Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанія прадае Беларусі зброю і трэніруе беларускіх вайскоўцаў


Матэрыял на гэтую тэму падрыхтаваў --> http://www.channel4.com/news/how-the-uk-props-up-europes-last-dictatorship і выпусьціў у эфір брытанскі тэлеканал Channel 4 News.

З прычыны катаваньняў, палітычна матываваных зьнікненьняў і палітычнага гвалту Беларусь называюць «апошняй дыктатурай Эўропы». Аднак Вялікабрытанія па-ранейшаму гандлюе зброяй з гэтай краінай, а зараз плянуе пашырэньне супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры.

Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, якая да гэтага часу выконвае сьмяротныя пакараньні разам з пазбаўленьнем волі палітычных апанэнтаў, катаваньнямі затрыманых і ганебнымі палітычнымі працэсамі. Гэта дае падставы міністэрству замежных справаў Злучанага Каралеўства адносіць яе да ліку краінаў, стан дэмакратыі і правоў чалавека ў якіх выклікае занепакоенасьць.

Тым не менш, Вялікабрытаніі, другая краіна ў сьвеце паводле аб’ёму інвэстыцый у Беларусь. Яна зьяўляецца адным з самых важных гандлёвых партнэраў Менску, брытанскі экспарт зброі ў Беларусь вымяраецца мільёнамі фунтаў стэрлінгаў. Channel 4 News стала вядома, што беларускія афіцэры былі запрошаны ў Вялікабрытанію для вайсковай падрыхтоўкі ў наступным годзе.

У мінулую нядзелю у Беларусі прайшлі выбары, якія паводле АБСЭ не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі.

Выбары сталі рэхам апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у 2010 годзе, наступствамі якіх сталі вулічныя пратэсты і затрыманьні 700 чалавек. Пасьля тых арыштаў брытанскі МЗС канстатаваў: «Некаторыя зьняволеныя зрабілі вартыя даверу паведамленьні аб катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня».

Аднак незадоўга да гэтага Вялікабрытанія прадала Беларусі ўзбраеньняў на амаль 3 мільёны фунтаў стэрлінгаў — у тым ліку прыцэлы, сыстэмы навігацыі і крыптаграфічныя камплекты.

Праўда, пастаўкі зброі рэзка зьнізіліся, калі ў ліпені 2011 году Эўразьвяз ўвёў эмбарга на збройны экспарт у Беларусь у сувязі з пагаршэньнем становішча з правамі чалавека ў гэтай краіне. Брытанскі збройны экспарт упаў да 31 тысячы фунтаў стэрлінгаў, зьвёўшыся да спартовай зброі і разнастайнай оптыкі. МЗС падкрэсьлівае, што гэтыя прылады ня могуць быць выкарыстаныя для ўнутраных рэпрэсій.

Між тым, паток брытанскіх інвэстыцый у Беларусь шырэй, чым калі-небудзь. Channel 4 News стала вядома, што кошт брытанскага экспарту ў Беларусі падвоіўся за апошнія пяць гадоў — ад 67 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў ў 2007 годзе да 125 мільёнаў летась. Сёлета можа быць яшчэ больш. За першыя пяць месяцаў 2012 году агульны аб’ём гандлю перавысіў 77 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў

Кампаніі, якія інвэставалі ў Беларусь, імкнуцца паказаць (калі яны могуць), што не працавалі з урадам. Адной з такіх кампаній была піяр-кампанія Grayling, чыя матчына кампанія Huntsworth знаходзіцца ў падпарадкаваньні мільянэра, спонсара Кансэрватыўнай партыі і асабістага сябра Дэвіда Кэмэрана лорда Чадлінгтана. Прадстаўнік Grayling сказаў Channel 4 News, што кампанія ніколі не рабіла бізнэс з урадам Беларусі . «Grayling заўсёды строга прытрымлівалася і будзе прытрымлівацца прынцыпаў Эўразьвязу адносна вядзеньня бізнэсу ў Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG