Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ўзяць спэцыялістаў для рэстаўрацыі Сынкавіцкай царквы?


Сынкавіцкая царква
Сынкавіцкая царква

Мастак Алесь Пушкін просіць усіх ахвотных далучыцца да рэстаўрацыі аднаго з самых старажытных помнікаў беларускай архітэктуры — Сынкавіцкай царквы 15–16 стагодзьдзя. На дапамогу Пушкіну трэба 10 хлопцаў. Аднак спэцыялісты выказваюць заклапочанасьць, наколькі дбайна і, галоўнае, законна ажыцьцяўляецца рэстаўрацыя.

Сытуацыя, калі для рэстаўрацыі аднаго з найстарэйшых помнікаў гатычнай архітэктуры зьбіраюць валянтэраў літаральна «з вуліцы», выклікае шмат пытаньняў. Асабліва на фоне рэгулярных канфліктаў, якія разгараюцца паміж афіцыйнымі ўстановамі, кшталту Ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, і незалежнымі архітэктарамі, рэстаўратарамі і краязнаўцамі.

Навуковы кіраўнік рэстаўрацыйных працаў — архітэктар Генадзь Лаўрэцкі. Ён запэўнівае, што ўсе працы вядуцца легальна. Сама рэстаўрацыя пачалася яшчэ ў 2010 годзе:

Генадзь Лаўрэцкі
Генадзь Лаўрэцкі
«Цяпер ідзе раскрыцьцё росьпісаў, бо ў свой час гэтыя росьпісы былі замазаныя алейнай фарбай блакітнага колеру. Зараз мы здымаем гэтае пакрыцьцё. На гэты час знайшлі некалькі надпісаў на грэцкай мове. Гэта вельмі цікавая знаходка. На нашую думку, там могуць быць і сюжэтныя росьпісы ў алтарнай частцы. Тыя зандажы, якія зараз зробленыя, даюць магчымасьць меркаваць пра гэта».

Генадзь Лаўрэцкі кажа, што, магчыма, пад алейнай фарбай знаходзяцца росьпісы 15–16 стагодзьдзя.

Радыё Свабода: «Ці не пашкодзяць валянтэры гэтыя каштоўныя росьпісы?»

Генадзь Лаўрэцкі: «Гэта ня будуць проста людзі з вуліцы. Усё будзе ісьці пад наглядам Мінкульту і навуковага кіраўніка. Там шмат тэхнічнай працы. Каб зьняць верхні слой алею, ня трэба вялікай кваліфікацыі. Спадара Алеся Пушкіна мы запрасілі, каб зьняць алейнае пакрыцьцё, знайсьці сьляды росьпісаў, зрабіць праграму па рэстаўрацыі і зацьвердзіць яе ў Мінкульце».

Рэстаўратар Уладзімер Ракіцкі перакананы, што любыя рашэньні пра ход рэстаўрацыі павінны прымацца не адным чалавекам і ў адпаведнасьці з зацьверджанай дакумэнтацыяй. Гэтаксама і працы павінны выконвацца кваліфікаванымі людзьмі і пад наглядам адмыслоўца. Уладзімер Ракіцкі, сярод іншага, быў навуковым кіраўніком рэстаўрацыі Спасаўскай царквы XII стагодзьдзя ў Полацку. У 2007 годзе спыніў сваю працу, пратэстуючы супраць «эўрарамонту» старажытнай сьвятыні.

Радыё Свабода: «Проста даць абвестку і сказаць: прыходзьце 10 чалавек і мы будзем расчышчаць гэтую фарбу — нельга?»
Алесь Пушкін, наколькі я ведаю, ня мае спэцыяльнай рэстаўрацыйнай адукацыі. Ён ня мае права займацца дасьледаваньнямі, а тым больш нешта расчышчаць.

Уладзімер Ракіцкі: «Гэта немагчыма. Алесь Пушкін, наколькі я ведаю, ня мае спэцыяльнай рэстаўрацыйнай адукацыі. Ён ня мае права займацца дасьледаваньнямі, а тым больш нешта расчышчаць».

Начальнік Упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігар Чарняўскі кажа, што ня можа зараз кінуць усю сваю працу і заняцца Сынкавіцкай царквой — па ёй надта шмат дакумэнтаў. «Але людзі, якія будуць працаваць у царкве, павінны хаця б трошкі разумець у рэстаўрацыі. У іх павінны быць ня толькі рукі, але і галава, якая думае. Яны павінны ўмець трымаць у руках скальпэль і іншыя інструмэнты. Альбо Алесь Пушкін павінен іх навучыць добра. Але, мне здаецца, ён трошкі заўчасна зрабіў гэтую абвестку. Ён толькі прынёс нам матэрыялы, якія мы павінны разгледзець. Пры ўсёй павазе да ягонай працаздольнасьці гэта можа быць заўчасна».

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч
Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч выказвае кампраміснае меркаваньне: «На расчыстку не патрэбныя адмысловыя людзі. Гэта можа быць звычайная некваліфікаваная сіла пад кіраўніцтвам спэцыяліста. Алесь можа кіраваць працай, у яго ёсьць досьвед. Але ў мяне ёсьць сумненьні, ці знойдзе ён гэтых 10 валянтэраў. Аднак я падтрымліваю меркаваньне Ўладзімера Ракіцкага. Вядома, гэта трэба спэцыялісты. Але дзе ўзяць у Беларусі спэцыялістаў, калі я вам па пальцах пералічу — гэта браты Маліноўскія, Ракіцкі, Астравух, Сарока. І ўсё! Гэта пытаньне глябальнае. У Беларусі няма кваліфікаваных рэстаўрацыйных кадраў. Іх можна пералічыць на пальцах адной рукі. У нас няма рэстаўрацыйнай школы. Нават зараз у Акадэміі мастацтваў ёсьць рэстаўрацыйнае аддзяленьне, а самога Ракіцкага не пусьцілі туды выкладаць. А выкладаюць, прабачце мяне „баклажаны“ з вуліцы, звычайныя мастакі, якія пра рэстаўрацыю нават уяўленьня ня маюць. Абы толькі асвоіць дзяржаўныя грошы, прыдумалі сабе новае аддзяленьне — абы там ражно рабіць».
У Беларусі няма кваліфікаваных рэстаўрацыйных кадраў. Іх можна пералічыць на пальцах адной рукі.

Астаповіч лічыць, што працы ў Сынкавіцкай царкве ўвогуле цяжка назваць рэстаўрацыяй:

«Там усё на ўзроўні комплексных навуковых дасьледаваньняў — зандаж, раскрыцьцё. Аніводнага рашэньня канкрэтна па рэстаўрацыйных працах яшчэ не прынята. Гэта яшчэ перадпраектныя працы».

Генадзь Лаўрэцкі апісвае, што было зроблена за гэтыя гады:

«Зараз распрацаваная дакумэнтацыя на прытвор. Ён будзе такі, які задакумэнтаваны на фатаздымках ХХ стагодзьдзя. Ідзе расчыстка і ўмацаваньне муроўкі на фасадах. Будзе расчышчаны франтон, раскрытыя сьветлавыя нішы. Яны таксама маглі выкарыстоўвацца як байніцы. Гэта ў верхняй частцы. Па інтэр’еры ў нас з восені пачнуцца дасьледчыя працы».

Пакуль невядома, калі аднаўленьне Сынкавіцкай царквы можна будзе лічыць завершаным. Па словах Антона Астаповіча, фінансаваньне рэстаўрацыі трымаецца «на энтузіязьме». Генадзь Лаўрэцкі пацьвярджае, што грошы зь дзяржавы на рэстаўрацыю «выбівае» настаяцель храму. Паводле Алеся Пушкіна, за расчыстку аднаго квадратнага мэтра сьценаў ад алейнай фарбы валянтэр можа атрымаць 80 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG