Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спартак» і «Камунарка» адклікалі скаргі па пазовах Дзяржкаммаёмасці


Кампаніі «Спартак» і СААТ «Камунарка» адклікалі з Вышэйшага гаспадарчага суду касацыйныя скаргі на ранейшыя рашэньні суду паводле пазоваў Дзяржкаммаёмасці, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Вышэйшага гаспадарчага суду.

16 кастрычніка 2012 году адбыліся судовыя пасяджэньні касацыйнай калегіі Вышэйшага гаспадарчага суду, на якіх плянавалася разгледзець касацыйныя скаргі акцыянэрных таварыстваў «Спартак» і «Камунарка». Аднак абодва заяўнікі адклікалі свае скаргі, якія у выніку засталіся без разгляду.

Дзяржкаммаёмасьць патрабавала прызнаць за дзяржавай права выпусьціць і перадаць ў дзяржаўную ўласнасьць 280.810 простых імянных акцый «Спартака», каб аднавіць правы дзяржавы ў таварыстве, якія, як меркавала Дзяржкаммаёмасьць, былі парушаныя. Суд падчас разгляду пазову высьветліў, што прыватызацыя «Спартака» ў 1993 годзе праходзіла з пэўнымі парушэньнямі. Паводле суду, быў істотна зьніжаны ацэначны кошт прадпрыемства, з-за чаго статутны фонд стаў меншым і дзяржава атрымала меншую долю простых імянных акцый. Таксама на «Спартаку» быў парушаны парадак абмену імянных акцый таварыства на прыватызацыйныя чэкі «Маёмасьць», вырашыў суд.

Разьбіральніцтва пазову Дзяржкаммаёмасьці да акцыянэрнага таварыства «Камунарка» выявіла падобную схему незаконнай, як вырашылі ў судзе, прыватызацыі. У выніку суд пастанавіў даць права дзяржаве на дадатковы выпуск 68.861 простай імянной акцыі і перадачу гэтых акцый у дзяржаўную ўласнасьць, што таксама аднаўляла страчаныя ў гэтым таварыстве правы дзяржавы.

З 16 кастрычніка ранейшыя рашэньні Вышэйшага гаспадарчага суду адносна «Спартака» і «Камунаркі» набылі моц, заяўлена ў паведамленьні прэсавай службы суду.

12 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падчас нарады па разьвіцьці кандытарскай галіны на «Камунарцы» загадаў зьліквідаваць назіральныя рады акцыянэрных таварыстваў «Камунарка» і «Спартак», звольніць іх дырэктараў і аднавіць перавагу дзяржавы ў пакетах акцый гэтых акцыянэрных таварыстваў. «Будзе, як на дзяржаўных прадпрыемствах», — заявіў Лукашэнка, паводле якога цяпер «не назіральныя рады, а непасрэдны кіраўнік будзе прымаць усе рашэньні».

Амэрыканскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Марат Новікаў, які да гэтага часу валодаў 34% акцыяў «Камунаркі» і 54% акцыяў «Спартака», завіў у камэнтары агенцтву «Бізнэс-навіны» пра нязгоду з рашэньнем кіраўніка дзяржавы. «Такога няма нават у Венэсуэле, на Кубе», — сказаў Марат Новікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG