Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі відавочца: Чаму вучыліся міліцыянты на апэрацыі «Castor»?


Нямецкая паліцыя выносіць пратэстоўцаў з дарогі, па якой мусяць ехаць грузавікі з радыеактыўнымі адкідамі, 2010 год
Нямецкая паліцыя выносіць пратэстоўцаў з дарогі, па якой мусяць ехаць грузавікі з радыеактыўнымі адкідамі, 2010 год
Актывіст антыядзернага руху і тэатральны рэжысыр паводле адукацыі Зьміцер Чарткоў зьехаў зь Беларусі ў Нямеччыну пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году. За месяц да гэтага, у лістападзе, разам зь некаторымі іншымі сябрамі беларускага Грынпісу ён быў запрошаны нямецкімі сябрамі на традыцыйную масавую акцыю пратэсту «Спынім Castor-перавозкі».

Зьміцер расказвае, што гэтыя акцыі штогод праводзяцца праціўнікамі ядзернага лобі. Маладыя людзі выстройваюцца на шляху цягніка, які вязе ядзерныя адкіды з Францыі ў месца іх захаваньня — ніжнесаксонскі Горлебен у Нямеччыне. Адкіды транспартуюцца ў адмысловых кантэйнэрах маркі Castor. Адсюль і паходзяць назвы як антыядзернай акцыі, так і паліцэйскай апэрацыі супраць дэманстрантаў. Яна лічыцца, бадай, найбольш жорсткай з тых, што праводзяць сілавікі Нямеччыны.

Трэба ўдакладніць, што на шляху «Castor-Transport» праводзіцца не адна, а некалькі акцыяў. Зьміцер Чарткоў разам зь беларускімі сябрамі ўдзельнічаў ў той, якая адбывалася на фінішы транспартаваньня. Гэта было непасрэдна ля самога Горлебена, там, дзе адкіды былі ўжо перагружаны зь цягніка на грузавікі. Мэта дэманстрантаў была стаць, сесьці ці легчы на шашы, перакрыць на нейкі час дарогу грузавікам і такім чынам выказаць свой пратэст. Гэтая акцыя, хоць і не санкцыяваная, але паводле нямецкіх правілаў лічыцца мірнай. Іншая справа — радыкальная акцыя, якая адбываецца на шляху цягніка. У ёй бяруць удзел маладыя людзі анархісцкіх поглядаў. У той год радыкалы вырашылі правесьці штосьці кшталту рэйкавай вайны. Большая частка чыгуначнага шляху праходзіла празь лес, і актывістам-радыкалам удалося выкапаць друз з-пад рэек працягласьцю амаль у два кілямэтры. З-за гэтага цягнік вымушаны быў прастаяць некалькі дзён, пакуль дарогу не аднавілі.

У абодвух выпадках, як зь мірнымі, так і радыкальнымі дэманстрантамі, працавалі нямецкія сілавікі, у абодвух выпадках іх дзеяньні вельмі адрозьніваліся.

Зьміцер Чарткоў: «Мы ўдзельнічалі ў мірнай акцыі. Гэта было далей ад чыгункі, калі кантэйнэры везьлі да могільніка непасрэдна па шашы. Там не было радыкальна настроенай моладзі. Там было шмат старэйшых людзей, таксама дэпутаты Бундэстагу. Калі мы прыбылі на месца, нашы нямецкія сябры сказалі, што сярод нямецкай паліцыі прысутнічае група беларускіх сілавікоў, якая назірае за тым, як дзейнічаюць іх нямецкія калегі. Мы ня бачылі нашых міліцыянтаў, бо іх павезьлі менавіта на радыкальную частку, і я не выключаю, што гэта была непасрэдна іхняя просьба, каб пабачыць самае жорсткае. У нас жа ўсё было мірна. Мы селі на шашы, а да нас пачалі падыходзіць і весьці з намі размову канфлікт-мэнэджэры».

РС: «Канфлікт-мэнэджэры — гэта прадстаўнікі паліцэйскіх структураў?»

Зьіміцер: «Так. Гэтыя людзі або ў мінулым паліцыянты, або псыхолягі ад паліцыі. Іх мэта — весьці перамовы і пераконваць, таксама папярэджваць дэманстрантаў, што можна, а што нельга. Нашы арганізатары сказалі ім: мы будзем сядзець. Вось такія былі перамовы паміж арганізатарамі акцыі і паліцыяй. Пасьля перамоваў мы працягвалі сядзець. Паліцыянты на той момант ачапілі тэрыторыю страйкоўшчыкаў. Потым да кожнага з нас пачалі падыходзіць па чатыры чалавекі ў форме, бралі за рукі, ногі, цела і выносілі. Так было з кожным, і такім чынам крок за крокам, мэтар за мэтрам вызвалялася дарога». На яе шляху актывісты Грынпісу рабілі розныя расьцяжкі«.

РС: «Гэты вынас быў жорсткім?»

Чарткоў: «Хутчэй, пяшчотным. Вельмі далікатна нас выносілі за месца ачапленьня, а потым гэтак жа далікатна клалі на зямлю. Абсалютна аніякай жорсткасьці. Паклалі і глядзелі, каб мы не выходзілі на недазволеную тэрыторыю. Хаця некаторым нейкімі шляхамі-абыходамі ўдалося ўсё ж трапіць на шашу. Паколькі наша акцыя была мірнай, абыходжаньне не было агрэсіўным, а наадварот, дружалюбным».

РС: «Аднак беларускія міліцыянты гэтыя мэтады не пераймалі?»

Зьміцер: «Не, іх там не было, бо яны былі менавіта на жорсткай частцы, там, дзе былі радыкальныя актывісты, якія падкопвалі рэйкі, то бок наўмысна ішлі на парушэньне закону. Гэта было зусім іншае. Там былі, сапраўды, жорсткія дзеяньні. Падчас іх, напрыклад, паліцыя выкарыстоўвала пярцовы газ. У арсэнале беларускай паліцыі таксама маецца такі спэцсродак. Ад яго жудасна пачынаюць балець вочы, цякуць сьлёзы, чалавек вымушаны хаваць свой твар. Пры канцы актывістаў-радыкалаў паставілі ў кола і пратрымалі так гадзінаў пяць на холадзе ў лесе. Паколькі тыя людзі ішлі на парушэньні, яны ведалі пра магчымыя жорсткія наступствы. Напрыклад, розныя штрафы, адміністрацыйныя папярэджаньні. Наколькі я ведаю, нікога не пасадзілі за краты. У Нямеччыне па-іншаму адбываецца судовае пакараньне. Тут не караюць такімі жорсткімі турэмнымі тэрмінамі, як у Беларусі. Самае жорсткае, што адбылося для тых дэманстрантаў — гэта менавіта самі сутычкі ў той момант. А далей усё было ціха. Прыехалі адвакаты, прадстаўнікі арганізацыі, а потым усе разьехаліся».

РС: «Што, на ваш погляд, узялі з таго досьведу беларускія міліцыянты? Штосьці было выкарыстана, напрыклад, падчас мірнай дэманстрацыі 19 сьнежня 2010»?

Зьміцер: «Паколькі я ўдзельнічаў у мірнай дэманстрацыі 19 сьнежня, магу сказаць, што нашы сілавікі ўзялі самае жорсткае. Яны разьбівалі людзей, ставілі на калені ў кола, таксама некалькі гадзінаў трымалі затрыманых на марозе на Акрэсьціна. Таксама магу сказаць, што нашы сілавікі рабілі такое, чаго б ніколі б не дазволілі сабе нямецкія паліцыянты. У Нямеччыне немагчыма, каб сілавікі падчас апэрацыі былі ў цывільным і кагосьці білі нагамі. Асабліва жанчын, мірных людзей. Пра тое, каб на акцыі прысутнічалі нейкія канфлікт-мэнэджэры, якія б размаўлялі з дэманстрантамі і пераконвалі іх, дык і гаварыць не даводзіцца. У Нямеччыне, паўтаруся, ў паліцыянтаў былі жорсткія сутычкі з радыкальнай групай, але мірных дэманстрантаў яны не чапалі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG