Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Янкута — пра мядзьведзяў беларускай і швэдзкай літаратуры


Ганна Янкута
Ганна Янкута
Стаўленьне да такой звычайнай, здавалася б, цацкі, як плюшавы мядзьведзік, пасьля скідваньня з самалёту паўтысячы ягоных швэдзкіх сябрукоў з цыдулкамі ў падтрымку правоў чалавека ў Беларусі, зрабілася вельмі неадназначнае. Хтосьці выцягнуў свайго даўняга улюбёнца і носіць цяпер пры сабе, дэманструючы такім чынам сваю грамадзянскую пазыцыю, хтосьці, наадварот, асьцярожна выказваецца не на карысьць гэтага новага сымбаля беларускай свабоды і галоснасьці. Аднак палітыка палітыкай, а мядзьведзі мядзьведзямі, можам сказаць мы, галасуючы за гэтых пушыстых зьвяроў, калісьці вельмі шанаваных у славянскай міталёгіі і неаднаразова адлюстраваных у беларускім прыгожым пісьменстве. Ганна Янкута прапануе ўспомніць, якія яны — самыя знакамітыя мядзьведзі нашай літаратуры.


Міхась Лынькоў. Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў. Менск: «Юнацтва», 1997

Прыгоды самага, бадай, вядомага мядзьведзя беларускай літаратуры апісаў у сваёй аповесьці «Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» Міхась Лынькоў. Яго ідылічны мядзьведзік здольны на многае: ён і галоўны палкавы артыст, што ў часы прывалаў забаўляе салдатаў, і кулямётчык, і пехацінец, а пры пільнай патрэбе нават лётчык і кавалерыст. Кніга выйшла ў 1937 годзе, а таму лёгка здагадацца, пра якую вайну там вядзецца гаворка, аднак вялікай ролі палітычны ці, хутчэй, ідэалягічны складнік у аповесьці не адыгрывае, пра што сьведчыць і шэраг перавыданьняў, у тым ліку зробленае праз шэсьцьдзесят гадоў пасьля яе першага выхаду ў сьвет. Кніга прызначаная для малодшых школьнікаў, і менавіта таму яе герой-мядзьведзік хутчэй нагадвае гарэзьлівага хлопчыка, чым грознага зьвера. Асобныя эпізоды твора апісаныя так, нібыта бачацца вачыма Мішкі, хаця і ў трэцяй асобе, і гэта яшчэ больш набліжае аповесьць да маладога чытача. Бо калі герой кнігі — такі сьмешны мядзьведзік, якая розьніца, хто з кім б’ецца і хто каго перамагае — чырвонаармейцы белагвардзейцаў ці наадварот. А калі закрыць вочы на непазьбежны ў тыя часы патас, то кніга можа прынесьці яшчэ адну карысьць — расказаць пра грамадзянскую вайну, пра якую многія дзеці на фоне ўсеагульнай прапаганды гераізму беларускага народу ў Другой сусьветнай могуць цяпер нічога і ня ведаць.


Уладзімер Караткевіч. Былі ў мяне мядзьведзі. Выбраныя творы ў 2-х тамах. Том 1. Менск: «Мастацкая літаратура», 1980

Дзеяньне апавяданьня Уладзімера Караткевіча «Былі ў мяне мядзьведзі» таксама пачынаецца падчас вайны, але яго калматы герой, мядзьведзь Бурык, ніякіх подзьвігаў, у адрозьненьне ад лынькоўскага Мішкі, не зьдзяйсьняе, а паводзіцца як самы звычайны лясны зьвер. Адзінае адрозьненьне і Бурыка, і касалапай зоркі кіно Тупа ад іх субратоў палягае ў тым, што на некаторы час жыцьцё сутыкае двух гэтых мядзьведзяў з апавядальнікам, мастаком-анімалістам Сяргеем, які дае ім прытулак. Чым бы мядзьведзь ня цешыўся, галоўнае, каб жыў у лесе, нібыта гаворыць чытачу апавядальнік. Але калі ўжо ў лес яму ніяк, хай хоць трошкі парадуецца, дадае ён і адпраўляе мядзьведзя ў ванну купацца, насыпаўшы туды папярэдне чагосьці духмянага — з пахам лесу, мядзьведзю ж нішто чалавечае не чужое. Калі верыць Караткевічу, мядзьведзі, спазнаўшы чалавечую любоў, здольныя на вернасьць і гатовыя з рызыкай для жыцьця ратаваць гаспадара ў сьмяротнай небясьпецы, як Бурык уратаваў апавядальніка ад ашалелага саўгаснага бугая. Гаворыць аўтар і пра тое, што аддзячыць за такую вернасьць чалавек можа далёка не заўсёды, і часьцей за ўсё зьвер праз сваю ж дабрыню і памірае, як памёр мядзьведзь Тупа, забыты пасьля спробаў пагуляцца зь незнаёмымі.

Героі Караткевіча з мядзьведзямі ня толькі сябруюць, але і старанна іх вывучаюць. Філялягічныя росшукі лесьніка раскрываюць сапраўдную, старадаўнюю назву мядзьведзя (які ёсьць мядзьведзем, то бок знаўцам мёду, толькі паводле прафэсіі), «Bär», бо інакш чаму яго жытло называлася б «барлогам», а значыць, «логавам бара»? А барамі гэтыя жывёлы зрабіліся для таго, каб не быць рабамі, бо, як паведамляе іншы герой апавяданьня, мядзьведзі — гэта людзі, які ў лес зьбеглі, каб быць свабоднымі. Галоўны герой і сам заўважае, што без свабоды мядзьведзі ніяк, і расстаньне нават з самым блізкім касалапым сябрам — непазьбежнае.


Кандрат Крапіва. Мядзьведзічы. Менск: «Бельлітфонд», 2000

У рамане Кандрата Крапівы «Мядзьведзічы» выведзеныя ўжо зусім іншыя мядзьведзі, не сьмелыя палкавыя артысты і не добрыя сябры чалавека, а такія, што на першы погляд нават і ня скажаш, што гэта — мядзьведзь. Мядзьведзічы — вёска, у якой адбываецца дзеяньне рамана, своеасаблівая супольнасьць, якая жыве паводле сваіх законаў, але яшчэ гэта і жыхары вёскі, мядзьведжага кута, члены супольнасьці, што ставяцца часам адно да аднаго як рысь да мядзьведзя: крадуць розную дробязь, падаюць у суд, пляткараць і нагаворваюць. Зрэшты, хоць раман і займае ў творчасьці Кандрата Крапівы (больш вядомага як сатырык, чым як аўтар буйной формы) асаблівае месца, усё ж нельга сказаць, што пісьменьнік адышоў у ім далёка ад сваёй тэмы — выкрываньня заганаў і высьмейваньня недарэчных бакоў жыцьця. Раман, аднак, вельмі цікавы сваёй формай: ён складаецца з шэрагу апавяданьняў, адны зь якіх аб’яднаныя тэматычна і сюжэтна, іншыя ж уяўляюць асобныя устаўныя гісторыі, сатырычныя і часам нечакана лірычныя. Гэта і ажыўляе аповед, і робіць яго месцамі падобным да зборніка анэкдотаў, некаторыя зь якіх выклікаюць хутчэй сьмех скрозь сьлёзы. Не пакінуў Крапіва ўбаку і тэму вайны: ці то статыстычна гэта самая частая тэма ў беларускай літаратуры, ці то мядзьведзі ў нас могуць з’яўляцца ў творы толькі на фоне страляніны і партызаншчыны (да тэмы вайны Кандрат Крапіва вяртаецца і ў байцы «Мядзьведзі», далёкай, на першы погляд, ад любых мілітарысцкіх ідэяў). Аднак самай важнай тэмай твора застаецца мядзьведжае жыцьцё пры камунізьме, якая цяпер, відаць, гучыць трохі ня так, як гучала ў часы Крапівы, і робіць аповед нашмат больш іранічным, чым ён мог быць тады. Магчыма, нават насуперак намерам і задумам самога аўтара.


Ніна Мацяш. Казка пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзя. Менск: «Юнацтва», 1982

І ўсё ж мядзьведзь — герой літаратуры хутчэй дзіцячай, чым дарослай. Дарослым да мядзьведзяў справы няма, дарослыя згадваюць пра іх толькі ў надзвычайных сытуацыях, напрыклад, у выпадку высадкі варожага дэсанту. У дзіцячых жа творах мядзьведзь — часты госьць, зь міталёгіі ён перакачоўвае ў народныя гісторыі, а адтуль і ў аўтарскую казку, ператвараючыся, напрыклад, у вядомага ва ўсім сьвеце Віні-Пуха, зусім не падобнага да сваіх дзікіх лясных братоў. У вершаванай «Казцы пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзя» Ніны Мацяш мядзьведзь, аднак, не страціў сваёй блізкасьці да міталягічнага продка, дый сам сюжэт, у аснове якога ляжаць стасункі паміж людзьмі і жывёламі, узяты з народнай казкі. Мядзьведзь Ніны Мацяш, як і мядзьведзь Уладзімера Караткевіча, памятае дабро, якое зрабіў яму чалавек, але ён пазбаўлены рэалістычных рысаў і, як любы казачны герой, што паважае сябе, размаўляе на чалавечай мове і здольны рабіць калі ня цуды, то прыемныя падарункі. Магчыма, таму казка разьлічаная нават на маладзейшых чытачоў, чым апавяданьне Караткевіча. Аднак можна зрабіць выснову, што мядзьведзь у беларускіх творах, незалежна ад узросту мэтавай аўдыторыі, — пэрсанаж збольшага станоўчы і вельмі сымпатычны, часам сьмешны і трохі недарэчны, але на вялікую крыўду не здольны.


Юя Вісландэр, Томас Вісландэр. Малы і Мядзьведзік: апавяданьні. Менск: Літаратура і мастацтва, 2010

Ну і побач зь мядзьведзямі беларускімі нельга ўсё ж не згадаць мядзьведзяў швэдзкіх, якія ўмеюць ня толькі скакаць з парашутам і хваляваць грамадзкае меркаваньне, але і рабіць шмат іншага. Мядзьведзік Юі і Томаса Вісландэраў — сябар хлопчыка, якога бацькі называюць Малы, і гэты сябар заўсёды гатовы слухаць гісторыі пра дзённыя авантуры і па магчымасьці браць у іх удзел. Праўда, гэты мядзьведзік — той яшчэ экстрэмал: ён можа забрацца на флагшток і стаяць там на адной назе (мабыць, любоў да небясьпечных відаў спорту ў швэдзкіх мядзьведзяў у крыві). Яшчэ ён любіць плаваць і суправаджае Малога ў самых небясьпечных выправах, напрыклад, калі той ідзе ў школу. І калі раптам хтосьці думае, што хадзіць у школу бясьпечна, кніга «Малы і Мядзьведзік» адкрые чытачу вочы на праўду, у тым ліку пра швэдзкіх мядзьведзяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG