Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У падтрымку звольненага гісторыка — новыя ініцыятывы


Андрэй Чарнікевіч
Андрэй Чарнікевіч

У гарадзенскім унівэрсытэце адмаўляюцца камэнтаваць звальненьне дацэнта Андрэя Чарнякевіча.

Тым часам пад лістом да міністра адукацыі Беларусі падпісалася звыш 350 чалавек з розных краінаў. Яны патрабуюць аднавіць яго на працы. У сувязі са звальненьнем Чарнякевіча гарадзенскія гісторыкі заснавалі ўзнагароду імя Юзафа Ядкоўскага.

Сёньня я спрабаваў высьветліць у першага прарэктара Сьвятланы Агіявец, якая каардынуе ідэалягічную працу, якія парушэньні працоўнай дысцыпліны дапускаў дацэнт Чарнякевіч, на падставе якіх яго звольнілі.

Спадарыня Агіявец праз сакратарку скіравала мяне з гэтым пытаньнем да намесьніцы начальніка Цэнтру масавых камунікацый унівэрсытэту Надзеі Вашкілевіч.

Вашкілевіч: «Я вам скажу, што афіцыйная вэрсія сёньня звальненьня яго за парушэньне працоўнай дысцыпліны існуе, і нічога іншага я вам не дадам. Напэўна, людзі, якія прымалі рашэньне, ведаюць сваю справу таксама і беспадстаўна прымаць такое рашэньне ня будуць».

Сам Чарнякевіч і ягоныя калегі ня маюць сумневу, што сапраўдная прычына — удзел у напісаньні кнігі «Гродназнаўства». Бо і Чарнякевіча, і іншых аўтараў выклікалі на размовы з супрацоўнікамі рэктарату, а таксама КДБ. Прычына — «несавецкая» трактоўка гісторыі гораду.

Сёньня Андрэй Чарнякевіч заняты тым, што запаўняе падатковую дэклярацыю, якую ў яго і іншых аўтараў кнігі раптам запатрабавалі ў падатковай інспэкцыі. Я пацікавіўся ягонымі бліжэйшымі плянамі.

Чарнікевіч: «Я, хутчэй за ўсё, зьбіраюся зьвярнуцца ў суд, шукаць працу і надалей рабіць працу гісторыка — вось, уласна, і ўсё».

Тым часам гарадзенскія гісторыкі, якія выступілі ў абарону Чарнякевіча, сабралі звыш 350 подпісаў пад лістом да міністра адукацыі Беларусі з тым, каб яго аднавілі на працы. Падпісаліся гісторыкі і ня толькі зь Беларусі, а і з Польшчы, Літвы, Расеі, Чэхіі, Украіны, ЗША, Канады, Паўднёвай Афрыкі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі.

Звальненьне Чарнякевіча стала для гарадзенскіх гісторыкаў нагодай, каб заснаваць узнагароду імя Юзафа Ядкоўскага. Яна будзе мець найперш маральную каштоўнасьць і мае стаць прызнаньнем заслуг навукоўца. Першае ўзнагароджаньне плянуецца ўжо на пачатку лістапада, падчас дзён Сьвятога Губэрта.

Паводле гарадзенскага гісторыка Ўладзімера Хільмановіча, Горадня ў гэтым сэнсе адстае, і таму ён цалкам падтрымлівае такую ініцыятыву.

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч
Хільмановіч: «У Горадні не намінуюцца ні ў сфэры культуры людзі, ні ў сфэры навуковай дзейнасьці, няма літаратурных прэмій, за дасьледаваньне беларускай мінуўшчыны. Таму лягічна, што зьяўляюцца такія ўзнагароды і паўстаюць такія ініцыятывы».

Юзаф Ядкоўскі — заснавальнік Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю. У 20–30-х гадах 20 стагодзьдзя з ініцыятывы Ядкоўскага ў Горадні правялі першыя археалягічныя дасьледаваньні Старога Замку і пачалі яго рэстаўрацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG