Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі смак «салодкай» галіны


Вернутыя на загад Аляксандра Лукашэнкі пад дзяржаўны кантроль кандытарскія фабрыкі «Камунарка» і «Спартак» пачынаюць гаспадарыць паводле новых правілаў.

Гэтак, на распараджэньне новапрызначаных кіраўнікоў адкліканыя касацыйныя скаргі з Вышэйшага гаспадарчага суду, з дапамогай якіх ужо выпраўленыя ў адстаўку адміністрацыі прадпрыемстваў намагаліся перагледзець рашэньні па позвах Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці. У жніўні дзеля «аднаўленьня правоў Рэспублікі Беларусь» ведамства запатрабавала прызнаць за дзяржавай 68 821 імянную акцыю «Камунаркі», а таксама 280 810 акцыяў «Спартака», якія існавалі на момант стварэньня адкрытых акцыянэрных таварыстваў.

Судовыя рашэньні, якія грунтаваліся на «парушэньнях заканадаўства падчас разьдзяржаўленьня і прыватызацыі кандытарскіх фабрык у Менску і Гомелі», сталі фармальнай прычынай, каб расфармаваць назіральныя рады гэтых прадпрыемстваў і звольніць генэральных дырэктараў. Пра гэта, наведваючы «Камунарку» 12 кастрычніка, заявіў Аляксандар Лукашэнка, загадаўшы радыкальна зьмяніць раскладку акцыянэраў у абодвух калектывах — зь цяперашніх 22% на «Камунарцы» і 13% на «Спартаку» доля дзяржавы да канца кастрычніка павінна павялічыцца да 57% і 60% адпаведна. Стратэгічны акцыянэр Марат Новікаў, які цяпер жыве і працуе ў ЗША і доўгі час меў статус галоўнага кандытара Беларусі, па сутнасьці, страчвае аднаасобны кантроль над бізнэсам.

Новыя кіраўнікі фабрык, прызначаныя адстойваць перадусім інтарэсы дзяржавы, ужо адмовіліся ад прэтэнзіяў сваіх папярэднікаў на адрас тых ведамстваў, якія ставілі пад сумнеў адкрытасьць працэдуры прыватызацыі, і адклікалі касацыйныя скаргі з Вышэйшага гаспадарчага суду. На 26 кастрычніка прызначаны пазачарговы сход акцыянэраў, які мае ўнесьці зьмены ў статуты фабрык і абраць новы склад назіральных радаў. Зьнятыя з пасадаў кіраўніцы прадпрыемстваў Натальля Кот і Алеся Самсонава, як і чальцы расфармаваных радаў, што-колечы камэнтаваць у зьвязку са скандалам адмаўляюцца.

На думку фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, у гісторыі з паўторна нацыяналізаванымі прадпрыемствамі можа быць і закулісная частка. На яго думку, іх маглі забраць, каб перапрадаць больш выгаднаму пакупніку:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Як я ведаю, на гэтыя актывы ёсьць буйныя замежныя пакупнікі, якія ня супраць былі прапанаваць за іх нядрэнныя грошы. Таму можна думаць, што гэта якраз такая апэрацыя, якая мае на ўвазе яшчэ і нейкую другую частку. То бок, адабралі ў бізнэсоўца, які калісьці скупіў акцыі ў працоўнага калектыву, каб прытрымаць для кагосьці іншага. Але, нягледзячы на тое, што фармальна гаворка пра нібыта „аднаўленьне справядлівасьці“, насамрэч ніхто не гаворыць пра тое, каб вярнуць гэтыя акцыі тым, у каго яны першапачаткова купляліся. Гаворка толькі пра павелічэньне долі дзяржавы. І калі за гэтым пойдзе нейкая прыватызацыйная зьдзелка, то цалкам магчыма, што гэта кампэнсуе страты ад першай часткі апэрацыі. Гэта, бадай, адзінае, што тут можна прыдумаць. Хоць мне і падаецца, што гэта вельмі нацягнутае тлумачэньне».

Бізнэсовец Сяргей Скрабец некалі ўзначальваў сумеснае прадпрыемства «БелБабаеўскае», заснавальнікамі якога былі расейская фабрыка «Бабаеўская» і прэзыдэнцкая адміністрацыя. Кажа, што з аналягічнай сытуацыяй сутыкнуўся пры канцы 1990-х, калі «рэйдэрскі захоп» быў арганізаваны, ягонымі словамі, якраз пад Марата Новікава. Ужо амаль зацьверджаны праект уваходжаньня «Камунаркі» ў холдынг з расейцамі і далейшых інвэстыцыяў у 20 мільёнаў даляраў нечакана быў згорнуты. Як лічыць спадар Скрабец, гэта адбылося з падачы цяперашняга прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча, які лабіраваў інтарэсы Новікава. У выніку «Бабаеўская» зь Беларусі сышла, а кандытары атрымалі новага гаспадара:

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец
«Фармальна адкрытае акцыянэрнае таварыства кіруецца сходам акцыянэраў, які вызначае экспартную, маркетынгавую палітыку прадпрыемства і г.д. Гэта калі ўвогуле. Але канкрэтна прадпрыемствам кіруе дырэктар, таму наіўна ўяўляць, што астатнія работнікі будуць нешта меркаваць і ўплываць на палітыку. Не, канечне. Зараз прызначылі новых кіраўнікоў, і цяпер яны будуць вырашаць, у каго закупляць сыравіну, каму прадаваць, як увогуле гандляваць прадукцыяй і г.д. Я нічога тут асаблівага ня бачу, акрамя таго, што Новікаў ня будзе звышпрыбыткі атрымліваць. Яго ценевы бізнэс дакладна спынены, а што будзе далей — як кажуць, трэба паглядзець. Можа, якасьць палепшыцца, можа, рынкі новыя адкрыюцца, можа, пачнуць ужо нешта і ў прадпрыемствы ўкладваць, а ня толькі грошы вымываць. Але гэта ўжо будзе палітыка, якую будзе пачынаць новае кіраўніцтва».

Калі зыходзіць з заяваў Аляксандра Лукашэнкі, у якіх сьцьвярджаецца, што Марат Новікаў паўтара дзясятка гадоў «выпампоўваў» фінансавыя рэсурсы зь Беларусі, то чаму толькі цяпер з гэтым пачалі змагацца?

Скрабец: «Ведаеце, спадар Лукашэнка, скажам так, ня Юлій Цэзар, які ўва ўсіх галінах можа кантраляваць сытуацыю. Ён аддаў гэта на водкуп Мясьніковічу і неяк забыўся. А зараз зьвярнуў увагу. У краіне цяпер такая сытуацыя, што гандлёвае сальда пачало пагаршацца. Мы больш валюты закупляем, чым тавару прадаецца. Таму лічу, што яму далі дакладную — якія прадпрыемствы вывозяць валюту з краіны. І туды трапіла кандытарская прамысловасьць, бо, груба кажучы, ня слаба яны газавалі. Вось і ўсё. А пры разумным кіраўніцтве можна ўсё ж пераарыентаваць плыні ў зусім іншым кірунку — больш завозіць валюты ў краіну, чым вывозіць. Мяркую, што менавіта гэта стала асновай такіх дзеяньняў».

На прэсавай канфэрэнцыі расейскім журналістам 16 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «рэйдэрскі захоп» беларускіх кандытарскіх фабрык быў учынены амэрыканскім бізнэсоўцам Маратам Новікавым, вядомым, словамі Лукашэнкі, яшчэ як «Ізя Сігізмундавіч». Стратэгічны акцыянэр нібыта плаціў «прыкормленым» кіраўнікам, каб урэшце скупіць 100% акцый прадпрыемстваў. Сам жа Новікаў, паводле Лукашэнкі, праз зарэгістраваныя ў ЗША і Расеі фірмы выводзіў грошы зь Беларусі, «наварваючыся» на пастаўках сыравіны і продажы прадукцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG