Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэве тэма «Граніта» пакуль адкладзеная


Першае паседжаньне Камітэту па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы ў Жэнэве, на якім 4 чэрвеня сярод іншых пытаньняў зьбіраліся абмеркаваць і сытуацыю на мікашэвіцкім «Граніце», перарвалася і пакуль не ўзнаўляецца.

Намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч паведаміў «Свабодзе», што паколькі з-за працэдурных пытаньняў разгарнулася спрэчка, да Беларусі справа пакуль не дайшла:

«Я толькі што зьвязваўся з Жэнэвай і маю ўсю інфармацыю. Працадаўцы з многіх краінаў сьвету, якіх запрасілі на гэта паседжаньне, дэманстратыўна пакінулі залю. У выніку парадак дня пасяджэньняў дагэтуль не зацьверджаны.

Я хачу падкрэсьліць, што размова ідзе не пра беларускіх працадаўцаў, а менавіта пра ўсіх, хто сюды запрошаны. Справа ў тым, што на такіх пасяджэньнях заўсёды прысутнічаюць тры бакі: прафсаюзы, урадоўцы і працадаўцы. Дык вось, апошнія спаслаліся на тое, што зь імі не ўзгаднілі папярэдне некаторыя пытаньні. Зараз ідуць перамовы, што рабіць далей».

Пры разглядзе беларускага пытаньня галоўнай павінна была стаць сытуацыя на вытворчым аб’яднаньні «Граніт» у Мікашэвічах. Адміністрацыя гэтага прадпрыемства доўгі час перашкаджае рэгістрацыі першаснай суполкі незалежных прафсаюзаў, звольніла з працы яе кіраўніка Алега Стахаевіча ды некаторых іншых актывістаў.

У 2007 годзе за парушэньні правоў прафсаюзаў Эўразьвяз прыпыніў для Беларусі рэжым гандлёвых прэфэрэнцыяў. Гэта павысіла на 3% экспартнае мыта для беларускіх тавараў. Каб вярнуць прэфэрэнцыі, беларускія ўлады павінны выканаць 12 рэкамэндацыяў МАП. У прыватнасьці, яны павінны даць незалежным прафсаюзам магчымасьць рэгістраваць свае першасныя арганізацыі, даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі, спыніць перасьлед грамадзянаў па прафсаюзнай прыналежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG