Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчыкам па Беларусі прапанаваны Міклаш Харашці


Міклаш Харашці
Міклаш Харашці

Старшыня Рады правоў чалавека ААН Лора Дзюпуі Лясэр рэкамэндуе прызначыць на пасаду спэцдакладчыка па сытуацыі ў Беларусі Міклаша Харашці.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце, які яна накіравала чальцам Рады.

Акрамя Харашці (Вугоршчына), які займаў пасаду прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ, кансультатыўная група рэкамэндавала ў якасьці кандыдатаў на пасаду спэцдаклачыка па Беларусі былога судзьдзю Страсбурскага суду Хане-Сові Грэвэ (Нарвэгія) і юрыста Джарэда Генсэра (ЗША).

Нягледзячы на тое, што ў сьпісе прэтэндэнтаў кансультатыўная група на першае месца паставіла Гревэ як прыярытэтнага кандыдата, Лясэр спыніла свой выбар менавіта на Харашці. Яна рэкамэндуе Харашці на пасаду спэцдакладчыка па Беларусі, прымаючы пад увагу, сярод іншага, яго вопыт і веданьне расейскай мовы.

Як патлумачыла БелаПАН экспэрт у галіне міжнародных прававых мэханізмаў Ірына Дзешывіцына, згодна з працэдурай прызначэньня спэцдакладчыка кансультатыўная група прадстаўляе кіраўніку Рады правоў чалавека сьпіс кандыдатур на гэтую пасаду. Затым старшыня праводзіць шырокія кансультацыі, у тым ліку з прадстаўнікамі сталых прадстаўніцтваў розных краін і праваабаронцамі.

Міклаш Харашці ўзначальваў місіі АБСЭ па назіраньні за выбарамі ў розных краінах. Ён таксама займаў пасаду прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ, мае досьвед працы з правамі чалавека і грамадзянскай супольнасьцю.

Рашэньне па кандыдатуры спэцдакладчыка Рада правоў чалавека прыме 28 верасьня ў другой палове дня.

Мандаты спэцдакладчыкаў ААН па Беларусі і Кубе былі скасаваныя Радай правоў чалавека ААН летам 2007 году. Гэта адбылося ў выніку палітычнага ціску дзеля захаваньня права прызначаць дакладчыкаў па асобных краінах і працягу працы іншых краінавых дакладчыкаў. На скасаваньні мандата настойвалі беларускія ўлады, абвінавачваючы спэцдакладчыка Адрыяна Севярына (Румынія) у палітычнай ангажаванасьці і скажоным інфармаваньні ААН пра сытуацыю ў краіне.

У ліпені 2012 году Рада правоў чалавека ААН вырашыла зноў увесьці мандат спэцдакладчыка па Беларусі, матывуючы гэта шматлікімі фактамі парушэньня правоў чалавека. У адказ афіцыйны Менск заявіў, што не прызнае мандат спэцдакладчыка і ня будзе зь ім узаемадзейнічаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG