Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя «Граніту» адхрышчваюцца ад палітыкі


Актывісты суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэсы, у якім заяўляюць, што яны не займаюцца палітыкай, а абараняюць свае правы.

У лісьце сьцьвярджаецца: «Апошнім часам у рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі актыўна мусіруюцца чуткі, быццам бы на РУВП „Граніт“ у г. Мікашэвічы дзейнічае нейкая „пятая калёна“ ад апазыцыі і ледзьве не агенты замежных выведак».

Аўтары ліста называюць гэта «гнюснай правакацыяй» некаторых «чыноўнікаў і ілжывых ідэолягаў». «Спроба прадставіць наш прафсаюз як зборышча шпіёнаў і дэструктыўных элемэнтаў — адкрытая дэзінфармацыя, якая мае на мэце ўвесьці ў зман кіраўніцтва краіны», — пішуць рабочыя «Граніту».

Далей у лісьце канстатуецца, што «прыкрываць азадак чыноўніка простымі людзьмі — даўно стала нормай для шматлікіх кіраўнікоў, якія праціраюць свае штаны ў цёплых кабінэтах і мяккіх крэслах і не разумеюць, што адбываецца на нашых прадпрыемствах, што адбываецца ў краіне.

Мы — рабочыя людзі. [...] Мы адстойваем свае працоўныя інтарэсы, у палітычнай дзейнасьці ўдзелу не прымаем».

У сваім лісьце рабочыя «Граніту» тлумачаць, што ўтварыць суполку незалежнага прафсаюзу іх змусіла «хамства начальнікаў, цяжкі матэрыяльны стан і палітыка кіраўніцтва РУВП „Граніт“, якое нахабна абірае працоўных, інжынэраў і служачых нашага прадпрыемства. [...] Масавы выхад зь дзяржаўнага прафсаюзу стаў прамым вынікам яго поўнага бязьдзеяньня ў справе абароны правоў найманых працаўнікоў. Ні для кога не сакрэт, што дзяржаўныя прафсаюзы служаць усяго толькі паслухмяным прыдаткам адміністрацыі і ня больш за тое.

Сутыкнуўшыся з моцным супрацьдзеяньнем у стварэньні нашай прафсаюзнай арганізацыі з боку кіраўніцтва прадпрыемства і дзяржаўных чыноўнікаў, мы задаемся наступнымі пытаньнямі: чаму, жывучы ў дэмакратычнай краіне, мы ня можам рэалізаваць сваё законнае канстытуцыйнае права на прафэсійны саюз? Хто зацікаўлены ў тым, каб адміністрацыя беларускіх прадпрыемстваў і надалей заставалася абсалютна бескантрольнай перад працоўнымі калектывамі? Каму выгадна мэтанакіравана дыскрэдытаваць дзяржаву і кіраўніцтва краіны перад працоўнымі Беларусі і ўсясьветнай супольнасьцю?»

Далей у лісьце рабочыя «Граніту» парыруюць выказваньне начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Менаблвыканкаму Руслана Трухана, які раскрытыкаваў афіцыйную фэдэрацыю прафсаюзаў за тое, што на «Беларуськаліі» больш за 4,5 тысячы чалавек — сябры незалежнага прафсаюзу, а не ФПБ. Рабочыя «Граніту» пішуць:

«Можа, гэта і ёсьць тая „сацыяльная справядлівасьць“, за якую так выступае малады бюракрат-ідэоляг Руслан Трухан, які называе абарону правоў працоўных „дэструктыўным узьдзеяньнем“, а сам ня мае і малога ўяўленьня, што такое рабочая і сялянская праца. Што ўвогуле могуць ведаць чыноўнікі пра жыцьцё простага чалавека, адгарадзіўшыся ад яго высокімі платамі сваіх катэджаў (на некаторыя сумленна не зарабіць і за дзясятак жыцьцяў), шыкоўнымі танаванымі іншамаркамі, аховай і сакратаркамі?»

У звароце патрабуецца ад чыноўнікаў і ідэолягаў перастаць «уводзіць у зман кіраўніцтва краіны. Не працоўныя вінаватыя ў тым, што адбываецца на нашай вытворчасьці, і ня нейкія там „пятыя калёны“, агенты і шпіёны. Прычына ўсяму зразумелая — толькі кіраўніцтва прадпрыемстваў у адказе за тое, што яно чыніць і што сабе дазваляе».

Напрыканцы ліста актывісты «гранітаўскага» незалежнага прафсаюзу зьвяртаюцца да працоўных зь лёзунгамі, сэнс якіх зводзіцца да заклікаў не цярпець «самаўпраўства тых, хто зьдзекуецца з рабочага чалавека». Рабочыя «Граніту» дзякуюць незалежным прафсаюзам Беларусі, а таксама шматлікім міжнародным прафсаюзным арганізацыям, якія выступілі ў іх падтрымку.

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць) напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск з боку адміністрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG