Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра асаблівасьці службы ў супрацьпаветранай абароне


Мазыр, вайсковая часьць, дзе Франак Вячорка праходзіў службу.
Мазыр, вайсковая часьць, дзе Франак Вячорка праходзіў службу.

Калі б я не служыў у беларускай супрацьпаветранай абароне і ня ведаў яе кухню, то не паверыў бы, што нейкія авіяаматары двойчы бесьперашкодна перасеклі межы Бацькаўшчыны.

Не скажу нічога новага. Нашая супрацьпаветраная абарона спрэс дзіравая. І каб гэта ўбачыць, ня трэба быць вайсковым экспэртам.

Я служыў дызэлістам-электрыкам радыёлякацыйнай станцыі у радыётэхнічнай частцы ў Мазыры. У нашыя абавязкі ўваходзіла абарона паветранай мяжы і недапушчэньне незаконнага яе перасячэньня. Нас патасна называлі памежнікамі паветранай прасторы, і штодня рыхтавалі да вайны з НАТО. І мы рыхтаваліся. Паялі дроцікі няспраўнага экрану, змазвалі салідолам іржавую антэну радыёлякацыйнай станцыі, і капалі, капалі, капалі.

Якім чынам праскочыў Jodel зь мядзьведзікамі?

Jodel ляцеў нізка і павольна. Я думаю, лякатары яго проста ня ўбачылі.

Вышка патрульнага, адкуль ён павінен фіксаваць самалёты
Вышка патрульнага, адкуль ён павінен фіксаваць самалёты

Нашая тэхніка заточаная пад вялікую вайну і пад вялікія самалёты. Памятаю, што зь верталётамі, малагабарытнымі самалётамі, параплянамі заўжды ўзьнікалі праблемы. Па-першае, яны ляцяць павольна — іх лёгка пераблытаць з хмарамі, птушкамі і перашкодамі. Па-другое, многае залежыць ад ляндшафту, дальнасьці, надвор’я. Калі на мапе паўставаў такі аб’ект, часта мы яго нават не «заводзілі».

Самы надзейны спосаб зафіксаваць такі самалёт — біноклем. Але з гэтым таксама праблемы. На часьць было два біноклі, іх выдавалі патрульным толькі ў выпадку праверкі ці гатоўнасьці нумар адзін.

Ня войска, а паказуха

І хаця мая часьць у Мазыры лічыцца ўзорнай ў радыётэхнічных войсках, першае ўражаньне, калі мяне туды прывезьлі, — трапіў у музэй вайсковай тэхнікі.



Бальшыня лякатараў — 70-80 гадоў XX стагодзьдзя (П-18, П-37). Дарэчы, нядаўна мы шукалі рэквізыт для фільму Жыве Беларусь!, знайшлі такія (нават у лепшым стане) лякатары у музэі войска ў Варшаве.

Лякатары недаўкамплектаваныя і састарэлыя. У адным не працуе экран, у другім — няма электраблёку, у трэцім — кабеляў. Крадуць ня толькі начальнікі — салдату таксама хочацца ўзяць нешта на памяць аб паўтарох гадах страчанага жыцьця.

Вельмі часта самалёт зьнікаў з экрану радара, але нам загадвалі перадаваць на вышэйстаячы камандны пункт, што ўсё яшчэ яго бачым. Такім чынам рабілася паказуха для начальства.

Тэрыторыя вайсковай часьці, на пярэднім пляне - электрагенэратар
Тэрыторыя вайсковай часьці, на пярэднім пляне - электрагенэратар

З часам мае саслужбоўцы — апэратары РЛС — вывучылі на памяць да хвіліны ўсе пасажырскія рэйсы. Мы нават маглі не ўключаць лякатар, і наўздагад перадавалі вышэйшаму камандаваньню паветраную абстаноўку.

Аднойчы ў нас адбыўся сымбалічны інцыдэнт.


«Ліцер А» — гэта значыць, ляціць Лукашэнка. У вайсковай часьці баявая гатоўнасьць, мітусьня. Круцяцца ўсе лякатары (нават тыя, якія не працуюць). На камандным пункце пад зямлёй сабраліся ўсе начальнікі і ў прыцемках лаюцца матам адзін на аднаго. Дзесьці на фоне мільгаціць тэлевізар. Начальнік штабу аддае каманды, прыціскаючы чырвоную трубку да абветранага пунсовага вуха.


...Паводле нашых радараў, Лукашэнку да Кіева яшчэ заставалася 10–20 км палёту. Вось-вось пойдзе на пасадку. І тут з тэлевізара — навіны, прамое ўключэньне! Лукашэнка прызямліўся ў Кіеве, выходзіць з самалёта, усьміхаецца… А ў нас усё яшчэ ляціць.

Ці пакараюць вінаватых?

Рана ці позна пакараюць. Зробяць гэта ціха і халоднакроўна.

Салдаты ідуць на баявое дзяжурства
Салдаты ідуць на баявое дзяжурства

Але першымі пад раздачу трапяць, вядома, салдаты. У арміі заўжды вінаваты салдат. Лямпачка перагарэла — пазбаўленьне звальненьня. Гнілая бульба на складзе — тры нарады па-за чаргой. Начальнік салярку скраў, а ты не данёс — 3 месяцы арышту.

У інтэрнэце прайшла інфармацыя, што вінаватым салдатам зьменшылі паёк, праводзяць допыты. Гэтым пакараньне ня скончыцца. Думаю, дзяжурны разьлік адправяць у дысбат, можа, нават пасадзяць начштаба ці камбата. Мы пра гэта можам і не даведацца: армія — установа закрытая.

Узгадайце хаця б суд над былым камандуючым ВПС і СПА генэрал-маёрам Азаронкам: журналістам заставалася толькі здагадвацца, чым жа ён правініўся.

За паўтара году зьмянілася тры камандуючых ВПС і войскаў СПА.



Камандуючы склад беларускай арміі
Камандуючы склад беларускай арміі
Новыпрызначаны Дзьмітры Пахмелкін таксама рызыкуе неўзабаве расстацца з пагонамі.


***

Нашая армія працягвае жыць у 80-х. Халодная вайна скончылася, а мы працягваем гуляць у вайнушку.

На дварэ — эпоха бесьпілётнікаў і бескантактнай вайны. Бесьпілётнік (памерам з той жа Jodel і менш) спакойна мог даляцець аж да цэнтру гораду і нават да рэзыдэнцыі.


А калі б на борце былі не мядзьведзікі?



Франак Вячорка,
шараговец у адстаўцы,
дызэліст-электрык радыёлякацыйнага аддзяленьня радыёлякацыйнага вузла 1052-га асобнага радыётэхнічнага батальёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG