Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добры папулізм» як стратэгія для апазыцыі


Вынікі выбараў і пэрспэктывы дзейнасьці палітычых партый абмеркавалі 27 верасьня ўдзельнікі круглага стала «Парлямэнцкія выбары 2012 году: прадказальныя вынікі і выпрацоўка стратэгіі для дэмакратычных перамен у Беларусі».

Уладзімер Роўда
Уладзімер Роўда
Паседжаньне арганізаваў «Аналітычны беларускі цэнтар». Ягоны кіраўнік прафэсар Уладзімер Роўда ў сваім дакладзе зазначыў, што галоўная праблема палітычных партый — умовы, у якіх яны цяпер знаходзяцца:

«Партыі існуюць у рэжымнай сыстэме: быццам і ёсьць, але яны не запатрабаваныя. Беларускаму рэжыму не патрэбныя ні апазыцыйныя, ні праўладныя партыі. Для прэзыдэнта яны небясьпечныя. Жудасная сытуацыя на гэтых выбарах у Гомелі. Аднамандатная акруга, кандыдат ад Ліберальна-дэмактратычнай партыі, але яго не пусьцілі. Чаму так адбылося, вы ведаеце. Праўладны кандыдат трапіў у апошні момант у няміласьць».

Уладзімер Роўда кажа пра Сяргея Мельнікава, які вылучыўся ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі ў Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36. Акруговая камісія падала, што ён не набраў патрэбнай колькасьці галасоў па выніках датэрміновага й асноўнага галасаваньня.

На думку Роўды, сёньняшнія выбары толькі аслабляюць партыі, бо тым самым іх прымушаюць легітымітызаваць рэжым. Аднак выбары — не адзіная даступная форма ўдзелу ў палітычным жыцьці. Уладзімер Роўда лічыць, што многія незаслужана крытыкуюць папулізм як форму сацыяльна-эканамічных патрабаваньняў да рэжыму. Прысутнага на дыскусіі апазыцыянэра Віктара Івашкевіча Роўда назваў «найлепшым беларускім папулістам у добрым сэнсе гэтага слова».

Віктар Івашкевіч расказаў «Свабодзе»: «Кампанія па байкоце парлямэнцкіх выбараў — гэта добры папулізм, бо ён паклаўся на настроі гараджан. А большасьць гараджан сказала, што яны ня хочуць удзельнічаць у выбарчым фарсе. Наступным крокам я бачу байкот дзяржаўных СМІ і дзяржаўных прафсаюзаў. Гэта тыя кампаніі, якія могуць даць плён, бо яны абапіраюцца на масавыя народныя настроі».

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк
Нізкая яўка на выбарах ня ёсьць наўпроставым вынікам працы апазыцыі. Сапраўдны адсотак тых, хто прагаласаваў, — гэта адлюстраваньне агульнай апатыі ў грамадзтве. Так мяркуе ўдзельнік круглага стала экспэрт НІСЭПД Сяргей Нікалюк. Супадзеньне стратэгіі апазыцыйных партый і настрояў людзей не вызваляе палітыкаў ад мэтанакіраванай працы.

Нікалюк: «Палітыка — гэта мастацтва магчымага. Апазыцыя мусіла вызначыць, што сёньня магчыма, і ў рамках гэтага спрабаваць штосьці зрабіць. А ў нас на мінулых выбарах казалі: „Мы ідзём, каб перамагчы“, і што ў краіне склалася новая электаральная сытуацыя. Я, як чалавек, які яе прафэсійна вывучае, ня бачыў ніякай новай сытуацыі. Мы атрымалі тое, што атрымалі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG