Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто артсядзібаў заўтра


Франак Вячорка
Франак Вячорка

Бэтонная, абсіканая катамі падлога. Падзертыя сьцены. Вэртыкальныя трубы, зь якіх тырчаць цьвікі. Непераадольны смурод закінутага прамысловага памяшканьня. Такой была Арт Сядзіба 7 месяцаў таму, у лістападзе, калі туды ўяжджалі новыя гаспадары – беларуская моладзь.

Так было пасьля першага рамонту
Так было пасьля першага рамонту
Начальству і ў галаву не прыходзіла, што былы вытворчы цэх заводу “Гарызонт”, які рыхтавалі да зносу, стане цэнтрам Беларушчыны.

Арт Сядзіба – гэта экспэрымэнт, як доўга ў Беларусі можа праіcнаваць непалітычная ініцыятыва.

Арт Сядзіба – гэта спроба аднавіць незалежную беларускую прастору, якой калісьці была сядзіба БНФ.

ЯК УСЁ ПАЧЫНАЛАСЯ

Напачатку нас было некалькі чалавек: музыка, актывіст, журналіст і мэнэджэр. Дамовіліся. Не было ніякіх грошай, толькі жаданьне рабіць.

Каб здымаць памяшканьне, трэба зарэгістраваць ўстанову, а перад тым – узгадніць назву з чыноўнікамі. Прапаноўвалі некалькі варыянтаў: “Асьветнік“,“Власт” і “Яська-гаспадар”. Пільныя чыноўнікі нават тут угледзелі палітыку – адмовілі.

Тады, дзеля экспэрымэнту, узялі нэўтральную назву, запоўнілі анкету па-расейску, гаварылі “на чисто русском языке”, і вуаля – усё вырашылася! Зарэгістравалі.

Гушкалкі - неад'емны атрыбут Арт Сядзібы. Фота з Дня Сьвятога Валянціна
Гушкалкі - неад'емны атрыбут Арт Сядзібы. Фота з Дня Сьвятога Валянціна
Шукалі памяшканьне. Першым – паліграфкамбінат Якуба Коласа. Выхад на пляц Коласа, два прасторныя пакоі на першым паверсе. І вось ужо аформлены юрыдычны адрас, замоўленыя будматэрыялы, рыхтуецца рамонт – раптам званок з адміністрацыі, маўляў, памяшканьне ў арэнду больш не здаецца. Кідаюць трубку. Ну далей “вы самі ўсё панімаеце”.

Пасьля тыдняў пошукаў пераехалі ў Гарызонт. Купілі ў ЦУМе дыван, прыбралі сьмецьце. Беларускія стрытарцеры размалявалі сьцены. У калідоры саматугам паклалі лінолеум, які апынуўся ў гары неўтылізаванага сьмецьця. Мэблю прывезьлі сваю з дому, каму што не шкада. Хаця яе ўсё адно не хапала. Нехта прапанаваў на бэльках пад стольлю павесіць гушкалкі. Да працы далучаліся валянтэры.



Пра такіх, як Павал Белавус, кажуць: “мэнэджэр ад Бога”. Ужо празь месяц пасьля адкрыцьця Арт Сядзіба працавала як швэйцарскі гадзіньнік. На кожную сустрэчу ў пакойчык плошчай 50 квадратных мэтраў набівалася ад некалькі дзясяткаў да сотні чалавек. Скідваліся ў скрынку для ахвяраваньняў, з гэтых грошай аплачвалася арэнда.

СОТНЯ ІМПРЭЗАЎ ЗА 7 МЕСЯЦАЎ АРТ СЯДЗІБЫ

Прагляд кінафільмаў у Арт Сядзібе
Прагляд кінафільмаў у Арт Сядзібе
Памятаю, як на Калядны вечар зладзілі паказ фільму “Любоў Насамрэч” (Love Actually) у беларускім дубляжы. Запалілі сьвечкі, а на фандзюшніцы гатавалі глінтвэйн.

Памятаю, была лекцыя Міхала Анемпадыстава пра колеры. Народу – гаць гаці, стаялі ў калідоры. Анемпадыстаў дэманстраваў слайды і выказаў думку, што нацыянальны беларускі колер – не чырвоны і ня белы – а чамусьці шэры. Ох якая была пасьля дыскусія!

Адкрыцьцё. Канцэрт Паліны Паланейчык
Адкрыцьцё. Канцэрт Паліны Паланейчык
Менавіта ў Арт Сядзібе адбылася прэм'ера нелегальнага фільму Андрэя Курэйчыка «Вышэй за неба».

Вось так за 7 месяцаў адбылося больш за 100 мерапрыемстваў. Праз Арт Сядзібу прайшлі тысячы людзей. Многія загаварылі па-беларуску, а некаторыя – нават засьпявалі.

Цяпер Арт Сядзібу высяляюць. 7 месяцаў – такі тэрмін жыцьця адведзены ўладамі незалежнай ініцыятыве.

ЛІЦЭЙ, КУБА І БЕЛАРУСКАЯ ПРАСТОРА

Па атмасфэры і людзях Арт Сядзіба мне нагадвае Коласаўскі ліцэй. Самае галоўнае іх падабенства – яны пашыраюць прастору Беларушчыны. Ліцэй хоць і пазбавілі будынку, але ён працягвае жыць ў выкладніках, ліцэістах, выпускніках. Нехта перакладае фільмы на беларускую, нехта займаецца аднаўленьнем народных сьпеваў, нехта робіць беларускую мапу Прагі, нехта кіруе незалежнай радыёстанцыяй.

На Кубе, дзе толькі што пабываў Лукашэнка, яшчэ 15 гадоў таму зразумелі, што самае важнае – будаваць незалежную прастору. У 1998 стварылі сетку незалежных бібліятэкаў «Las bibliotecas independientes en Cuba». У амаль кожным горадзе, мястэчку, вёсцы ёсьць месца, звычайна гэта жылая кватэра, дзе можна пазычыць забароненыя кніжкі, пагаварыць, там адбываюцца канцэрты, там танчаць, сьпяваюць – карацей кажучы, робяць тое, што забараняе ўлада.

Сотні бібліятэкаў па ўсёй Кубе.

Сотні арт сядзібаў па ўсёй Беларусі.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG