Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм «У тумане» вачыма беларуса


Рэклямны буклет фільму "У тумане", прадстаўлены на Канскім кінафэстывалі 2012
Рэклямны буклет фільму "У тумане", прадстаўлены на Канскім кінафэстывалі 2012

Ці фільм Сяргея Лазьніцы можна назваць беларускім? Як успрыняла фільм канская публіка? Чаму Лазьніца здымаў фільм па-расейску? Піша стыпэндыят Вацлава Гаўла на Радыё Свабода Франак Вячорка, які прысутнічаў на прэм'ерным паказе.

Чарга на прэм’ерны паказ «У тумане» у Канах расьцягнулася ажно да знакамітай чырвонай дарожкі, на паўтары сотні мэтраў. Як на Камароўцы. Шмат расейскамоўных журналістаў з правільным маскоўскім акцэнтам (і адкуль іх столькі?), украінцы, немцы, зусім мала французаў. У кожнага ў руках — буклецік фільму «Ў тумане».

Некалькі чалавек хадзілі паўз чаргу з картоннымі шыльдачкамі «Wanted! Invitation „V tumane“ please». Каб трапіць на паказ, трэба мець журналісцкую акрэдытацыю альбо адмысловае запрашэньне. Так ці інакш, заля на 1000 чалавек была запоўненая.

Побач сядзелі некалькі чалавек усходнеазіяцкага аблічча, пасьля кожнай сцэны у сшытку зь ліхтарыкам нешта канспэктавалі. Адзін зь іх пасярод фільму выйшаў. Але ўвогуле публіка глядзела вельмі ўважліва. У параўнаньні зь іншымі фільмамі бальшыня дасядзела да канца.

Гэта фільм не пра вайну

Журналісты ўспрынялі фільм па-рознаму. «Мала відовішча, сумна» — чуў я ад расейскіх тэлевізійнікаў у фае пасьля паказу. Магчыма, яны, як і многія, хто не чытаў Быкава, чакалі фільм «пра вайну»: з самалётамі, бамбёжкамі й героямі-партызанамі. У фільме Лазьніцы гэтага няма. У ім увогуле няма вайны.

У фільме няма сутыкненьня зь непасрэдным ворагам, няма фашыстаў, няма баявых дзеяньняў. Паліцаі паказаныя нягеглымі, часам камічнымі. Відаць, што мясцовыя, тутэйшыя, якія хутка прыстасаваліся да новага рэжыму. Цікава, што беларускіх паліцаяў сыгралі зоркі расейскага кіно: Барыс Каморзін, Міхаіл Яўланаў і іншыя.

Увогуле, Лазьніца не насьмеліўся правіць быкаўскія дыялёгі. Хіба што ў некалькіх месцах не супадаюць, трошкі спрошчаныя. На жаль, пры перакладзе шмат губляецца. У фільме дыялёгі па-расейску, гучаць штучна («Значит, будешь Григорий Сущеня» — ну хіба гэта Быкаў?). А ангельскія субтытры і наагул прымітывізуюць гісторыю, пераводзячы яе ў асабістую трагедыю асобных людзей.

Але тут пытаньне ў іншым: на каго фільм разьлічаны? На замежнага гледача, на беларуса, на расейца? Не чытаўшы Быкава, ня ведаючы гісторыі Беларусі, асаблівасьцяў беларускага нацыянальнага характару, цяжка зразумець сутнасьць трагедыі, якая выходзіць далёка па-за межы прыватнага чалавека.

На жаль, для бальшыні гэты фільм, напэўна, так і застанецца фільмам «пра вайну».

Сушчэня як тыповы беларус

Чыгуначная станцыя Багавізна. Невялікая прывакзальная плошча. На вяроўках сушацца драныя штаны й кашулі. Разьбіты хлеў. На сьценах плякаты «Чырвоныя партызаны нясуць вам сьмерць». Нямецкі жаўнер заляцаецца да дзяўчыны. Удалечыні мычыць карова. Паліцаі вядуць чатырох мужчынаў на шыбеніцу. Мясцовыя маўкліва адводзяць вочы. З дынамікаў беларусам апавядаюць пра неабходнасьць супрацы з рэжымам і пра посьпехі ў эканоміцы. Разоў пяць узгадваюцца словы «беларусы» і «Беларусь».

Так пачынаецца фільм.

1942. Нямецкая акупацыя. Партызаны Бураў і Войцік едуць забіць «здрадніка» Сушчэню. Сушчэня працаваў на чыгунцы, ягоныя паплечнікі зладзілі дывэрсію. Сам ён адмовіўся ўдзельнічаць, маўляў, могуць пацярпець невінаватыя. Хлапцоў павесілі, а Сушчэню пасьля няўдалай спробы завэрбаваць — адпусьцілі. Партызаны перакананыя, што Сушчэня — таемны агент, што ён данёс на сяброў. Яго зрабілі ізгоем, ён гатовы прыняць сьмерць. Выкапаў магілу, найлепшы сябра стаіць над ім, каб застрэліць. Аднак абставіны мяняюцца, нечаканы патруль паліцыі. Сушчэня жывы, а яго кат — гіне. Падобнае адбываецца і з Войцікам. Сушчэня разумее, што цяпер і гэтыя дзьве сьмерці на ягоным сумленьні.



Пачатак фільму. Арыштаваных дывэрсантаў вядуць на пакараньне.
Пачатак фільму. Арыштаваных дывэрсантаў вядуць на пакараньне.


Фільм мае лінейную апавядальную структуру зь пераскокамі ў часе. Канфлікт разгортваецца вакол трох галоўных пэрсанажаў, кожны зь якіх — тыпаж. Сушчэня — сьведамы, безабаронны, пакутнік, «ахвярны казёл». У Быкава: «Сушчэня змалку ведаў за сабой адну недарэчную рысу ў характары — будучы пакрыўджаным, ён траціў натуральную здольнасць скардзіцца, пратэставаць, мог толькі заплакаць, зацяцца, адасобіцца ад людзей, забіцца ў які катух». Адным словам — беларус…

Быкаўскія героі Бураў і Войцік едуць на заданьне - забіць "здрадніка" Сушчэню
Быкаўскія героі Бураў і Войцік едуць на заданьне - забіць "здрадніка" Сушчэню


Бураў — вагаецца, але верыць у тое, што робіць. Пайшоў у савецкія партызаны з пачуцьця помсты. А вось Войцік — тыповы «савок», абыякавы, безадказны, думае толькі пра ўласную бясьпеку. Такія вось Войцікі цяпер кіруюць краінай, іхная любімая фраза: «Ну вы самі ўсё панімаеце».

Фільм пра Беларусь і беларусаў

У фільме гучаць назвы беларускіх вёсак (Бабічы), маці Бурава — у беларускай вышыванцы.

У першай жа сцэне фільму разоў пяць гучыць слова «Беларусь». Прынамсі глядач цяпер ведае, што ёсьць такая краіна.

З рупару гучыць брыдкі голас а-ля БТ з заклікамі да супрацы зь нямецкім рэжымам. Асабіста мне прыгадаліся міліцэйскія рэтрансьлятары падчас апазыцыйных шэсьцяў: «Ваш митинг несанкционирован…» Такія вось дробныя алюзіі не пакідалі цягам дзьвюх гадзінаў і сямі хвілінаў. Гэтулькі доўжыцца стужка.

Асобная ўвага да сцэны вярбоўкі Сушчэні. Спачатку яго трымаюць у турме пэўную колькасьць дзён, катуюць, жорстка зьбіваюць. Пасьля сяброў на шыбеніцу, а Сушчэню — да начальніка мясцовай службы бясьпекі (СД) доктара Гросмаера. Тут адбываецца спроба вярбоўкі:

Допыт у начальніка мясцовай Службы бясьпекі нагадаў допыт у КДБ
Допыт у начальніка мясцовай Службы бясьпекі нагадаў допыт у КДБ
«Сядай. Давай пагаворым як сябры, па душах. Гляджу, ты чалавек палажыцельны. Палажыцельны, да, і мы цябе выручым. Заўтра ўсіх вашых павесім, а табе даруем жыццё. Толькі… Толькі ты павінен даць падпіску аб супрацоўніцтве… Сакрэтным супрацоўніцтве. Мы табе зладзім уцёкі, ты перабяжыш да сваіх. І мы будзем з табой трымаць сувязь. Сакрэтна, разумеецца».

У мяне ўваччу стаялі Акрэсьціна, амэрыканка, плошча-2010, Саньнікаў-Статкевіч, катаваньні. Можа, для Лазьніцы гэта і незнарок, але вуснамі Гросмаера прамаўляў афіцэр лукашэнкаўскага КГБ. Ажно дрыжыкі па целе. На Захадзе гэтага, напэўна, не зразумеюць.


Ці можна сказаць, што «Ў тумане» — беларускі фільм?

Можна. Хоць Лазьніца, абачліва азіраючыся на нямецкага прадусара, адмаўляе беларускасьць фільму, аднак Быкава ў ім не схаваеш. Далібог. Ён у кожнай сцэне, дыялёгу, слове, позірку і нават хлюпаньні балота. Перад праглядам фільму перачытайце арыгінал, каб пераканацца, наколькі глыбока й далікатна прапісаныя ў Быкава героі, прырода, кожная сцэна.

Сяргей Лазьніца народжаны ў Беларусі, размаўляе зь беларускім акцэнтам. Сябруе зь беларусамі. Аднойчы Лазьніца сказаў свайму сябру беларускаму кінарэжысэру Віктару Асьлюку: «Ты — Сушчэня. З Быкава, з аповесьці „У тумане“. Быў бы маладзейшы, я цябе здымаў бы ў галоўнай ролі».

Сваім фільмам Сяргей Лазьніца спрабуе намацаць беларускі нацыянальны характар. І фільм атрымаўся такі ж глыбокі, як і твор Васіля Быкава.

Сяргей Навумчык быў блізка знаёмы з Быкавым, напісаў у сваім фэйсбуку: «Рэжысэр экранізацыі „У тумане“ назваў фільм „нямецка-аўстрыйскім“. Але сам быкаўскі твор — беларускі. Менавіта ў ім Быкаў працягнуў выяўленьне нейкіх адметных рысаў нацыянальнага характару, беларускага сьветаадчуваньня, якое ўразіла яшчэ ў „Знаку бяды“. І гэтая „беларускасьць“ не перашкодзіла, а дапамагла генію Быкава выйсьці на агульначалавечыя, па-за часавыя катэгорыі, мастацкія і філязофскія».

Быкаў пры жыцьці пісаў, што ніводная савецкая (расейская) экранізацыя ягоных твораў не была ўдалая (выключэнне — паводле матываў «Сотнікава» Л. Шапіцькі). Думаю, Быкаў застаўся б задаволены гэтай экранізацыяй.

Чаму Лазьніца вырашыў здымаць па-расейску?

У камэнтары на сайце Радыё Свабода Аляксандар Краўцэвіч з Горадні адзначыў: «Творы Быкава вельмі беларускія па духу, але калі на экране беларусы будуць гаварыць па-расейску — амаль пэўна зьнікне беларускі дух і быкаўская непаўторная геніяльная інтанацыя».

Я прынцыпова на прэсавай канфэрэнцыі (а там былі журналісты ад Токія да Сан-Францыска) задаў пытаньне па-беларуску. Сяргей Лазьніца зразумеў усё да апошняга слова, аднак адказваў па-расейску.



Магчыма, расейская мова была кампрамісам для прадусараў і для міжнародный здымачнай групы?

Але ж нішто не замінае зрабіць падсынхронны пераклад на беларускую мову. Гэта толькі ўзмоцніць фільм.

Чаму ў фільме няма музыкі?

Аўтары фільмаў на чырвоную дарожку выходзяць пад музыку з сваіх фільмаў. Музыка «Ў тумане» — гэта шум лесу, рыканьне кароваў, шапаценьне травы, цурчаньне вады. Лазьніца не разгубіўся і прапанаваў Касю Камоцкую. Яшчэ адзін пункт на карысьць «беларускасьці» фільму.



Калі б у Канах была намінацыя «За найлепшы гук», яе атрымаў бы беларускі гукарэжысэр Уладзімір Галаўніцкі («Шчасьце маё», «Блякада», «Як я провёў гэтым летам»). Паводле Лазьніцы, 90% гуку — direct sound, запісаны на здымачным пляне. Агулам праца над гукам заняла тры месяцы. Гук у фільме бездакорнай якасьці, і гэта адзначылі ўсе журналісты, з кім удалося пагаварыць.

Бальшыня сцэнаў зьнятыя доўгім плянам

Бальшыня сцэнаў у фільме зьнятыя «доўгім плянам» — бесьперапынным кадрам, які цягнецца даўжэй за звычайны. Па тры, пяць і нават 10 хвілінаў. Гэта стварае драматычны эфэкт і ўзмацняе апавяданьне. Асабліва моцная першая сцэна фільму, калі Сушчэню з дывэрсантами вядуць на пакараньне.



«Два месяцы рэпэтавалі, — распавядае Уладзімір Сьвірскі (Сушчэня). — Бывала, здымалі 12 хвілінную сцэну адным плянам. Усё ішло добра. А потым на 8-ай хвіліне — нешта, нейкае слова ня так, і ўсё. Трэба пачынаць спачатку».

Сам Лазьніца на прэсавай канфэрэнцыі паскардзіўся, што самае складанае было — выбіваць з актораў тэатральнасьць. Маўляў, трэба было з герояў зрабіць звычайных людзей, якія гавораць звычайнаю моваю.

Сьвірскі заслугоўваў «Найлепшай мужчынскай ролі»

Фільм «У тумане» быў уганараваны прызам міжнароднай фэдэрацыяй кінакрытыкі FIPRESCI. Узнагародаў асноўнага конкурсу ён ня ўзяў. Бюджэт карціны у 5–10 разоў саступае іншым фільмам, прадстаўленым у конкурсе. Там зорныя імёны, дэкарацыі. Рэжысэрскага таленту для добрага кіно мала.

Да апошняга грэла надзея, што Уладзіміра Сьвірскага (Сушчэня) уганаруюць за «найлепшую мужчынскую ролю», ён яе заслугоўваў. Аднак прыз дастаўся данскаму актору Мадсу Мікельсану за «Паляваньне» («Jagten»).



Дарэчы, фільм «Паляваньне» называюць «двайніком» «У тумане». Падобная да быкаўскай сытуацыя «безь віны вінаватага». У данскім мястэчку выхавальніка дзіцячага садка абвінавачваюць у пэдафіліі. 5-гадовая дзяўчынка вырашыла пажартаваць. Ад яго адвярнуліся сябры, сям’я, уся вёска. Аднак ён годна праходзіць праз выпрабаваньні, урэшце даказваючы невінаватасьць. У Быкава ўсё заканчваецца больш трагічна.

Ці пакажуць па БТ?

Сумняюся, што яго пакажуць па лукашэнкаўскіх каналах. Гэты фільм ня ўпісваецца ў афіцыйную дактрыну, нягледзячы на тое, што грошы часткова выдаткаваў «Беларусьфільм». Мала таго што зьняты паводле ненавіснага Лукашэнку Быкава, ды надта шмат у ім намёкаў на сучаснасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG