіх мядзьведзіках». «Ці магчыма сумяшчаць распаўсюд апазыцыйнага выданьня са шпіёнскай дзейнасьцю?» — пытаецца Зьміцер Бандарэнка і кажа, што абвінавачаньне Андрэя Гайдукова ў здрадзе радзіме — фальшывае:

«Мы лічым гэтую справу сфабрыкаванай. Улады вельмі непакояцца, калі існуюць незалежныя структуры, калі ў краіне распаўсюджваецца незалежная інфармацыя. Таму рэагуюць на гэта вельмі моцна. Мы лічым, што Андрэй Гайдукоў быў арыштаваны менавіта за распаўсюд газэты „Хартыя’97“, за распаўсюд незалежнай інфармацыі, і патрабуем яго тэрміновага вызваленьня».

У заяве «Хартыі’97» адносна справы Андрэя Гайдукова гаворыцца, што распаўсюджваньне інфармацыі, права на якое гарантавана Канстытуцыяй, ня можа лічыцца шпіянажам і здрадай радзіме.

21 лістапада ў Менску Яўген Канстанцінаў, які называе сябе старшынём створанага ў Наваполацку «Саюзу маладых інтэлектуалаў», заявіў журналістам і праваабаронцам, што Андрэй Гайдукоў быў ягоным намесьнікам у гэтай арганізацыі. Канстанцінаў выклаў сваю вэрсію наконт прычын арышту Андрэя Гайдукова. «Яго пакаралі за адмову спыніць спробы зарэгістраваць арганізацыю і наладжваньне міжнародных кантактаў», — сказаў Яўген Канстанцінаў.

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка ня стаў камэнтаваць зьвесткі Яўгена Канстанцінава пра «Саюз маладых інтэлектуалаў» і пра дзейнасьць у гэтай арганізацыі Андрэя Гайдукова.

Як ставіцца Яўген Канстанцінаў да зьвестак, што ягонага сябра арыштавалі за распаўсюд газэты «Хартыя’97»? «Як адна з вэрсій гэта можа быць», — сказаў «Свабодзе» Яўген Канстанцінаў:

Канстанцінаў: «Так, мы супрацоўнічалі з „Эўрапейскай Беларусьсю“ даволі цесна. Але я не магу з пэўнасьцю сказаць, што ён арыштаваны менавіта за гэта».

Карэспандэнт: «А ці было вам вядома, што Андрэй распаўсюджвае газэты „Хартыі“?»

Канстанцінаў: «Так, было вядома».

Паводле Яўгена Канстанцінава, сёньня, 22 лістапада, Андрэя Гайдукова ў СІЗА КДБ плянуе наведаць адвакат. Яўген Канстанцінаў разьлічвае атрымаць новыя зьвесткі пра сябра.

У КДБ, пасьля інфармацыі пра затрыманьне грамадзяніна Беларусі паводле абвінавачаньня ў здрадзе дзяржаве ў выглядзе агентурнай дзейнасьці, больш нічога пра справу Гайдукова не паведамляюць. «Навінаў няма», — адказаў 22 лістапада на пытаньне «Свабоды» кіраўнік прэсавай службы КДБ Аляксандар Антановіч.

Якую пазыцыю адносна справы Андрэя Гайдукова займаюць беларускія праваабаронцы?

Людміла Гразнова з «Праваабарончага альянсу»:

Людміла Гразнова
Людміла Гразнова
«Адназначна нешта пэўнае пра гэтую гісторыю пакуль сказаць не магу, бо мала фактаў. Адно бачу — што пасадзілі чалавека ў „Амэрыканку“ і павесілі на яго такі жахлівы артыкул. Гэта яўна сьведчыць пра тое, што спэцслужбы запалохваюць. Найперш запалохваюць рабочых, бо ён рабочы „Нафтану“. Па-другое, запалохваюць студэнтаў, бо ён таксама вучыцца. І ўвогуле моладзь. Такіх некалькі стрэлаў робяць адначасова».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG