Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плян па мэдалях правалены, кадравыя чысткі непазьбежныя


Перадапошні дзень Алімпіяды прынёс беларусам срэбны мэдаль — Раман Петрушэнка і Вадзім Махнеў фінішавалі другімі ў фінале байдаркі-двойкі на 200 мэтраў. Такім чынам, у скарбонцы беларусаў стала 11 мэдалёў. Але гэта далёка нават ад паловы колькасьці, вызначанай спартовымі функцыянэрамі і асабіста прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандрам Лукашэнкам — прывезьці зь Лёндану ня меней за 25 узнагародаў.

Апошнія дні для беларускіх заўзятараў адзначаныя поўным расчараваньнем. Перадусім падвялі прадстаўнікі лёгкай атлетыкі. За выключэньнем бліскучай штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук усе астатнія так і засталіся на другіх ролях. Алімпійская чэмпіёнка Пэкіну-2008, кідальніца молата Аксана Мянькова не змагла паўтарыць ранейшае дасягненьне і заняла толькі сёмае месца. На такой жа пазыцыі ў забегу на 1500 мэтраў фінашавала Натальля Карэйва. Некалі мэдалёвая эстафэтная каманда беларускіх бягуньняў у сваім паўфінале была пятая і да вырашальнай стадыі нават не дайшла.
На сваёй шостай Алімпіядзе Кацярына Карстэн упершыню засталася без мэдаля.
На сваёй шостай Алімпіядзе Кацярына Карстэн упершыню засталася без мэдаля.

Куды больш спадзяваньняў ускладалася на традыцыйна моцных весьляроў, аднак пасьля няўдачы Кацярыны Карстэн тры мэдалі ў веславаньні — ужо добра. Зрэшты, як кажа трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч, які трэніруе расейскую каманду, у адсутнасьць спрыяльных умоваў для падрыхтоўкі агульны выступ беларусаў не такі і дрэнны:

Уладзімер Парфяновіч
Уладзімер Парфяновіч
«Вы што, на базе ў Берасьці будзеце ў студзені ці нават у веснавыя месяцы весьці падрыхтоўку на вадзе? Зразумела, што ня будзеце. Таму ўсе пытаньні ўпіраюцца ў тое, каб весьці падрыхтоўку круглы год, перадусім зімой. Летам мы і без таго маем добрыя „базы“ — азёры, рэкі. Процьма месцаў, дзе мы малі б трэніравацца. А ў іншы час чалавек застойваецца, дэградуе. Справа ў тым, што мы сёньня маем адну школу, бо ні беларусы, ні расейцы, ні ўкраінцы не зрабілі лепшай школы за тую, якая была ў Савецкім Саюзе. Тады была адна база, якая адпавядала неабходным патрабаваньням — база ў Абхазіі. І я думаю, што мы павінны аднавіць гэтую базу зноў, зрабіць яе тым месцам, дзе маглі б зьбірацца спартоўцы з былога СССР. Сюды маглі б прыяжджаць весьляры, праводзіць падрыхтоўку. І я думаю, мы гэта зробім».

Аглядальнік спартовай газэты «Прессбол» Барыс Тасман лічыць, што па выніках Алімпіяды найбольшай ухвалы заслугоўвае штурхальніца ядра Надзея Астапчук, а таксама тэнісіст Максім Мірны — абое зрабілі для беларускага спорту максымум магчымага:

«За Надзею радасна яшчэ і таму, што яна заняла непрымірымую пазыцыю тады, калі на яе аказваўся ціск з боку ранейшага галоўнага трэнэра нацыянальнай каманды, які зараз знаходзіцца пад сьледзтвам. Яна заняла прынцыповую пазыцыю, абсалютна дакладную, зразумелую. Тады як іншыя спартоўцы і трэнэры ня здолелі гэта зрабіць. Больш глыбока расшыфроўваць я ўжо ня буду. Таму за яе радасна вельмі і вельмі. Я ад яе перамогі перажыў па-сапраўднаму моцныя эмоцыі — прыблізна такія ж, як пасьля перамогі Макса Мірнага. Гэты хлопец, дарэчы, таксама варты самых высокіх слоў — за сваю адданасьць справе і краіне, у якой ён нарадзіўся».
Максім Мірны і Вікторыя Азаранка абдымаюцца пасьля перамогі ў паядынку за залаты мэдаль Алімпіяды
Максім Мірны і Вікторыя Азаранка абдымаюцца пасьля перамогі ў паядынку за залаты мэдаль Алімпіяды

Радуюцца за алімпійскіх трыюмфатараў ня толькі спэцыялісты, але і людзі, часта далёкія ад вялікага спорту. У вёсцы Вялікія Арлы на Століншчыне да тэлевізараў на час Алімпіяды літаральна прыклеіліся ўсе землякі Надзеі Астапчук. А як кажа ейная першая выхавацелька Тамара Рыгораўна, адной з галоўных заўзятарак была 82-гадовая бабуля Надзеі:

«Мы тут у Арлах усе глядзелі, абавязкова. Я асабіста абтэлефанавала ўсіх, каго магла, па іншых вёсках, бо ўсё ж гэта наша адзіная гонар і слава. Калі казаць пра іх сям’ю, то гэта вельмі добрая, працавітая сям’я. Яе бабуля вырасьціла пяцёра дачок, усіх падымала на ногі. Адным словам, добрыя, руплівыя, справядлівыя людзі, у вёсцы заўсёды карысталіся аўтарытэтам. Таму і ня дзіўна, што ад такой сям’і, мабыць, закладзеныя і Надзейцы гены дабрыні, чалавечнасьці. Калі яна прыяжджае ў Арлы, то няма нават намёку нейкай пагарды, хоць, як ні круці, а яна — зорка. Мабыць, і людзі вакол яе такія ж. Калі мы тут з бабуляй глядзелі па тэлевізары, як яна ўжо выступіла, апошні раз кінула тое ядро, бабуля нечакана пазнала на экране трэнэра Надзі — той прыяжджаў на пахаваньне мамы Надзі. А ўжо мінула амаль 10 гадоў».
Надзея Астапчук сьвяткуе перамогу
Надзея Астапчук сьвяткуе перамогу

Былы спартовы вядучы беларускага тэлебачаньня Ўладзімер Даўжэнка зазначае, што вымушае жадаць лепшага якасьць працы беларускіх камэнтатараў. На яго думку, вялізная каманда камандзіраваных у Лёндан тэлевызійшчыкаў выступіла прыблізна гэтак жа, як і самі спартоўцы:

Ўладзімер Даўжэнка
Ўладзімер Даўжэнка
«Гляджу, як камэнтатары беларускія працуюць. Дзеля параўнаньня глядзеў цырымонію адкрыцьця ў беларускім варыянце і на расейскім „Эўраспорце“. Ведаеце, абсалютна розны ўзровень падачы. Якія разумныя, эрудзіраваныя вядучыя з Расеі, і якія зашораныя, заідэалягізаваныя нашыя памяркоўныя Інга Хрушчова, Павал Баранаў. Узровень непараўнальны. Зрэшты, тое ж тычыцца і ўласна выступу беларускіх спартоўцаў — невыразна, неэмацыйна, без усялякага пад’ёму і настрою на барацьбу. Хоць Алімпіяда — гэта заўсёды падзея калясальнага маштабу, але ў нашым, беларускім, разуменьні нічога добрага ад нашых чакаць было цяжка. Я адпачатку казаў: 15 мэдалёў — гэта будзе максымум. Звычайна адзін-два чалавекі выпадкова выстрэльваюць, але ў гэтым годзе цяжка было на нешта спадзявацца».

Хоць перад беларускімі атлетамі была пастаўленая задача заваяваць 25 мэдалёў, пакуль рэальна ёсьць 11 узнагародаў: 3 залатыя, 4 срэбныя і 4 бронзавыя. Тры мэдалі здабылі весьляры, два — плыўчыха Аляксандра Герасіменя, па дзьве ўзнагароды — у цяжкай атлетыцы і ў вялікім тэнісе, па адной — у стральбе і лёгкай атлетыцы.

Найменей — па 15 алімпійскіх мэдалёў рознай вартасьці — было ў 1996 годзе ў Атлянце і ў 2004 годзе ў Атэнах. Аляксандар Лукашэнка ўжо паабяцаў падначаленым «жорсткія разборкі» за правал Алімпіяды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG