Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевічу канчаткова адмовілі ў рэгістрацыі


Аляксандар Мілінкевіч і Юрась Меляшкевіч
Аляксандар Мілінкевіч і Юрась Меляшкевіч

5 верасьня Вярхоўны суд Беларусі абвясьціў вэрдыкт па скарзе лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, якога не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты.

Судзьдзя Валянціна Кулік не знайшла падставаў, каб задаволіць скаргу Мілінкевіча. Сам ён заяўляе, што на гэтым выбарчая кампанія для яго не заканчваецца.

Аляксандар Мілінкевіч спрабаваў празь Вярхоўны суд дамагчыся, каб яго зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Для яго гэта была апошняя магчымасьць пазмагацца за дэпутацкі мандат. Аднак судзьдзя Вярхоўнага суду Валянціна Кулік, якая, дарэчы, вяла сёньняшняе паседжаньне на беларускай мове, не знайшла падставаў, каб задаволіць ягоны зварот. Яна палічыла, што прэтэнзіі да былога кандыдата ў дэпутаты з боку акруговай і Цэнтральнай выбарчых камісіяў маюць дастатковае абгрунтаваньне.

Лідэр руху «За свабоду» хацеў балятавацца ў 109-й менскай Уруцкай выбарчай акрузе. Аднак пры праверцы подпісаў выбарцаў акруговая камісія палічыла, што з правераных 350 подпісаў 26% — няпэўныя. Сюды, паводле даведкі камісіі, залічылі подпісы зь несапраўднымі пашпартнымі дадзенымі, подпісы, у якіх дату нібыта ставіла іншая асоба, а ня самі выбарцы, а таксама подпісы тых выбарцаў, якія не пражываюць на тэрыторыі 109-й акругі.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Юрась Меляшкевіч сёньня ў судзе спрабаваў абвергнуць гэтыя высновы. Аднак — безвынікова.
Мілінкевічу канчаткова адмовілі ў рэгістрацыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:43 0:00
Наўпроставы лінк

Аляксандар Мілінкевіч пасьля абвяшчэньня прысуду сказаў «Свабодзе», што такое рашэньне Вярхоўнага суду для яго ня стала нечаканым:

«Улада — маналітная. І яна зноў спрабуе зрабіць абсалютна стэрыльны парлямэнт. І гэта вельмі шкодзіць краіне. Таму што нават бабулькі, якія падыходзілі да мяне падчас збору подпісаў, казалі: „Мы за перамены“.

Людзі падчас таго месяца, які я правёў за зьбіраньнем подпісаў, збольшага казалі, што вельмі важна, нават калі мы вас не падтрымліваем, каб у парлямэнце была дыскусія, каб былі розныя законапраекты. Грамадзтва дасьпела. А вось улада, відаць, ад страху, ня можа пайсьці на гэта.

Шкада, бо Беларусі проста наканавана рабіць рэформы. Ну, на чатыры гады яшчэ адкладзем. Але гісторыя не чакае столькі».

Я спытаў спадара Мілінкевіча: што ён зьбіраецца рабіць далей? Ён кажа, што меў пляны зрабіць вельмі моцнай другую частку выбарчай кампаніі ва Ўруччы і папрацаваць зь людзьмі:

«Але я зараз зьяўляюся ў 50-ці зарэгістраваных кандыдатаў даверанай асобай. Гэта для мяне вялікі гонар. І дзе пасьпею, я буду прыяжджаць і выступаць. Буду паказваць, што мы каманда, што мы маем пляны, што ведаем, як трэба рабіць. І я лічу, што гэта таксама вельмі важна. Толькі цяпер гэта будзе ня Менск, а краіна».

Акрамя справы Аляксандра Мілінкевіча, сёньня Вярхоўны суд разглядаў яшчэ чатыры звароты. На дадзены момант вынесены вэрдыкт яшчэ і па скарзе дэмакратычнага актывіста з Баранавічаў Рыгора Грыка. Яму таксама адмовілі.

Рыгор Грык
Рыгор Грык
Спадар Грык сказаў «Свабодзе», што ён прадставіў суду 35 лістоў выбарцаў, якія напісалі, што яны самі ставілі подпіс і дату подпісу ў яго падтрымку. Камісія ж сьцьвярджала, што дату ў аркушы нібыта ўпісваў сам былы кандыдат у дэпутаты. Аднак суд не ўлічыў мае доказы, кажа Рыгор Грык:

«Судзьдзя адхіліў маю скаргу. Ён палічыў, што ЦВК усё зрабіла правільна. Я — просты чалавек, рабочы. І лічыў, што ў парлямэнце павінен быць хаця б адзін чалавек ад народу. А атрымліваецца, што ў нас у парлямэнце адны чыноўнікі. І па іх працы мы бачым, як мы жывем. На жаль, у нас няма сапраўднага права абіраць і быць абраным».

Таксама адмоўны вэрдыкт вынесены і па справе кіраўніка барысаўскай гарадзкой арганізацыі АГП Міхаіла Васільева, якая таксама разглядалася сёньня. Такім чынам, вышэйшая судовая інстанцыя вызначылася ўжо па 15 справах. Станоўчы адказ дадзены толькі былому кандыдату ў прэзыдэнты Віктару Цярэшчанку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG